Заўважу ў прэамбуле, што аўтару гэтых нататак імя абіралі лятарэйным чынам. Бацька-вайсковец прыйшоў у сваю частку, паведаміў пра нараджэньне сына, і таварышы па службе, напісаўшы цыдулкі з уласнымі імёнамі, кінулі іх у вушанку. Дрогкая бацькава рука дастала цыдулку зь імем Віктар. Ня ведаю чаму, але я з маладых гадоў узьненавідзеў і гэтую вушанку, і гэтае войска, і сваё, недарэчна прыдбанае, імя. А ў сямнаццаць гадоў, па кроплі выціскаючы зь сябе савеччыну, стаў, на прыклад першых жыхароў Эдэму, даваць рэчам іх пракаветныя беларускія імёны, і першае, што зрабіў — перахрысьціў сябе ў Вінцэся.
Беларусізацыя імёнаў — наагул задача ня зь лёгкіх. Адзін мой сябрук, якога ад нараджэньня звалі Сяргеем, шмат пакутаў зьведаў, пакуль знайшоў гэтаму імю беларускі адпаведнік. Сябрук урэшце назваў сябе Сержуком, і гэта выклікала гіранічныя ўсьмешкі знаёмцаў. Ну як жа: “Сяр”, ды яшчэ й “Жук”… Жартуны, аднак хутка аціхлі, зразумеўшы, што “Сяр” ды яшчэ й “Жук”, куды мілагучней, чым “Сяр” ды яшчэ й “Гей”.
Сёньня маладыя беларускія бацькі, якія пазбыліся нацыянальнай амнэзіі і вырашылі назваць сваіх дзетак спрадвечнымі крыўскімі імёнамі, сутыкаюцца з пэўнымі праблемамі. Мой знаёмца, шчыры беларус, параіўшыся з аўтарам гэтага аповеду, вырашыў даць сыну імя полацкага князя Ўсяслава. Праз пару дзён пытаюся: “Ну, як там Усяслаў?” Знаёмца керхануў у далонь: “Вячаславам запісалі”. “А што так?” “Ды ў загсе сказалі, што няма такога імя, і што аднагодкі будуць Сявам клікаць”.
Не выпадае таксама ахрысьціць дзіцёнка Алесем ці якім іншым спрадвечна беларускім імем. Барадаты бацюхна і голены ксёндз незадаволена насупяць бровы, пырснуць на кшчоніка вадою з-пад крану ці з найбліжэйшага калодзежу і назавуць Аляксандрам. Дый імёны хросных пераробяць на свой капыл. Аднойчы давялося хрысьціць сына сябра-літаратара. Бацюхна, адарваўшыся на хвілю ад засьліненага эвангельля, запытаўся: “Как звать отца?” “Вінцэсь”, — з годнасьцю паведаміў я, і сьвятар, не павёўшы вокам, сьпеўна працягваў: “И крестнаго отца Викентия-а…”
Выбраць імя — справа не такая й простая, пагатоў тая ж праваслаўная традыцыя прапануе блізу 900 мужчынскіх і прыкладна 250 жаночых імёнаў. Дадамо сюды запазычаньні зь іншых культураў — і ад анамастычнага багацьця духі займае. Беларусы, аднак, па сваёй прыродзе людзі сьціплыя, яны ня схільныя да арыгінальнасьці, заўсёды прагнуць “жыць як усе”, а таму й імёнаў выкарыстоўваюць ня больш як паўтары сотні.
Якія ж зь іх найбольш папулярныя? Наваполацкі журналіст Уладзімер Факееў два месяцы запар вывучаў загсавыя познамкі нованароджаных і высьветліў, што ад пачатку шасьцідзесятых і да пачатку дзевяностых самымі папулярнымі імёнамі ў горадзе вялікай хіміі Наваполацку былі Наталя ды Аляксандар. Аднак у 1993 годзе надарылася неспадзеўка: Аляксандар па-ранейшаму быў папулярны, а вось Наталя саступіла першынство Настасьсі і цягам наступнага дзесяцігодзьдзя нават не ўваходзіла ў дзясятку найбольш папулярных імёнаў. А самым апошнім часам непрадказальны лёс ізноўку вывеў Наталю ў лідэры. Ды яно й ня дзіва, калі ўлічыць, што каляровымі постэрамі з выяваю Наталі Арэйра — знакамітай аргэнтынскай акторкі ды сьпявачкі — спрэс залепленыя шыбы газэтных шапікаў.
Практыка называць дзяцей у гонар літаратурна-эстрадна-кінэматаграфічных славутасьцяў мае сваю гісторыю. Сталінскай парою мала хто насьмельваўся запазычваць імёны зь неславянскага іменьніка. Толькі прыканцы пяцідзясятых у беларускай сталіцы зьявіліся першыя Антуаны (названыя так у гонар Сэнт-Экзюпэры), Жэрары (даніна захапленьня іхных матак кінаакторам Жэрарам Філіпам) ды кірпаносыя Лаліты (апошняе імя, заўважым, было запазычанае не ў Набокава, а ў яшчэ адной аргентынскай пяюхі ды акторкі Лаліты Торэс). Давалі такія імёны самыя “прасунутыя” бацькі.
