Палата прадстаўнікоў ЗША ў аўторак ухваліла пакет законапраектаў, скіраваных на супрацьдзеяньне агрэсіўнай палітыцы Крамля і на расьсьледаваньне карупцыі, зьвязанай зь дзейнасьцю прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.
Адзін з законапраектаў пад назвай KREMLIN Act мае мэтай мінімізацыю ўмяшаньня з боку Расеі і абмежаваньні для расейскіх выведных сетак.
Дакумэнт патрабуе ад кіраўніка нацыянальнай выведкі ЗША Дэна Коўтса цягам 90 дзён падрыхтаваць справаздачы з ацэнкаю «намераў палітычнага кіраўніцтва Расеі», магчымых пагрозаў для ЗША і NATO з боку Масквы і спробах Расеі «выкарыстоўваць слабасьць і рознагалосьсі паміж яе заходнімі праціўнікамі».
Яшчэ адзін прыняты напярэдадні законапраект «Аб празрыстасьці ў дачыненьні да Ўладзіміра Пуціна» патрабуе ад амэрыканскай выведкі надаць зьвесткі аб памеры даходаў і маёмасьці прэзыдэнта Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NATO: заявы Пуціна з пагрозамі саюзьнікам непрымальныяАдна з аўтараў дакумэнту прадстаўніца Рэспубліканскай партыі Эліс Стэфанік заявіла, што Ўладзімір Пуцін і яго скарумпаваныя хаўрусьнікі імкнуцца аслабіць дэмакратыю ва ўсім сьвеце, умацоўваючы палітычны кантроль неэтычнымі мэтадамі. Яны павінны быць прыцягнутыя да адказнасьці, лічыць Стэфанік.
Паводле дакумэнту, цягам 180 дзён з моманту ўступленьня закону ў сілу дырэктар Нацыянальнай выведкі ЗША сумесна зь дзяржаўным сакратаром і міністрам фінансаў будуць абавязаныя падаць даклад аб асабістай маёмасьці расейскага прэзыдэнта.
У Крамлі раней назвалі законапраект «русафобскімі натугамі» і заклікалі не ўспрымаць яго паважна. Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў адзначыў, што Пуцін «наўрад ці ў курсе такой ініцыятывы».
У ліпені 2017 году кіраўнік фонду Hermitage Capital Ўільям Браўдэр на слуханьнях у камітэце Сэнату ЗША заявіў, што лічыць прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна найбагацейшым чалавекам у сьвеце. Браўдэр, якога ў Расеі вінавацяць у фінансавых злачынствах, ацаніў маёмасьць Пуціна ў 200 мільярдаў даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кангрэсмэны патрабуюць дакумэнты аб кантактах Трампа і ПуцінаУ студзені 2018 году міністэрства фінансаў ЗША прадставіла «Крамлёўскі даклад» — сьпіс набліжаных да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, стасоўна якіх могуць быць уведзеныя санкцыі. У дакумэнце названыя 210 чалавек. Сярод іх усе чальцы ўраду Расеі, супрацоўнікі адміністрацыі Пуціна, кіраўнікі дзяржаўных карпарацыяў, начальнікі праваахоўных ведамстваў і алігархі.
Пакет законапраектаў пакуль не набыў моц — яго яшчэ мусіць ухваліць Сэнат і падпісаць прэзыдэнт.