Самае папулярнае жаночае імя ў Беларусі ў 2019 годзе — Сафія, сярод мужчынскіх імён на першае месца сёлета выйшаў Міхаіл.
Сафія, Марыя і Алеся — першая тройка самых папулярных імёнаў , якія даваліся ў Беларусі нованароджаным дзяўчаткам у першыя месяцы 2019 году. Сафія лідзіруе трэці год запар.
У першыя два месяцы 2019 году ў Менску нараджаліся таксама Кіпрыяна, Фіёна, Агаф’я, Аксіньня, Леанарда. Свабода даведалася, якімі імёнамі часьцей называюць дзяўчатак і хлопчыкаў.
Адна Натальля на 100 Сафій
Таксама вельмі папулярнымі жаночымі імёнамі застаюцца ў першыя два месяцы 2019 году Ганна, Паліна, Ева, Дар’я, Аліса, Аліна — кажа супрацоўніца аддзелу ЗАГС Першамайскага раёну сталіцы Алеся Тожа.
«У нашым ЗАГСе бацькі называлі дзяўчатак і даволі рэдкімі імёнамі: Кіпрыяна, Любава, Ніколь, Фіёна (як звалі прынцэсу ў мульціку пра Шрэка). Бацькі зноў палюбілі імёны Агаф’я, Аксіньня, Аляўціна, Альбіна, Антаніна», — пералічыла Алеся Тожа.
Зусім рэдкімі сталі імёны Алена, Натальля, Сьвятлана. У 2017 годзе толькі адну дзяўчынку ў сталіцы назвалі Натальляй — прапраўнучку Якуба Коласа і Янкі Маўра (у гонар малодшай дачкі знанага беларускага пісьменьніка-фантаста).
У 2018 годзе ў Менску зьявіліся Камелія, Іларыя, Верыта, Віяна, Вівея, Майра, Магалі, Асіль, Жасьмін, Амэлі, Алівія-Дамініка, Эсьфір, а таксама Глафіра, Марфа, Тэкля. Гэта даволі рэдкія імёны ў наш нас.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Застанецца Джонавічам. Суд не дазволіў беларускаму амэрыканцу назваць сына без імя па бацькуЁсьць і Лука, і Леанарда, і Альгерд
Першая тройка сярод хлопчыкаў: Міхаіл, Мікіта і Аляксандар. Таксама нарадзілася шмат Іванаў, Максімаў, Арцёмаў, Раманаў.
«У гэтым годзе хлопчыкаў называлі і рэдкімі імёнамі — Інакенці, Альгерд, ёсьць адзін Рыгор. Ёсьць і Хрысьціян, Лявон, Тыгран», — пералічыла Алеся Тожа.
Летась у Менску зьявіліся Лука, Леанарда, Марсэль, Сулейман, Юша, Вілен, Эмін, Дыён, Дарамір, Дарый, Якаў, Елісей, Гардзей, Яфім, Казімір.
Ад чаго залежыць мода на імёны?
Алеся Тожа распавяла, што часьцяком мода на імёны зьяўляецца пасьля выхаду якога-небудзь папулярнага фільму, як было некалі з Настамі і Мікітамі пасьля выхаду стужкі «Гардэмарыны, наперад!» Як кажа супрацоўніца ЗАГСу, у той год, калі нарадзілася яна сама, шмат дзяўчатак назвалі Алесямі, бо толькі-толькі выйшла песьня Ігара Лучанка на верш Аркадзя Куляшова «Алеся».
«Казімір і Тадэвуш — звычайныя беларускія імёны»
У журналіста Ільлі Маліноўскага месяц таму нарадзіўся сын, назвалі яго Тадэвуш. Старэйшага сына, якому 3 гады, завуць Казімір.
«У мяне не было мэтаў называць сыноў у гонар кагосьці. Я няверуючы і ня маю забабонаў, але мяркую, што калі называць у гонар кагосьці, дзіця можа паўтарыць лёс таго чалавека. А ў кожным лёсе ёсьць і добрае, і кепскае. Хацелася б, каб дзеці пражылі сваё імя. Таму, калі 3 гады таму нарадзіўся першынец, выбіралі паміж Казімірам і Тадэвушам. Назвалі сына Казімірам.
Я лічу, Казімір — менавіта беларускае імя. Многія адгаворвалі, маўляў, будуць называць Казікам. Але ўсе называюць сына поўным імем — Казімір.
Калі месяц таму нарадзіўся другі сын, спыніліся на Тадэвушу, хоць разглядалі і Францішка, Тодара. Жартавалі, што будзе Казік і Тадзік. Была таксама жартаўлівая (калі ўжо згадваць пэрсанажаў „Народнага альбому“) думка назваць яго Юзікам (Юзэфам).
Чамусьці самае частае пытаньне: вы што — палякі? Я спачатку нэрваваўся, крыўдзіўся, а цяпер проста разумею ўзровень агульнай адукацыі людзей, якія так пытаюцца», — кажа Ільля Маліноўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калавур, ратуйце! або Нечаканыя вынікі палянізацыі беларускіх прозьвішчаў