Абноўлена, 14:20: Арганізатары мітынгу-канцэрту ў Кіеўскім сквэры абвясьцілі рэквізыты збору грошай на імпрэзу.
Сузаснавальнік Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, адзін з арганізатараў канцэрту на Дзень Волі ў Кіеўскім сквэры Менску, заявіў, што не прэтэндуе на грошы, раней сабраныя на сьвяткаваньне 101-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці БНР.
Рымашэўскі: «Горадня не замена Менску»
Палітык запісаў відэаролік, адрасаваны людзям, якія «нэрвова рэагуюць» на фармат адзначэньня Дня Волі ў Менску. І пералічыў, каго мае на ўвазе — Паўла Белавуса, Эдуарда Пальчыса, Антона Матольку, якія вырашылі перадаць сродкі на канцэрт у Горадні, — там улады раней далі дазвол на сьвяточныя імпрэзы.
«Узьнікла нэрвовая рэакцыя адносна „замаху“ на сродкі, — сказаў Віталь Рымашэўскі. — Хлопцы зьбіралі грошы на сьвяткаваньне ў Менску, але вырашылі перанесьці сьвята ў Горадню. Упершыню за 30 гадоў у сталіцы ўзьнікла небясьпека застацца бяз Дня Волі, бо Горадня не замена Менску. Таму нам давялося ўзяць на сябе адказнасьць і арганізаваць сьвята для тых, хто ня зможа туды даехаць».
19 сакавіка лідэр руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч заявіў, што выдаткі на арганізацыю канцэрту ў Кіеўскім сквэры складуць у эквіваленце 5 тысяч даляраў — гэта аплата паслуг міліцыі, лекараў, ратавальнікаў і г.д. На адных толькі міліцыянтаў пойдзе 1,5 тысячы даляраў. Палітык палічыў, што сабраных раней сродкаў павінна акурат хапіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску на Дзень Волі заплянавалі канцэрт у Кіеўскім сквэры. Ёсьць дазвол уладаўАднак актывісты грамадзянскай кампаніі #БНР101 далі зразумець, што менскі канцэрт у іхныя фінансавыя пляны не ўваходзіць.
«Хачу падкрэсьліць: мы не прэтэндуем на іхныя грошы, хоць сябры нашых структур таксама актыўна далучыліся да ахвяраваньняў. Няхай гэтыя сродкі будуць патрачаныя на Горадню. У Менску мы абыдземся бязь іх, хоць, натуральна, таксама спадзяёмся на народную падтрымку», — адзначыў Віталь Рымашэўскі.
Паводле яго, часткова неабходную суму сабралі сябры чатырох палітычных структур, задзейнічаных у падрыхтоўцы імпрэзы — АГП, БСДП, БХД і руху «За свабоду». Але грошай усё роўна не хапае, таму яны зьбіраюцца абвясьціць збор сродкаў.
Таксама арганізатары праводзяць набор валянтэраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, хто выступіць на канцэрце #БНР101 у Менску ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На #БНР101 у Менску будзе канцэрт і ўрачысты прыём. А шэсьці і мітынгі?
Белавус: «Ні ад кога ня чуў, што ён супраць Горадні»
У сваю чаргу «фронтмэны» кампаніі #БНР101 у складзе Паўла Белавуса, Эдуарда Пальчыса і Антона Матолькі пацьвярджаюць, што ўсе сабраныя раней грошы будуць накіраваныя на арганізацыю канцэрту ў Горадні. Пры гэтым выказваюць спадзяваньне, што будзе добра, калі годна пройдуць абедзьве імпрэзы.
«Што тычыцца сродкаў, у Горадні мы запускаем вялікую рэклямную кампанію, ставім добрую сцэну, вязём якасны гук — каб узровень быў ня горшы за леташні канцэрт у Менску, — сказаў арганізатар збору сродкаў Павал Белавус. — Сабрана крыху больш за 10 тысяч даляраў, а па факце, каб закрыць усе выдаткі, патрэбна каля 15 тысяч».
