«Белпошта» задумала запусьціць сэрвіс email. Што пра гэта думае заснавальнік @tut.by

Ілюстрацыйнае фота

Дзяржаўнае прадпрыемства «Белпошта» плянуе стварыць нацыянальную электронную паштовую сыстэму, расказаў БелТА генэральны дырэктар «Белпошты» Ўладзімер Матусевіч.

Пытаньне аб стварэньні нацыянальнай электроннай пошты цяпер разглядае Палата прадстаўнікоў — яно ўваходзіць у законапраект аб зьменах у закон «Аб паштовай сувязі», які ўжо прыняты ў першым чытаньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белпошта» страціла 4,6 млн рублёў за год празь ліміт у 22 эўра на пасылкі з-за мяжы

У сыстэму абяцаюць уключыць «увесь комплекс электронных паслуг», у тым ліку ідэнтыфікацыю праз электронны лічбавы подпіс і перадачу інфармацыі з паведамленьнем аб атрыманьні. Іншыя падрабязнасьці пра заплянаваны функцыянал і пажаданую дату запуску не агучваюцца.

Што цяпер у Беларусі з электроннай поштай

Самы папулярны беларускі сэрвіс электроннай пошты прапаноўвае партал Tut.by — паштовы сэрвіс, як і сам партал, запусьціўся ў 2000 годзе. Але цяпер пошта Tut.by — гэта фактычна расейскі сэрвіс «Яндекс.Почта» (з колішняга адрасу mail.tut.by карыстальніка перанакіроўваюць на mail.yandex.ru), толькі з адрасам кшталту uzor@tut.by.

Пэўную папулярнасьць таксама мела пошта ад парталу Open.by (адрас мог быць і на @mail.by), але паштовы сэрвіс спынілі ў 2016 годзе (сам партал закрыўся ў пачатку 2015 году).

Распрацоўшчыкі і адміністратары сайтаў могуць самастойна запусьціць пошту на дамэне .by (і нават на кірылічным .бел), скарыстаўшыся паштовымі сэрвісамі ад беларускіх хостынг-правайдэраў, таго ж «Яндэкса» або Google і іншых кампаніяў.

Галоўны будынак беларускай пошты, ілюстрацыйнае фота

Дзяржаўныя органы Беларусі часьцей за ўсё карыстаюцца электроннымі скрынкамі з адрасамі, якія заканчваюцца на gov.by. Але ці для паштовай службы выкарыстоўваюцца беларускія праграмныя распрацоўкі (як Mailgov), ці купляюцца замежныя, невядома. Таксама нярэдка можна пабачыць, што дзяржаўныя службоўцы карыстаюцца поштай Gmail або Mail.ru.

Наўрад ці гэта будзе «Белдзяржэлектрапошта»

Заснавальнік Tut.by Юрый Зісер расказвае Свабодзе: наўрад ці гэта будзе «дзяржаўны email» для ўсіх грамадзянаў, хутчэй будзе сыстэма «Белпошты» нацыянальнага маштабу.

Падобна, кажа Зісер, «Белпошта» добра разумее, што папяровая карэспандэнцыя будзе пераходзіць у лічбавы фармат, і «ня хоча застацца бяз лусты хлеба» — па-ранейшаму браць грошы за паштовыя адпраўленьні. І калі будзе служба дзяржаўных паштовых адпраўленьняў, якая будзе лічыцца дастаткова абароненай, ёй будуць карыстацца. Ці будзе яна запатрабаванай, пакажа час.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 346 адміністрацыйных працэдур можна будзе выканаць праз інтэрнэт. Але давядзецца аднойчы пахадзіць з паперкамі

«Дзяржаўная абароненая электронная пошта даўно існуе, гадоў 15 дык дакладна, — згадвае Зісер. — Цыркуляры з „чырвонага дома“ ў вобласьці і раёны даўно рассылаюцца праз электронную пошту.

Ня ведаю, як цяпер, але раней заводзілі адну скрыню на арганізацыю, якую правяраў сыстэмны адміністратар або сакратар. Многія чыноўнікі былі вымушаныя заводзіць скрынкі на бясплатных сэрвісах, каб іхная перапіска не ішла празь людзей, якія ня мусяць яе чытаць.

Да таго ж бясплатная пошта працуе круглыя суткі, а карпаратыўная можа працаваць толькі ў працоўны час. Ведаю, што пошта Міністэрства абароны 10 гадоў таму працавала з 9 да 18, пасьля выключаліся сэрвэры, бо паводле інструкцыяў ля сэрвэра мусіў быць чалавек. Ня ведаю, як цяпер, але раней яны былі вымушаныя карыстацца бясплатнымі сэрвісамі».

Камэрцыйны сэрвіс можа і атрымацца, але небясплатны

Электронная пошта, адзначае Зісер, гэта вельмі дарагі і працаёмісты сэрвіс, які проста так не акупляецца. Запускаць у Беларусі ўласны сэрвіс бясплатнай электроннай пошты няма эканамічнага сэнсу, «гэтага ніхто ня вытрымае», у тым ліку таму, што давядзецца плаціць за замежны трафік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зісер: Любы прысуд Золатавай, акрамя апраўдальнага, зробіць зь Беларусі краіну-ізгоя

У Tut.by ніколі не было пошты цалкам уласнай распрацоўкі, дадае Зісер: былі ўласныя адрасы і сэрвэры, але паштовы рухавік куплялі. У нейкі момант той паштовы рухавік 2000 году састарэў, умовы выкарыстаньня сталі нявыгаднымі, і якраз тады зьявілася выгадная прапанова пераключыцца на пошту ад Google, што Tut.by і зрабіў у 2009 годзе. Пасьля выгадная партнэрская прапанова ад Google скончылася, давялося шукаць новы паштовы сэрвіс — і ў 2015 годзе пошту Tut.by перавялі на сэрвіс «Яндэкса».

Але платная пошта — зусім іншая справа, «не праблема», тлумачыць Зісер. Усё залежыць ад маркетынгавых магчымасьцяў «Белпошты», зручнасьці і бясьпекі, а таксама юрыдычнай «раўнапраўнасьці» электроннай і папяровай пошты.