Перад вывазам валянтэры сабраліся на талаку, каб адсартаваць надмагільлі і занатаваць надпісы на іх.
Габрэйскія надмагільлі — мацэвы — даходзяцца на балянсе габрэйскай грамады і захоўваліся ў крэпасьці часова. Цяпер кіраўніцтва Берасьцейскай крэпасьці папрасіла іх вывезьці.
Апроч мацэваў, тут ёсьць надмагільлі расейскіх і нямецкіх жаўнераў першай усясьветнай вайны.
Мацэвы раней стаялі на габрэйскіх могілках, якія існавалі ў Берасьці зь сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя. Зьнішчаць магілы пачалі падчас другой усясьветнай вайны нямецкія ўлады, а канчаткова зьнесьлі могілкі ў 50-х гадах. На іх месцы збудавалі стадыён «Лякаматыў», — расказала кіраўніца габрэйскай арганізацыі «Брыск» Рэгіна Сіманенка.
У 2003 годзе тагачасны старшыня цэнтру «Галакост» Аркадзь Бляхер даведаўся, што з мацэваў выклалі пешаходныя дарожкі на 1-м Менскім завулку. Тады пліты дэмантавалі і перадалі габрэйскай грамадзе, а кіраўніцтва Берасьцейскай крэпасьці пагадзілася прыняць іх на часовае захоўваньне.
З таго часу грамада вяла перамовы з уладамі, каб стварыць экспазыцыю тэкстаў з надгробкаў — ляпідарый, але праект дагэтуль не рэалізаваны.
Рэгіна Сіманенка ня згодная, што пра лёс мацэваў павінна дбаць толькі габрэйская грамада.
«Гэта справа гораду Берасьця. Стан могілак у горадзе, якой бы нацыі і рэлігіі яны ні належалі — гэта паказьнік маральнага ўзроўню гораду. Гэта гісторыя ўсіх нас», — кажа яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як чытаць сымболіку габрэйскіх надмагільляў?