Дональд Трамп забараніў палёты самалётаў «Боінг-737 MAX» у ЗША

Месца падзенmня "Боінга-737 MAX" у Этыёпіі.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп даручыў прыпыніць палёты самалётаў мадэлі «Боінг-737 MAX». Рашэньне было прынятае пасьля таго, як органы авіябясьпекі ЗША адмовіліся забараняць палёты гэтага самалёта. Прэзыдэнт ЗША раней раскрытыкаваў новыя мадэлі самалётаў, якія, на яго думку, занадта складаныя ў кіраваньні.

У сераду таксама стала вядома, што бартавыя самапісцы з самалёту «Боінг-737 MAX 8», які разьбіўся ў Этыёпіі, будуць адпраўленыя ў Нямеччыну для аналізу запісу. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на прадстаўніка «Этыёпскіх авіяліній».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вар’яцкі «Макс». Чым небясьпечная новая мадэль «Боінга», — тлумачыць беларускі авіяінструктар

Рашэньне перадаць іншай краіне чорныя скрыні было прынятае пасьля таго, як этыёпскія экспэрты не змаглі расшыфраваць запісаныя ў іх дадзеныя. Сярод патэнцыйных краінаў разглядаліся ЗША, Францыя, і Нямеччына.

Як паведамляе выданьне Fortune, у Этыёпіі адкінулі магчымасьць адправіць рэгістратары ў ЗША. Гэта рашэньне было выклікана тым, што авіякатастрофа прайшла з удзелам самалёту амэрыканскай вытворчасьці. У Этыёпіі асьцерагаліся, што праз гэта расьсьледаваньне не магло б быць аб’ектыўным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Boeing 737 Max 8 ня пусьцяць да сябе Брытанія, Францыя, Малайзія, Нарвэгія ды іншыя краіны

Раней агенцтва Bloomberg ацаніла магчымыя страты кампаніі Boeing з прычыны авіякатастрофы ў 57 мільярдаў даляраў. У асноўным страты зьвязаныя з магчымай адмовай некалькіх буйных авіяліній ад куплі самалётаў мадэлі «Боінг-737 MAX 8».

Ад угоды з кампаніяй Boeing на суму больш за 20 мільярдаў даляраў нібыта зьбіраюцца адмовіцца інданэзійская Lion Air, сьцьвярджае Bloomberg. Акрамя таго, расейская Utair папрасіла прыпыніць пастаўкі «Боінг-737 MAX 8», а «Віетнамскія авіялініі» перагледзяць буйную ўгоду з кампаніяй Boeing.

10 сакавіка «Боінг-737 MAX 8» пацярпеў крушэньне ў Этыёпіі. Ахвярамі катастрофы сталі 157 чалавек. У кастрычніку ў Інданэзіі разьбіўся самалёт гэтай жа мадэлі. Тады загінулі 189 чалавек. Абодва разы самалёты ўпалі на зямлю праз некалькі хвілін пасьля ўзьлёту.

Шэраг краінаў пасьля гэтага ўвялі забарону на палёты самалётаў гэтага тыпу. Гаворка ідзе ў тым ліку аб усіх краінах Эўразьвязу, Турэччыны, Кітаі, Канадзе, Аўстраліі і Інданэзіі. З 13 сакавіка палёты «Боінг-737 MAX 8» прыпыніла расейская авіякампанія S 7 Airlines, але ў Расеі палёты гэтай мадэлі самалётаў не забараняліся. Не ўводзіць такія забароны таксама вырашылі органы авіябясьпекі ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самалёты «Боінг-737 MAX», якія забараняюць па ўсім сьвеце, у Менск не прыляталі

Нацыянальны аэрапорт «Менск» можа прымаць самалёты «Боінг-737 MAX», але паводле крыніц Свабоды, такія самалёты ў Менск не прыляталі.

«Белавія» пакуль такія самалёты не выкарыстоўвае, але ў найбліжэйшы час авіяпарк кампаніі папоўніцца чатырма новымі Boeing 737 MAX 8. Такія пляны кіраўніцтва праанансавала яшчэ летась. Прыбыцьцё першага борту чакаецца сёлета ў траўні.

Нягледзячы на нядаўнія авіякатастрофы, беларускі тэхнічны і лётны пэрсанал працягвае навучаньне ў Сыэтле. Графік паставак будзе залежаць ад вынікаў экспэртызы — ня выключана, што ўсё самалёты вытворца адкліча на тэхнічную дапрацоўку.