Аляксандар Лукашэнка правёў нараду з кіраўніцтвам ураду і найвышэйшых дзяржаўных органаў, на якой абмяркоўваўся ўдзел Беларусі ў інтэграцыйных структурах і супрацоўніцтва з эўрапейскімі арганізацыямі, паведамляе БЕЛТА.
За наладжваньне ўзаемапаважлівых стасункаў з NATO
Аляксандар Лукашэнка заявіў, што выступае за наладжваньне «ўзаемапаважлівых стасункаў з NATO, якія ў канчатковым выніку ўмацоўвалі б бясьпеку нашай краіны». Ён падкрэсьліў, што тры дзяржавы, якія мяжуюць зь Беларусьсю, зьяўляюцца сябрамі Паўночнаатлянтычнага альянсу, а Ўкраіна «горача, люта імкнецца туды».
«Гэта пэўны выклік і пажыўнае асяродзьдзе для канфрантацыі, асабліва ва ўмовах заклікаў і плянаў узмацненьні вайсковай прысутнасьці», — сказаў Лукашэнка і адзначыў, што ні Беларусі, ні яе суседзям «новыя разьдзяляльныя лініі не патрэбны», таму трэба наладжваць адносіны з альянсам.
«Мы зь імі павінны размаўляць. Мы не павінны на іх глядзець як на ворагаў», — сказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пояс добрасуседзтва»: у вайсковай канцэпцыі Беларусі — партнэрства з Расеяй і паляпшэньне стасункаў з NATO«Сытуацыя ў АДКБ нездаровая»
Пасьля выхаду ЗША і Расеі з дамовы аб ліквідацыі РСМД вайскова-палітычнае супрацоўніцтва ў рамках АДКБ зьяўляецца «важным пытаньнем міжнароднага ўзаемадзеяньня для Беларусі», заявіў Лукашэнка.
«Калі хочаце, гэта найважнейшы напрамак цяпер, дзе павінны быць сканцэнтраваныя нашы намаганьні ў сілу тых тэндэнцый, якія разьвіваюцца ў вайскова-палітычнай сфэры на плянэце ў цэлым. Асабліва пасьля таго, як абедзьве найбуйнейшыя ядзерныя дзяржавы выйшлі з Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці.
З улікам сусьветных тэндэнцый запатрабаванасьць гэтай арганізацыі сумневаў не выклікае. Аднак цяпер паўстала нездаровая сытуацыя ў АДКБ. Вазьміце хоць бы звычайнае пытаньне — прызначэньне генэральнага сакратара», — заявіў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менск настойвае на выбраньні свайго чалавека генсакратаром АДКБ. Армэнія супрацьМенск настойвае на тым, што генэральным сакратаром АДКБ павінен стаць дзяржсакратар Рады бясьпекі Беларусі Станіслаў Зась. Беларускую кандыдатуру ўзгаднілі Кіргізстан, Казахстан, Таджыкістан і Расея. Супраць кандыдатуры Зася выступае Армэнія, якая раней датэрмінова адклікала свайго прадстаўніка Юрыя Хачатурава з адпаведнай пасады, абвінавачваючы яго ў супрацьпраўных дзеяньнях падчас працы на іншай пасадзе непасрэдна ў Ерэване, але настойвае на прызначэньні сваёй кандыдатуры.
Працэс эўразійскай інтэграцыі паварочваецца назад
Аляксандар Лукашэнка адзначыў «адсутнасьць прагрэсу ў разьвіцьці эўразійскай інтэграцыі».
