МЗС Беларусі заявіла пра «кагнітыўны дысананс» адносна прэзыдэнткі Літвы і БелАЭС. Што гэта такое

Каля будоўлі БелАЭС, жнівень 2017 году

Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз пракамэнтаваў заяву прэзыдэнткі Літвы Далі Грыбаўскайце пра тое, што літоўскую пазыцыю адносна Беларускай АЭС падтрымліваюць Аўстрыя і Фінляндыя, піша БелТА.

«Мы ўважліва азнаёміліся з паведамленьнямі па выніках названых сустрэчаў і перажылі кагнітыўны дысананс, — заявіў прадстаўнік беларускага МЗС. — Складаецца ўражаньне, што ўдзельнікі былі на розных перамовах ці нешта здарылася зь перакладчыкам.

Ні прэс-службы прэзыдэнта Аўстрыі і прэмʼер-міністра Фінляндыі, ні найбуйнейшыя навінавыя агенцтвы гэтых краінаў нават ня згадвалі пра абмеркаваньне тэмы Беларускай АЭС, ня кажучы ўжо пра падтрымку гэтымі краінамі радыкальнай пазыцыі Літвы аб неабходнасьці закрыцьця АЭС».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва прапануе Беларусі замяніць АЭС на газавую электрастанцыю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прапановы прэм’ера Літвы наконт АЭС у Беларусі назвалі «палітычнымі інсынуацыямі»

Ён адзначыў, што «гэта сюррэалізм», калі Фінляндыя плянуе збудаваць АЭС паводле таго ж праекту, што Беларусь (расейскі «АЭС-2006»), але настойвае на ягонай небясьпецы. Ён дадаў, што «нагнятаньне страхаў» у Літве мае прычынай прэзыдэнцкую гонку, а «фантазіі» наконт небясьпекі «чэрпаюцца з папулярных коміксаў пра радыеактыўных монстраў».

Што насамрэч мелася на ўвазе

У паведамленьні пра сустрэчу Грыбаўскайце з прэм’ерам Фінляндыі на сайце прэзыдэнткі Літвы гаварылася, што «краіны Эўразьвязу, у тым ліку Фінляндыя, аднадушна падтрымалі Літву на прамежкавай нарадзе краінаў Канвэнцыі Эспа» (а не на сустрэчы з прэзыдэнтам Фінляндыі) адносна таго, што БелАЭС небясьпечная і не павінна быць запушчаная.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Швайцарыі раскрытыкавалі БелАЭС. Менск назваў рашэньне «антыбеларускім»

Згадвалася тое, што Канвэнцыя Эспа тычыцца ўплыву на навакольнае асяродзьдзе ў трансьмежавым кантэксьце — і што пры будаўніцтве БелАЭС гэтая канвэнцыя была парушаная. Сам праект «АЭС-2006» ня згадваўся.

Адносна сустрэчы з прэзыдэнтам Аўстрыі на сайце прэзыдэнткі Літвы таксама гаварылася пра сустрэчу краінаў Канвэнцыі Эспа — пісалася, што Аўстрыя «рашуча падтрымала» пазыцыю, згодна зь якой «пляцоўка, выбраная для будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы, небясьпечная».

Літва два гады таму называла 10 прычынаў не будаваць БелАЭС — там згадвалася і бясьпека станцыі, і недахопы выбранай пляцоўкі, і прэтэнзіі наконт экалёгіі, стрэс-тэстаў і здарэньняў на будоўлі.

Што такое «кагнітыўны дысананс»

Гэтую фразу прыдумаў у 1957 годзе амэрыканскі псыхоляг Леон Фэстынгер. Яна характарызуе стан псыхічнага дыскамфорту ад таго, што ў сьвядомасьці чалавека канфліктуюць розныя ідэі, павер’і, каштоўнасьці і эмацыйныя рэакцыі. Напрыклад, кагнітыўны дысананс можа ўзьнікнуць у чалавека, які лічыць сябе атэістам, але ў той жа час адносіць сябе да праваслаўных.

Пра кагнітыўны дысананс кажуць ня толькі псыхіятры: фраза стала мэмам у рунэце як сынонім крайняга зьдзіўленьня, выкарыстоўваецца прынамсі з 2004 году (верагодна, сустракалася і ў 1990-х).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларус абараніў дыплём пра інтэрнэт-мэмы ў СМІ. Ён кажа, усё сур’ёзна

Беларускую АЭС будуюць за 53 км ад Вільні. Для яе выбралі праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі з выкарыстаньнем рэактара ВВЭР-1200. Увод у эксплюатацыю першага энэргаблёку заплянаваны на 2019 год, другога — на 2020 год.

Беларуская АЭС узводзіцца на крэдыт, дадзены Расеяй. На думку экспэртаў, яе кошт — прыкладна 11 мільярдаў даляраў. Меркавалася, што акупіцца яна прыкладна за 20 гадоў.