Менск настойвае на тым, што генэральным сакратаром АДКБ павінен стаць дзяржсакратар Рады бясьпекі Беларусі Станіслаў Зась. Пра гэта заявіў на брыфінгу прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз.
Ён нагадаў, што АДКБ даволі працяглы час працуе без генэральнага сакратара, і гэта не ідзе на карысьць арганізацыі.
Афіцыйны прадстаўнік МЗС нагадаў, што на паседжаньні АДКБ у Астане кандыдатуру ад Беларусі прапанавала краіна, якая старшынявала на той момант у арганізацыі, Казахстан.
Пасьля гэтага беларускі прадстаўнік правёў тэрміновыя сустрэчы ў пяці сталіцах краін, якія ўваходзяць у АДКБ, акрамя Ерэвану, і паўсюдна атрымаў падтрымку сваёй кандыдатуры.
Беларускі бок «з разуменьнем» паставіўся да таго, што ў той час у Армэніі праходзілі парлямэнцкія выбары і сустрэча з аб’ектыўных прычын не адбылася. Але цяпер час выбараў прайшоў і ў Менску спадзяюцца на канструктыўны дыялёг з Ерэванам.
«Мы чакаем, што армянскі бок ужо ў бліжэйшы час паведаміць пра магчымыя тэрміны гэтай сустрэчы», — заявіў Глаз.
Ён удакладніў, што Беларусь працуе над варыянтам прызначэньня Зася кансэнсусам.
«Мы зацікаўленыя ў тым, каб гэты ўвогуле тэхнічны момант у дзейнасьці АДКБ не адбіўся на працы арганізацыі і двухбаковых адносінах».
У Арганізацыю Дагавора аб калектыўнай бясьпецы ўваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея і Таджыкістан.
З гісторыі пытаньня
Больш за 10 гадоў генэральным сакратаром АДКБ працаваў прадстаўнік Расейскай Фэдэрацыі Мікалай Бардзюжа. Пасьля таго, як ён пайшоў у адстаўку, было вырашана, што ў далейшым на пасаду генсака будуць прэтэндаваць прадстаўнікі ня толькі Расеі, але і іншых краін гэтага вайскова-палітычнага блёку. І першым на пасаду генсака пасьля Бардзюжы быў прызначаны прадстаўнік Армэніі Юры Хачатураў (Армэнія першая ў альфабэтным парадку).
Аднак пасьля таго, як у Армэніі адбыліся масавыя пратэсты і краіна перайшла ад прэзыдэнцкай да парлямэнцкай формы праўленьня, армянскі бок адклікаў кандыдатуру Хачатурава, абвінавачваючы яго ў супрацьпраўных дзеяньнях падчас працы на іншай пасадзе непасрэдна ў Ерэване.
Зыходзячы з гэтага, прэм’ер Армэніі Нікол Пашыньян палічыў, што генэральным сакратаром АДКБ і далей павінен быць прадстаўнік Армэніі, якога прапануюць улады гэтай краіны. Аднак у Беларусі на гэтую праблему іншы погляд.