Украінскі актор і бізнэсовец Уладзімір Зяленскі па-ранейшаму, паводле сацыялягічных апытаньняў, застаецца лідэрам у прэзыдэнцкай гонцы, але ягоны рэйтынг трохі скараціўся.
Паводле апытаньня сацыялягічнай групы «Рэйтынг», пра намер прагаласаваць за Ўладзіміра Зяленскага заявілі 17% рэспандэнтаў (у папярэдніх, што праводзіліся двума тыднямі раней, было 17,5%).
Рэйтынг дзейнага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі і лідэркі партыі «Бацькаўшчына» Юліі Цімашэнкі зблізіўся максымальна за ўвесь час выбарчай кампаніі — 11,3% і 11,0% адпаведна (раней 13,1% — у Пятра Парашэнкі, а ў Юліі Цімашэнкі — 11,5%).
Замер грамадзкай думкі праводзіўся 19–28 лютага, то бок апытаньне захапіла тры дні пасьля выкрыцьця журналістамі карупцыйнай схемы раскраданьня бюджэтных сродкаў, прызначаных для абароннай прамысловасьці. У іх арганізацыі падазраюць сына Алега Гладкоўскага, які да сёньняшняга звальненьня займаў пасаду першага намесьніка сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны і лічыцца бізнэс-партнэрам Пятра Парашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карупцыйны скандал ва Ўкраіне: Парашэнка звольніў з Рады нацыянальнай бясьпекі свайго бізнэс-партнэраЗгодна з дасьледаваньнямі групы «Рэйтынг», адначасова істотна павялічылася колькасьць грамадзян, які абавязкова прыйдуць на выбарчыя ўчасткі — толькі 7% рэспандэнтаў заявілі, што ня будуць браць удзел у выбарах (двума тыднямі раней пра гэта заяўлялі 10,2% грамадзян).
Наступныя тры месцы ў прэзыдэнцкім рэйтынгу займаюць вылучэнец партыі «За жыцьцё» Юры Бойка (7,4%), лідэр партыі «Грамадзянская пазыцыя» Анатоль Грыцэнка (5,4%) і лідэр Радыкальнай партыі Алег Ляшко (4%).
На сёньняшні дзень свой удзел у выбарчай кампаніі працягваюць 42 з 44 зарэгістраваных Цэнтральнай выбарчай камісіяй кандыдатаў на прэзыдэнта. Два зь іх (мэр Львова Андрэй Садавы і былы журналіст Дзьмітры Гнап) адмовіліся ад удзелу ў выбарах на карысьць Анатоля Грыцэнкі. Згодна з заканадаўствам, кандыдаты на прэзыдэнта могуць адмовіцца ад удзелу ў кампаніі не пазьней як 7 сакавіка. Экспэрты прагназуюць, што ў выбарчы бюлетэнь будуць уключаныя прозьвішчы ня больш як 35 кандыдатаў.
Прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне адбудуцца 31 сакавіка 2019 году.
Што трэба ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне
- Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся ў два туры 31 сакавіка і 21 красавіка 2019 году.
- Па выніках першага туру найбольш галасоў набралі шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,24% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (15,95%). На трэцім месцы па выніках галасаваньня апынулася Юлія Цімашэнка — 13,40%, далей ідуць Юры Бойка (11,67%) і Анатоль Грыцэнка (6,91%).
- У другім туры перамог Зяленскі. Паводле папярэдніх вынікаў, ён набраў звыш 73% галасоў, Парашэнка атрымаў каля 24,5%.
- Прэзыдэнт Украіны выбіраецца на ўсенародных выбарах на пяць гадоў. На гэтую пасаду, як і ў Беларусі, можа прэтэндаваць любы грамадзянін, якому споўнілася 35 гадоў. Заканадаўства абмяжоўвае магчымасьць балятавацца больш чым на два тэрміны.
- Ва Ўкраіне парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня. Як вынік, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый. Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.
- Прэзыдэнт Украіны не адказвае за эканамічную палітыку, але практычна ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі маніпулююць выбарнікамі, абяцаючы зьніжэньне тарыфаў, цэнаў, а таксама павелічэньне заробкаў і пэнсій. У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладваць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.
- Прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў.
- Адначасова прэзыдэнт Украіны зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынёй Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, склад якой таксама вызначае кіраўнік дзяржавы.
- Сёлетнія выбары былі найбольш канкурэнтнымі за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны — для рэгістрацыі кандыдатам у Цэнтральную выбарчую камісію зьвярнуліся амаль 90 грамадзян, былі зарэгістраваныя 44 кандыдаты. Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.