Першага сакавіка Аляксандар Лукашэнка зьбярэ журналістаў, палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў на другую па ліку «Вялікую размову з прэзыдэнтам». Такі фармат замяніў традыцыйныя прэсавыя канфэрэнцыі.
На гутарку ў выставачны цэнтар «Белэкспа» ў Менску запрасілі больш за 200 чалавек, сярод іх будзе і карэспандэнт Свабоды, які паспрабуе задаць сваё пытаньне. Але пры такой колькасьці ўдзельнікаў гэта будзе складана зрабіць. У 2017 годзе прадстаўнікі недзяржаўных СМІ былі запрошаныя на размову з Аляксандрам Лукашэнкам, але свае пытаньні задаць ня здолелі.
Тым ня менш карэспандэнты Свабоды маюць шмат пытаньняў да Аляксандра Лукашэнкі. Мы адабралі дзесяць пытаньняў і спадзяёмся на адказы.
Пра выбары прэзыдэнта
— Ці будуць сёлета прэзыдэнцкія выбары? Калі вы лічыце, што выбары ў Беларусі сумленныя і дэмакратычныя, то чаму нельга дапусьціць на іх любых назіральнікаў, прадстаўнікоў усіх палітычных сілаў? І чаму ўлада баіцца дасьледаваньняў незалежных сацыёлягаў, якія маглі б праводзіць апытаньні на выхадзе з участкаў для галасаваньня?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ярмошына прапанавала правесьці выбары 1 сьнежня 2019 годуПра рост дзяржаўнага доўгу
— Сёлета будзе 25 гадоў, як вы пры ўладзе. Якім быў замежны доўг Беларусі ў 1994 годзе і які цяпер? Чаму так адбылося, што краіна, якая фактычна ня мела пазык, сёньня вымушаная ўлазіць у новыя даўгі, каб аддаваць старыя?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьнешні дзяржаўны доўг Беларусі вырас да 16,8 мільярдаў даляраўПра дасягненьні і памылкі
— Якія галоўныя дасягненьні свайго кіраваньня вы б адзначылі? І за якія з рашэньняў, прынятых за мінулыя чвэрць стагодзьдзя, вам сорамна?
Пра сыход з палітыкі
— Вы расказвалі, што гаварылі ў Сочы з Уладзімірам Пуціным пра будучыню: «Мы калісьці сыдзем. Што пакінем нашым дзецям? Як яны працягнуць нашую палітыку?» А калі гэты сыход можа адбыцца?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калькулятар. Якая частка вашага жыцьця прайшла пры Лукашэнку?
Пра наступнага прэзыдэнта
— Якім вы ўяўляеце прэзыдэнта, які будзе пасьля вас кіраваць Беларусьсю? Што зьбіраецеся рабіць і дзе жыць пасьля таго, як перастанеце быць прэзыдэнтам?
Пра інтэграцыю з Расеяй
— Нядаўна падчас візыту ў Сочы вы сказалі: «Мы заўтра можам аб’яднацца. Але ці гатовыя вы, расейцы і беларусы?» А як вызначыць — ці гатовыя беларусы, ці хочуць яны адмовіцца ад незалежнасьці сваёй дзяржавы?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анэксія, інкарпарацыя, утрыманьне ляяльнасьці? 6 экспэртаў пра расейскую пагрозу БеларусіПра магчымыя прапановы ад Пуціна
— Калі вы і прэзыдэнт Пуцін зусім не абмяркоўвалі ў Сочы «кампэнсацыі падатковага манэўру», то дзеля чаго туды езьдзілі? Калі б прэзыдэнт Пуцін, дапусьцім, прапанаваў вам пасаду віцэ-прэзыдэнта пры ўмове, што Беларусь далучаецца да Расейскай Фэдэрацыі, што б вы яму на гэта адказалі?
Пра заняпад беларускай мовы
— За мінулыя два дзесяцігодзьдзі ў Беларусі істотна зьнізілася колькасьць беларускамоўных школаў. У абласных і раённых цэнтрах амаль не засталося школаў і клясаў зь беларускай мовай навучаньня. Па-беларуску не гаворыць амаль ніхто з чыноўнікаў, няма ніводнай беларускамоўнай ВНУ, на беларускай мове не вядзецца справаводзтва. Ці ня лічыце вы, што гэтым парушаецца Канстытуцыя, якая гарантуе роўнасьць беларускай і рускай моў? Альбо гэта мэтанакіраваная палітыка дзеля пашырэньня «Русского мира»?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вучыцца на роднай мове. 8 фактаў пра беларускія школыПра тытунёвы бізнэс
— У Беларусі дэкляруюць барацьбу за здаровы лад жыцьця, а пры гэтым ніяк не абмяжоўваюць продаж алькаголю і масава адкрываюць кіёскі з цыгарэтамі («Табакеркі»), нягледзячы на пратэсты мясцовых жыхароў. Чаму так адбываецца? Якое дачыненьне да гэтага мае ўлада?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віцебскія ўлады адказалі, чаму не прыбяруць «Табакеркі» з вуліц горадуПра «справу БелТА»
— Ці сочыце вы за «справай БелТА» і судом над Марынай Золатавай? Старшыня Вярхоўнага суду скардзіўся на вялікую ўвагу да працэсу, якая, паводле яго, можа быць «ціскам на суд». А ці ня ёсьць такі суд ціскам на СМІ?
А пра што спыталіся б у Аляксандра Лукашэнкі вы? Дасылайце свае пытаньні ў камэнтарах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 12 пытаньняў Свабоды Аляксандру Лукашэнку ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 6 з паловай пытаньняў Свабоды, на якія адказаў Лукашэнка