Паводле Паўла Белавуса, у сувязі з гэтым працягваецца кампанія праз розныя пляцоўкі — «Талаку», «Фэйсбук»; абяцаюць падключыцца горадзенскія актывісты, якія займаюцца арганізацыяй сьвяткаваньня на месцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму галоўны канцэрт #БНР101 перанесьлі зь Менску ў Горадню? Белавус і Пальчыс растлумачылі па пунктах«Калі я ініцыяваў збор сродкаў, у апісаньні мы разглядалі шэраг варыянтаў і адмыслова акцэнтавалі: канчатковае рашэньне — на што накіраваць грошы — будзе прынятае ў залежнасьці ад таго, як будуць ісьці перамовы з уладамі. Так узьнікла ідэя з Горадняй. І ад людзей, якія зьбіралі грошы, а гэта больш за 500 чалавек, я ні ад кога яшчэ ня чуў нараканьняў — маўляў, вярніце грошы, мы супраць Горадні», — падсумаваў Павал Белавус.
Ён дадаў, што горадзенскія актывісты падпісалі дамовы з праваахоўнымі органамі і камунальнымі арганізацыямі, а пачынаючы ад 20 сакавіка стартуе рэклямная кампанія на афішных тумбах па ўсім горадзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Горадні дазволілі сьвяткаваць #БНР101. Будуць мітынг, канцэрт і дзіцячыя пляцоўкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто сьпяе на #БНР101? Анансавалі склад выступоўцаў на канцэрце ў Горадні 23 сакавіка ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як даехаць на #БНР101 зь Менску ў ГораднюШто важна ведаць пра Дзень Волі-2019
- 1 сакавіка — Аляксандар Лукашэнка вусна забараніў сьвяткаваць Дзень Волі канцэртам на стадыёне «Дынама», як таго хацелі арганізатары #БНР100 — кажа: «Ідзіце на Бангалёр».
- 23 сакавіка ў Горадні — канцэрт у Калоскім парку з удзелам Зьмітра Вайцюшкевіча, Лявона Вольскага, гуртоў Nizkiz, «Крама», «Дай дарогу!» і Dzieciuki. Ад 3 да 5 тысяч гледачоў.
- 23–24 сакавіка — акцыі беларусаў у Варшаве, Вільні, Кіеве, Нью-Ёрку, Празе ды іншых гарадах.
- 24 сакавіка ў Менску — мітынг-канцэрт у Кіеўскім сквэры з удзелам «Дай дарогу», N.R.M., «Разьбітага сэрца пацана» ды іншых. Ад 1500 (паводле міліцыі) да 5–7 тысячаў (паводле арганізатараў) гледачоў. Затрыманыя Натальля Басалыга-Гарачка і Зьміцер Дашкевіч.
- 25 сакавіка ў Гомлі — акцыя памяці герояў БНР.
- 25 сакавіка ў Віцебску — адзіночны пікет Барыса Хамайды, які расцанілі як «парушэньне парадку ўтрыманьня населеных пунктаў».
- 25 сакавіка ў розных гарадах — людзі вывешвалі бел-чырвона-белыя сьцягі на заклік арганізатараў #БНР101, уладам не спадабалася.
- 25 сакавіка ў Менску на Кастрычніцкай плошчы — акцыя Алены Талстой (прыкавала сябе да слупа), затрыманьні палітыкаў і мінакоў. Праз тры гадзіны вызваленыя ўсе, акрамя Талстой, пратаколаў аб парушэньнях не складалі.
- 25 сакавіка ў Менску на пешаходных вуліцах — затрыманьні музыкаў (Аракелян, Вайцюшкевіч, Варашкевіч і Вольскі), якія анансавалі, што зьбіраюцца прагуляцца і ўзяць з сабой музычныя інструмэнты. Пасьля затрыманьня дзясяткі людзей сьпявалі хорам песьні Вольскага, міліцыя пагражала затрыманьнямі і гвалтам. Праз тры гадзіны музыкі вызваленыя.
- 25 сакавіка ў розных гарадах — салюты ў гонар Дня Волі.
Што яшчэ пачытаць, паслухаць, паглядзець пра БНР
- Праект Сяргея Шупы «Падарожжа ў БНР» (тэкст + аўдыёпадкасты) і аднайменная кніга (PDF)
- 10 малавядомых месцаў на мапе Беларусі, зьвязаных з БНР
- Беларускае «Слова 2018 году» — БНР
- Дзень Волі — 2018 стаў самым масавым у 21 стагодзьдзі. ІНФАГРАФІКА