Віцебскі гарвыканкам адказаў на пэтыцыю, пад якой была сабрана рэкордная колькасьць подпісаў: 2035 чалавек цягам двух тыдняў падпісаліся за тое, каб на транспартных прыпынках не разьмяшчалі шапікі з тытунёвымі вырабамі. У адказе гаворыцца, што ніякіх законных падставаў, каб забараніць устаноўку «Табакерак», няма.
Зьвяртаючыся да гарадзкіх уладаў, аўтар пэтыцыі Яўген Крыскевіч апэляваў да нядаўняга Дэкрэту № 2 «Аб дзяржаўным рэгуляваньні вытворчасьці, абароту і спажываньня тытунёвай сыравіны і тытунёвых вырабаў» (ад 24 студзеня 2019 году).
Згодна з дэкрэтам, курыць на прыпыначных пунктах цяпер забаронена. Ставіць цыгарэтныя шапікі на віцебскіх прыпынках цалкам супярэчыць гэтаму пункту прэзыдэнцкага дэкрэту, бо «Табакеркі» — прамая рэкляма курэньня.
У камэнтарах да пэтыцыі гараджане зазначалі, што некаторыя шапікі стаяць побач зь дзіцячымі і мэдычнымі ўстановамі і што «Табакерак» надта шмат: адзін з жыхароў Віцебску налічыў 7 шапікаў на адлегласьці ў два тралейбусныя прыпынкі па праспэкце Фрунзэ.
Аргумэнты тых, хто супраць «Табакерак»
- «Табакеркі» псуюць аблічча гораду;
- Ставіць «Табакеркі» супярэчыць прапагандзе здаровага ладу жыцьця, якая вядзецца на дзяржаўным узроўні;
- «Табакеркі» ставяць як паасобку, так і ў адзіным комплексе з абсталяваньнем транспартных прыпынкаў. Курыць у гэтых месцах забаронена, і продаж тытунёвых вырабаў выглядае нелягічным.
- Асартымэнт «Табакерак» прыцягвае ўвагу дзяцей і падлеткаў, бо там прадаюцца шакалядкі, печыва ды іншыя ласункі. Гэта можа спарадзіць цікаўнасьць і да тытунёвых вырабаў.
Аргумэнты гарвыканкаму
- Устаноўка «Табакерак» не супярэчыць заканадаўству;
- Абсталяваньне прыпынкаў у комплексе з шапікамі робіцца за кошт устаноўшчыка «Табакерак» — СЗАТ «Энэрга-Оіл». І гэта дазваляе эканоміць бюджэтныя сродкі;
- Месцы вызначаюцца гарадзкімі ўладамі разам з інвэстарам;
- Продаж тытунёвых вырабаў у «Табакерках» не зьяўляецца іх рэклямаваньнем.
Адмову задаволіць патрабаваньні пратэстоўцаў падпісаў намесьнік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Сяргей Саглаеў.
Віцябляне пратэстуюць супраць «Табакерак» ня толькі праз пэтыцыі. На пачатку лютага віцебскія шоўмэны Аляксандар Карэнман і Эдуард Буевіч зьнялі гумарыстычны відэаролік пра тытунёвыя шапікі і заклікі дзяржавы да здаровага ладу жыцьця . У Тэлеграм-канале «Витебск на ладони» чытачы выклалі сатырычны фотакаляж, пэрсанажы якога — вядомая віцебская скульптура Старога Хатабыча і шапік «Табакерка».
Шапікі, каб ставіць у рэгіёне, вырабляюць тут жа, у Віцебску: цэх — на тэрыторыі заводу ВІЗАС. На вытворчасьці парушаюцца правілы аховы працы: у цэху няма ацяпленьня, вэнтыляцыі і належнага асьвятленьня, піша адзін з тамтэйшых работнікаў у пабліку «Витебск. Черный список».
У Віцебску паставілі ўжо 120 «Табакерак», зьбіраюцца ставіць яшчэ 60.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З цэнтральных вуліц Салігорску прыбяруць «Табакеркі», экспансію якіх ухваліў ЛукашэнкаХто стаіць за экспансіяй «Табакерак»
У кастрычніку 2018 году Tut.by са спасылкай на інфармаваныя крыніцы паведаміў, што кампанія «Энерга-Оіл», падкантрольная аднаму з найбагацейшых людзей Беларусі Аляксею Алексіну, створыць у краіне амаль 2500 гандлёвых пунктаў продажу цыгарэт, у тым ліку 500 у Менску.
Паводле крыніц, выканкамы мусяць без аўкцыёну перадаць у арэнду інвэстару зямельныя ўчасткі для будаўніцтва і абслугоўваньня гандлёвых аб’ектаў.
У сьнежні 2017-га Лукашэнка даручыў Алексіну стварыць «адзіную тавараправодную сетку» для тытунёвай прадукцыі на ўнутраным і замежным рынках.
Ад жніўня 2018 году «Энерга-Оіл» — адзіны апэратар продажу вырабаў Горадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман».
«Энэрга-Оіл» — другі імпартэр цыгарэт у Беларусь. Раней права ўвозіць цыгарэты ў краіну меў толькі «Беларусьгандаль» Упраўленьня справамі прэзыдэнта.
У рэйтынгу часопіса «Ежедневник» Аляксей Алексін займаў 4-е месца сярод самых пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў 2019 году. У ліку ягоных актываў былі беларускія «Белнафтагаз» і «Энерга-Оіл» (займаецца ня толькі нафтай, але і гатэльным, банкаўскім і тытунёвым бізнэсам), літоўская Neonafta ды іншыя нафтавыя кампаніі, МТБанк, маладэчанская мясная кампанія «Вялес-Міт», шэраг аб’ектаў нерухомасьці, лягістычныя кампаніі ў Беларусі і гандлёвыя фірмы ў Латвіі ды іншае. Да 2012 году быў партнэрам Юрыя Чыжа.
Пасьля пагрозы ўвядзеньня санкцый супраць Аляксея Алексіна ў 2020 годзе ён выйшаў з складу ўласьнікаў «Энэрга-Ойл» і «Белнафтагазу». Асноўнымі акцыянэрамі «МТБанку» цяпер запісаныя ягоныя сыны Віталь і Дзьмітрый і іх маці Іна — яны валодаюць больш як 99% акцый банку.