Паводле вынікаў за 2018 год, гандаль паслугамі паміж Аўстрыяй і Беларусьсю даў у грашовым эквіваленце больш прыбытку абедзьвюм краінам, чым іх жа гандаль таварамі. Такую інфармацыю агучыў 19 сакавіка намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Алег Краўчанка на пасяджэньні беларуска-аўстрыйскай міжурадавай камісіі гандлёва-эканамічнай супрацы ў Менску.
Экспэрт: гэта вельмі нязначныя лічбы
Кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук тлумачыць, што перавага гандлю паслугамі над таварамі — гэта добра. Добра таму, што гэта адзін з важных паказьнікаў сучаснай эканомікі. Напрыклад, у валавым унутраным прадукце ЗША паслугі складаюць болей за 80%.
Што ж да Аўстрыі і Беларусі, то тут найперш ідзецца пра тэлекамуніцыйныя, транспартныя, ІТ-паслугі.
Але экспэрт падкрэсьлівае, што тэарэтычныя палажэньні трэба ўдакладняць рэальнымі лічбамі.
«Беларусь экспартавала ў Аўстрыю летась тавараў на 28,4 мільёна даляраў. А агульны беларускі экспарт ва ўвесь сьвет склаў 15 мільярдаў даляраў. Так што Аўстрыя для нас як кропля ў моры. Аўстрыйцы прадалі нам тавараў на 143 мільёны. Атрымліваецца, што мы тут у вялікім мінусе», — сказаў Раманчук.
Менска-венскія летуценьнікі
І яшчэ адной навіной падзяліўся з журналістамі Алег Краўчанка.
«Сёньня мы сышліся на тым, што бізнэс-супольнасьці абедзьвюх краін выступаюць за вяртаньне да ідэі стварэньня агульнай эканамічнай прасторы ад Лісабону да Ўладзівастоку», — заявіў намесьнік міністра.
Фактычна размова ідзе пра эканамічную супрацу на прасторы Эўразійскага эканамічнага саюзу і Эўрапейскага зьвязу. Праўда, спадар Краўчанка адразу ж агаварыўся, што «бакі бачаць, якая палітычная сытуацыя складваецца ў рэгіёне, і разумеюць, што рэалізацыя гэтай ідэі пакуль выглядае маларэалістычнай».
Палітоляг Андрэй Фёдараў называе такую заявай «марай летуценьнікаў».
«Цяпер гэта абсалютна нерэальная ідэя. Нават у значна лепшых палітычных варунках гэта было б цяжка зрабіць. У гэтых дзьвюх міжнародных арганізацыяў занадта розныя падыходы. А цяпер, калі Расея, так званы лякаматыў Эўразійскага эканамічнага саюзу, знаходзіцца ў вострай канфрантацыі фактычна з усім Эўразьвязам, я не магу сабе такога ўявіць», — канстатуе палітоляг.
Сёньня ж у Менску таксама адбылося пасяджэньне аўстрыйска-беларускай дзелавой рады. Бізнэсоўцы дзьвюх краін абмеркавалі магчымасьць супольных праектаў у харчовай прамысловасьці і энэргетыцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Магчыма, ён застанецца фактычным кіраўніком. Экспэрты пра адстаўку Назарбаева