Вярнуць Украіне «спрадвечныя тэрыторыі», якія належаць Беларусі, Вугоршчыне, Польшчы, Расеі і Румыніі, абяцае кандыдат у прэзыдэнты краіны Уладзімір Пятроў, паведамляе БелаПан.
Зрабіць гэта ён зьбіраецца шляхам «дыпляматычных, палітычных і іншых дзеяньняў». Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
41-гадовы Пятроў — самавылучэнец. Эпатажны паліттэхноляг, прадусар, вёў сатырычную тэлепраграму «Люмпэн-шоў». З лістапада 2018 года знаходзіцца пад дамашнім арыштам паводле падазрэньня ў арганізацыі сэкс-скандалу з удзелам намесьніка начальніка аднаго з упраўленьняў Нацыянальнай паліцыі. У канцы лютага Пятрову дазволілі паездкі па краіне ў межах перадвыбарнай кампаніі.
Выбары прэзыдэнта Ўкраіны пройдуць 31 сакавіка. На гэты пост прэтэндуюць 43 чалавекі.