«На жаль, працэс эўразійскай інтэграцыі паварочваецца назад, калі ўжо не павярнуўся. Мне дакладваюць пра бар’еры, перашкоды і абмежаваньні для нашых суб’ектаў гаспадараньня. А адсутнасьць канкрэтнай работы ў іх ліквідацыі прыкрываецца нейкай лічбавай позвай», — сказаў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бізнэс у Эўразійскім эканамічным саюзе. Якія няроўныя ўмовы мае БеларусьПаводле Лукашэнкі, перад ЭАЭС ставіліся і іншыя важныя мэты — стварэньне агульнага рынку і роўных умоваў. «Можа, неабходна вярнуцца да пакетнага прынцыпу ў вырашэньні вострых пытаньняў, а таксама пры ліквідацыі бар’ераў і абмежаваньняў? Адказ на гэтае пытаньне важны для будучыні еўразійскай інтэграцыі», — сказаў Лукашэнка і дадаў, што ключавым рынкам для Беларусі застаецца рэгіён СНД.
Саюзная дзяржава — толькі на роўных умовах
«Беларусь захоўвае абсалютную прыхільнасьць ідэі саюзнага будаўніцтва. Хачу, каб гэта перш за ўсё пачулі нашы прыхільнікі і апанэнты ў Расейскай Фэдэрацыі.
Пры гэтым асноўны прынцып гэтага праекту — роўныя ўмовы для нашых суграмадзян і суб’ектаў гаспадараньня. На іншых прынцыпах саюз немагчымы. І прынцып роўных умоў павінен няўхільна выконвацца. Пастулят сувэрэнітэту таксама застаецца для Беларусі непарушным», — сказаў Лукашэнка.
Паводле беларускага кіраўніка, самыя актуальныя праблемы ў стасунках з Расеяй «знаходзяцца ў эканамічнай сфэры, у іншых праблем практычна не існуе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра цікавасьць Расеі да саюзнай дзяржавы: «З чаго раптам?»
«Лёд у адносінах з Эўразьвязам не растаў»
Паводле Лукашэнкі, Беларусь пасьпяхова наладжвае дыялёг са сваім «другім найбуйнейшым партнэрам» — Эўразьвязам, аднак «лёд у адносінах яшчэ не растаў», піша БелТА.
«Брусэль падоўжыў дзеяньне хай сымбалічных, але ўсё ж абмежавальных захадаў. Лыжка дзёгцю ў бочцы мёду. Яны ж ня маюць ніякага значэньня практычна, акрамя сымбалічнага. „Таргуецца“ з намі нават у дробязях Эўразьвяз, ухіляецца ад размовы пра новае базавае пагадненьне», — сказаў Лукашэнка і зазначыў, што ў той жа час Эўразьвяз мае такія пагадненьні з Расеяй ды іншымі постсавецкімі краінамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Румас: Адсутнасьць базавага пагадненьня паміж Беларусьсю і ЭЗ — контрапрадуктыўнаяЛукашэнка падкрэсьліў, што «заходні і ўсходні вэктары беларускай замежнай палітыкі павінны ўраўнаважваць адзін аднаго, але цяпер адбываецца адваротнае — зрухі ў дыялёгу з Захадам выклікаюць раздражненьне ў Маскве і наадварот.
«Да балянсу мы прыйдзем толькі тады, калі рынак Эўразьвязу для нас ператворыцца ў рэальную альтэрнатыву расейскаму не на паперы, а на справе, у канкрэтных выніках», — сказаў беларускі кіраўнік.
Пра далучэньне Беларусі да WTO: ня трэба туды ўступаць дзеля таго, каб уступіць
Лукашэнка падкрэсьліў, што ад уступленьня Беларусі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю павінны быць атрыманыя канкрэтныя перавагі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь пачынае вырашальны раўнд перамоваў аб далучэньні да WTO«Ня трэба туды ўступаць дзеля таго, каб уступіць. І я не падпішу ніводнага дакумэнту аб уступленьні Беларусі ў WTO, пакуль мне на стол ня будуць пакладзеныя канкрэтныя перавагі ад гэтага, — заявіў ён. — У адваротным выпадку зноў будзем празь некаторы час галасіць і стагнаць, як па ЭАЭС».