Сытуацыя зьмянілася ў 1961 годзе. Таго году танцпляцоўкі ад Асьвеі да Берасьця скаланаў надтрэснуты голас італьянскага сьпевака, прозьвішча якога ўжо не прыгадаю. “Mari-na, Mari-na, Mari-na…” – гукаў з парэпаных кружэлак “кантаторэ італьяно”, пры гэтым ласыя да ўсяго замежнага заўсёдніцы танцпляцовак млелі ад ягонага голасу, і неўзабаве сакратаркі загсаў, прыкусіўшы кончыкі языкоў, сталі дружна ўпісваюць Марын у “Пасьведчаньні аб нараджэньні”. У 1961-м шчасьлівыя бацькі, здавалася, ня ведалі іншых імёнаў, апроч Марыны ды азоранага першым касьмічным палётам Юр’я.
Годам пазьней на Беларусі зьявілася таксама пара дзясяткаў Іхтыяндраў, названых так у гонар галоўнага героя кінафільму “Чалавек-амфібія”, аднак потым, пры атрыманьні пашпартоў, многія Іхтыяндры палічылі за лепшае зьмяніць імёны на больш традыцыйныя.
У сярэдзіне шасьцідзясятых у Менск завітала з канцэртам зорка баўгарскай эстрады Дзімітраў. “В Москве на выставке цветов увидел Иван Снежану…” — з галасавым вібратам прасьпяваў гастралёр, і прачулая песьня пра каханьне на тле непарушнага баўгарска-савецкага сяброўства спарадзіла хвалю захапленьня мілагучным імем. Іванаў, што праўда, болей ня стала, а вось Сьняжаны пайшлі плоймамі, стаўшы на нейкі час прымадоннамі тагачаснага іменьніку.
У памятным 1968 годзе яшчэ адна зорка, цяпер ужо савецкай эстрады — Вадзім Мулерман, падхорцісты, шчыгульна паголены, апранены ў мадняцкі двухбортны пінжак з мэталёвымі гузікамі маладзён, — даволі неабачліва прасьпяваў на тэлевізійным (выбачаюся ў адэптаў маральнасьці) “Блакітным агеньчыку” песеньку з таямнічай назвай “Лада”. Што тут пачалося! Літаральна наступным днём “Ладамі” сталі менаваць прагулачныя катэры й дэфіцытныя тады лядоўні, жаночыя квартэты й прайгравальнікі, малалітражкі й ня менш дэфіцытныя пральныя машыны. Ну й, вядома, імя гэтае адразу ж папоўніла найноўшы беларускі іменьнік.
Праз пару гадоў Вадзім Мулерман зьехаў у Амэрыку, і ў ягоную артыстычную нішу ўбіўся Валер Абадзінскі. “Анжела, ты со мной — солнце свети-ит”, — пранікнёна сьпяваў кумір беларускіх жанчын, і ці ня кожная другое народжанае на мяжы дзесяцігодзьдзяў дзяўчо атрымала імя сонцадайнай прыгажуні. Сёньня Анжэлам даўно за трыццаць, і многія з тых кабет на пытаньне: як іх завуць? — сьціпла панурваюць вочы й ціха адказваюць: “Ангеліна”.
І толькі пры канцы семідзясятых, дзякуючы расейскаму паэту-песеньніку Анатолю Папярэчнаму ды вакальна-інструмэнтальнаму гурту “Сябры” ў шырокім сьвеце залунала імя зь беларускім калярытам. Гэта была славутая Алеся.
Эстрадна-кінэматаграфічныя жарсьці пры абраньні імёнаў віруюць і сёньня. Каб у тым пераканацца, варта падысьці да гарадзкой радзільні ды паслухаць размовы паміж бацькамі. “Як назавем?!” — голасна гукае шчасьлівы бацька з больнічнага двара. “Марсэла”, — таропка піша на аркушыку паперы аматарка мыльных сэрыялаў, а суседка па палаце тым часам спрабуе напісаць на запацелай шыбе мудрагелістае нотар-дамаўскае імя “Эсмэральда”.
Усё больш месца ў беларускім іменьніку займаюць Марсэлы ды Эсмэральды, і разам з тым многія мілагучныя імёны, што пакінулі нам продкі, здадзеныя ў архіў. Згаданы ўжо наваполацкі журналіст, вывучаючы гарадзкі іменьнік, вырашыў спраўдзіць — ці ўкамплектаваная там “каманда эвангелістаў”. Дык вось: Янамі ды Іванамі дзяцей называюць, ёсьць таксама Маркі ды Мацьвеі, а вось Лука дарэшты непапулярны: за апошняе дзесяцігодзьдзе аніводнага дзіцёнка так не назвалі. А шкада. Добрае было імя. Пагатоў, майго дзеда па беларускай, матчынай лініі, звалі Лукашом. Ёсьць, аднак, спадзеўка, што імя гэтае будзе рэабілітаванае і вернутае да жыцьця нашымі ўнукамі.