Блёк № 1 Ленінградзкай АЭС-2, здадзены ў эксплюатацыю ў канцы 2018 году, аўтаматыка адлучыла ад сеткі. Прычыны здарэньня высьвятляюцца, піша «РИА Новости».
Энэргаблёк вывелі ў кароткатэрміновы рамонт, каб высьветліць, чаму спрацавала аўтаматыка. Паводле паведамленьня, пагрозаў ядзернай, радыяцыйнай і прамысловай бясьпецы няма. Радыяцыйны фон у норме.
Блёк АЭС распрацавалі паводле сучаснага расейскага праекту з рэактарнай устаноўкай ВВЭР-1200. Такую ж запусьцяць на АЭС у Астраўцы.
Ленінградзкая АЭС — філіял канцэрну „Росэнергоатом“. Станцыя знаходзіцца ў горадзе Сасновы Бор на беразе Фінскага заліву, у 40 км ад Санкт-Пецярбургу.
Беларускую АЭС будуюць за 53 км ад Вільні. Астравецкая пляцоўка для будоўлі Беларускай АЭС была прапанаваная ў адказ на ідэю разьмясьціць могільнікі Ігналінскай АЭС у Літве побач зь беларускай мяжой.
Для Беларускай АЭС абраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі з выкарыстаньнем рэактара ВВЭР-1200. Першая пастаўка ядзернага паліва чакаецца ў канцы 2018 году. Увод у эксплюатацыю першага энэргаблёку заплянаваны на 2019 год (на 1 год перанесены, плянаваўся ў 2018), другога — на 2020 год.
Указ «Аб збудаваньні Беларускай атамнай электрастанцыі» Аляксандар Лукашэнка падпісаў у 2013 годзе, а будоўля пачалася значна раней, калі не было яшчэ і праектнай дакумэнтацыі.
Беларуская АЭС узводзіцца на крэдыт, выдзелены Расеяй. На думку экспэртаў, яе кошт — прыкладна 11 мільярдаў даляраў. Меркавалася, што акупіцца яна прыкладна за 20 гадоў.