Грамадзкае аб’яднаньне «Гендэрныя пэрспэктывы» апублікавала вынікі дасьледаваньня дыскрымінацыі беларусаў паводле зьнешняга выгляду на працоўных месцах.
Гэтае дасьледаваньне было часткай большага (PDF) — аб розных відах дыскрымінацыі на працы. Так, дасьледчыкі сьцьвярджаюць, што 85% рэспандэнтаў (89,6% жанчынаў і 80,4% мужчынаў) сутыкаюцца зь нейкай формай дыскрымінацыі: мужчыны найчасьцей паводле ўзросту, жанчыны — праз ролю маці і жонкі. А 18,8% (23% жанчынаў і 14,6% мужчынаў) нават перажылі парушэньне сэксуальнай недатыкальнасьці на працы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не бяруць на працу 20-гадовых, ня хочуць наймаць пасьля сарака. Асаблівасьці эйджызму ў БеларусіШто даведаліся пра дыскрымінацыю паводле выгляду
Дасьледаваньне ня тычылася абмежаваньняў, абумоўленых родам дзейнасьці, як то халатаў для лекараў ці кухараў. Дасьледчыкаў цікавілі не абгрунтаваныя ніякай неабходнасьцю дрэс-код і іншыя патрабаваньні, уведзеныя толькі праз жаданьне працадаўцы. Да такога адносяць, напрыклад, патрабаваньне ад мужчынаў насіць гальштук і ад жанчынаў хадзіць на высокіх абцасах — насіць прадметы, які ніяк або нэгатыўна ўплываюць на эфэктыўнасьць выкананьня працоўных задачаў.
Высьветлілася:
- 27,1% апытаных жанчынаў і 28,6% мужчынаў сутыкаліся зь неабгрунтаванымі патрабаваньнямі да выгляду;
- мужчыны найчасьцей (13,9%) сутыкаліся з патрабаваньнем насіць строгі гарнітур незалежна ад надвор’я і кантакту з кліентамі і забаронай на вусы і бароды (7,4%);
- таксама мужчынам забараняюць мець доўгія валасы (6,4%), насіць пірсынг (5,4%) і мець татуіроўкі (3,8%);
- ад жанчынаў найчасьцей патрабавалі насіць спадніцы ці сукенкі (9,4%) і ня мець татуіровак (7,7%);
- жанчынам таксама забараняюць насіць пірсынг (6%), патрабуюць абавязковы макіяж ці манікюр (5,4%) і абутак на абцасах (4,9%);
- 0,9% апытаных жанчынаў сказалі, што ад іх патрабуюць насіць «сэксуальнае» адзеньне;
- найчасьцей з абмежаваньнямі выгляду сутыкаюцца працаўнікі сілавых структураў (85,7%), транспарту (70%), дзяржаўнага і бюджэтнага сэктару (60% і 52,5%), сфэры паслугаў (50%) і нават IT (40%);
- зьмірыліся з гэтым 62,2% рэспандэнтаў — 68,5% жанчынаў і 56% мужчынаў;
- яшчэ 20,1% хацелі б адстойваць свае правы, але не рэалізавалі намераў, а нешта зрабілі ў змаганьні за правы толькі 17,7%.
Што ў гэтым такога
«Дрэс-код як абавязковае патрабаваньне можа станавіцца рычагом ціску на супрацоўніка, у тым ліку і прамой дыскрымінацыі, — пішуць дасьледчыкі. — Самая распаўсюджаная сытуацыя — прымусовая дэманстрацыя сэксуальных якасьцей праз дрэс-код, часьцей за ўсё зь ёй сутыкаюцца жанчыны.
Патрабаваньне працадаўцы „мець прыемную і зьнешнасьць, якая выклікае прыхільнасьць“ часта азначае зусім ня ўменьне адкрыта ўсьміхацца, а менавіта неабходнасьць прад'яўляць кліентам кампаніі сэксуальна акцэнтаваныя якасьці сваёй зьнешнасьці. Прафэсійныя ж навыкі нярэдка адыходзяць на другі плян.
Зваротная сытуацыя — забарона на стварэньне вобразу, які вылучаецца з агульнай масы супрацоўнікаў. Напрыклад, крэатыўныя прычоскі, нестандартны колер валасоў, яскравы манікюр ці ўпрыгожваньні. Усё гэта нярэдка становіцца прычынай для працоўных канфліктаў, адмовы ў прыёме на працу ці дыскрымінацыі ў карʼеры. А здавалася б, гэта ўсяго толькі адзеньне або прычоска».
Тых, хто сутыкнуўся зь неабгрунтаванымі патрабаваньнямі да выгляду, заклікаюць абмяркоўваць гэта з прафсаюзамі і кіраўнікамі, а калі гэта не дапамагло — падключаць да справы юрыстаў, якія займаюцца працоўным правам. Таксама дасьледчыкі просяць расказваць ім пра любую дыскрымінацыю на рынку працы, у тым ліку пра дрэс-коды, каб зрабіць праблемы бачнымі для наймальнікаў, заканадаўцаў і саміх працаўнікоў.
***
Збор зьвестак праходзіў у жніўні 2018 году сярод эканамічна актыўнага насельніцтва Беларусі. Былі апытаныя 1298 чалавек з розных рэгіёнаў ва ўзросьце 16–63 гадоў.