Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Японія дапамагла беларускім чарнобыльцам на 3,7 мільёна даляраў


Часовы павераны ў справах Японіі ў Беларусі Хірокі Такунага
Часовы павераны ў справах Японіі ў Беларусі Хірокі Такунага

Японія за 15 гадоў дзеяньня праграмы дапамогі чарнобыльскім раёнам Беларусі ажыцьцявіла 45 праектаў на суму 3,7 мільёна даляраў.

Часовы павераны ў справах Японіі ў Беларусі Хірокі Такунага распавёў пра вынікі праграмы дапамогі Беларусі пад назвай «Карані травы», якая ажыцьцяўляецца з 2004 году.

«Карані травы» — грантавая праграма дапамогі для праектаў у галіне бясьпекі чалавека ў Рэспубліцы Беларусь. Мэта гэтай праграмы, якая ажыцьцяўляецца пад лёзунгам «Ад народу Японіі», — дапамога людзям, якія пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы і яе наступстваў. За 15 гадоў у рамках праграмы было рэалізавана 45 праектаў, зь іх найбольш (28) — у Гомельскай вобласьці.

Сярод іншага, Японія ў рамках гэтай праграмы паставіла ў Беларусь больш за 200 адзінак мэдычнага абсталяваньня, прыборы для ультрагукавога дасьледаваньня, інвалідныя каляскі.

Таваразварот Японіі і Беларусі склаў 102 мільёны даляраў

Паводле кіраўніка амбасады Японіі, таваразварот паміж дзьвюма краінамі ў 2018 годзе склаў 102 мільёны даляраў, прычым у роўнай прапорцыі. Японцы пастаўляюць на беларускі рынак найперш запчасткі і шыны для аўтамабіляў. Беларусы адпраўляюць у Японію найперш калійныя ўгнаеньні.

Спадар Такунага ўпэўнены, што аб’ёмы гандлю будуць нарастаць.

«Летась вашу краіну наведала болей прадстаўнікоў нашых бізнэс-структураў, чым за папярэднія некалькі гадоў агулам. Яны на ўласныя вочы ацанілі інвэстыцыйны клімат Беларусі. Патэнцыял у гэтай справе даволі высокі», — адзначыў дыплямат.

Хірокі Такунага падкрэсьліў, што абедзьве краіны зрабілі захады дзеля спрашчэньня візавага рэжыму. Атрымаць японскую візу беларусам стала прасьцей. А грамадзяне Японіі карыстаюцца беларускім «бязьвізам». Таму летась, калі параўноўваць з 2017 годам, колькасьць японскіх наведвальнікаў павялічылася ў паўтара раза. Але колькасьць турыстаў пакуль не дасягае нават адной тысячы чалавек з кожнага боку.

Японія зьбіраецца падвысіць дыпляматычны статус у Беларусі

«Я знаходжуся ў Беларусі ў статусе часовага паверанага. А наш амбасадар у Маскве зьяўляецца па сумяшчальніцтве і амбасадарам у Беларусі. Аднак летам мы чакаем у Менску паўнавартаснага амбасадара. Мы маем намер яшчэ болей актывізаваць працу амбасады ў новым статусе па ўсіх кірунках», — заявіў Хірокі Такунага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG