Украіна: як гэта, калі дзейны прэзыдэнт не фаварыт выбарчай гонкі

Пятро Парашэнка, архіўнае фота

У разгар перадвыбарнай агітацыі ва Ўкраіне Свабода разьбіралася, як праводзіць сваю кампанію прэзыдэнт Пятро Парашэнка, ці мае ён шанцы на перамогу, што ў ягоным актыве, а што ў пасіве, і чаму ва Ўкраіне дзейны прэзыдэнт ня мае гарантыяў на «аўтаматычнае» перавыбраньне, як гэта адбываецца ў Беларусі і Расеі.

Сьцісла

  • У адрозьненьні ад Расеі і ад Беларусі, ва Ўкраіне нават за два дні да галасаваньня наўрад ці можна пэўна прадказаць пераможцу.
  • Пятро Парашэнка актыўна прысутнічае ва ўкраінскай палітыцы з 1998 году.
  • У 2014 годзе Парашэнка перамог у першым туры прэзыдэнцкіх выбараў, прызначаных пазачаргова пасьля ўцёкаў Віктара Януковіча, атрымаўшы падтрымку 54,7 % выбарнікаў.
  • Парашэнка лічыць сваімі дасягненьнямі на пасадзе:
    • стварэньне антырасейскай міжнароднай кааліцыі, якая дазволіла ўвесьці санкцыі супраць Расеі;
    • аднаўленьне баяздольнасьці войска, якое стрымала наступ расейскіх войскаў у жніўні 2014-га;
    • адкрыцьцё новых прадпрыемстваў і рэформу праваахоўных органаў,
    • стварэньне аўтакефальнай праваслаўнай царквы.
  • Мэта Парашэнкі на наступныя пяць гадоў – заяўка Ўкраіны на ўступленьне ў Эўразьвяз і NATO.
  • Парашэнку крытыкуюць за слабую барацьбу з карупцыяй.

Два тэрміны прабыў толькі Кучма

За ўвесь час незалежнасьці ва Ўкраіне толькі адзін прэзыдэнт — Леанід Кучма — змог двойчы захаваць за сабой прэзыдэнцкую пасаду. Усе іншыя яе страчвалі пасьля піку папулярнасьці — і Леанід Краўчук, і Віктар Юшчанка. Толькі адзіны прэзыдэнт — Віктар Януковіч — не завяршыў сваю кадэнцыю ў выніку масавых акцый пратэсту, якія ахапілі краіну ў канцы 2013-га — на пачатку 2014 году, і ўцёк у Расею, а пасьля быў завочна асуджаны за дзяржаўную здраду.

Падчас Рэвалюцыі Годнасьці 5 гадоў таму людзі на вуліцы выйшлі на знак пратэсту супраць адмовы Януковіча ад эўраінтэграцыйнага курсу Ўкраіны, пазьней — з-за жорсткага задушэньня студэнцкага пратэсту. Людзі патрабавалі кардынальных зьменаў дзяржаўнай сыстэмы, і такія надзеі зьвязвалі менавіта з асобай Пятра Парашэнкі.

Чый шлях паўторыць Пятро Парашэнка — Леаніда Кучмы ці Леаніда Краўчука і Віктара Юшчанкі? Адказ на гэтае пытаньне стане вядомым празь некалькі дзён пасьля 31 сакавіка, дня галасаваньня. А ў выпадку, калі ніводзін з 44 кандыдатаў не атрымае больш за палову галасоў выбарнікаў, якія прыйдуць на ўчасткі, на 21 красавіка мусіць быць прызначаны другі тур галасаваньня.

Пакуль нават сацыялягічныя апытаньні, якія праводзяць кожныя два тыдні ва Ўкраіне розныя лябараторыі (і замежныя, і ўкраінскія), нельга лічыць праўдзівым адлюстраваньнем электаральных сымпатый. Іхныя вынікі ўсяго толькі сьведчаць пра фаварытаў кампаніі. Гэтым і цікавыя кожныя выбары ва Ўкраіне, бо, у адрозьненьне ад Расеі і ад Беларусі, нават за два дні да галасаваньня наўрад ці можна пэўна прадказаць пераможцу.

Багатая палітычная біяграфія Парашэнкі

Сваё палітычнае жыцьцё Пятро Парашэнка пачаў у 1998 годзе зь сяброўства ў Сацыял-дэмакратычнай партыі, якую тады ачольваў Віктар Медзьвядчук — цяперашні кум расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, прадстаўнік у менскай Трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе.

Менавіта паводле сьпісаў гэтай партыі Пятро Парашэнка ўпершыню выбіраўся ў Вярхоўную Раду. Што праўда, праз два гады, у 2000-м, ён стварыў сваю партыю «Салідарнасьць», на аснове якой пазьней паўстала Партыя рэгіёнаў (пэўны час Пятро Парашэнка быў нават адным зь яе кіраўнікоў).

Але і ў Партыі рэгіёнаў ён надоўга не затрымаўся — ужо ў 2001-м разам са сваёй партыяй «Салідарнасьць» Пятро Парашэнка далучыўся да выбарчага блёку Віктара Юшчанкі «Наша Ўкраіна», і ўжо ад гэтага блёку працаваў дэпутатам у парлямэнце. Пасля перамогі Віктара Юшчанкі на прэзыдэнцкіх выбарах у 2004 годзе на базе гэтага блёку была створаная аднайменная партыя, у якой ён таксама ўвайшоў у кіраўніцкі склад.

Пятро Парашэнка, 2005 год

Пасьля Аранжавай рэвалюцыі Пятро Парашэнка быў адной з кандыдатур на пасаду прэмʼер-міністра (тады, паводле Канстытуцыі Ўкраіны, менавіта прэзыдэнт вызначаўся з прэтэндэнтам на гэтую пасаду). Але ўрад ачоліла Юлія Цімашэнка, а Пятро Парашэнка быў прызначаны сакратаром Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны, у межах якой ён фактычна стварыў «альтэрнатыўны кабінэт міністраў» і такім чынам заклаў глебу для шматлікіх канфліктаў, якія ўсё часьцей і часьцей узьнікалі між Віктарам Юшчанкам і Юліяй Цімашэнкай. А ў выніку гэта прывяло да рэваншу Партыі рэгіёнаў у 2010 годзе.

У часе прэзыдэнцтва Віктара Юшчанкі Пятро Парашэнка працаваў шмат дзе — і старшынёй Рады Нацыянальнага банку Ўкраіны, і міністрам замежных спраў. З апошняй пасады яго звольніў ужо прэзыдэнт Віктар Януковіч, выбраны прэзыдэнтам у 2010 годзе. Што праўда, ужо ў 2012 годзе Пятро Парашэнка вярнуўся ва ўрад Міколы Азарава, каб ачоліць Міністэрства эканамічнага разьвіцьця і гандлю. Але ў 2012 годзе быў адпраўлены ў адстаўку разам з усім тагачасным складам кабінэту міністраў.

Пятро Парашэнка і Юлія Цімашэнка ў Вярхоўнай Радзе, 2006 год

Быў блізкі да выбарнага рэкорду

Нягледзячы на частую зьмену палітычных пазыцый, Пятро Парашэнка ў 2014 годзе наблізіўся да выбарнага рэкорду ва Ўкраіне — перамог у першым туры прэзыдэнцкіх выбараў, прызначаных пазачаргова пасьля ўцёкаў Віктара Януковіча, атрымаўшы падтрымку 54,7% выбарнікаў. Больш меў толькі першы прэзыдэнт Украіны Леанід Краўчук (61,59%) у 1991-м.

Цяпер Пятро Парашэнка мае ўсе шанцы паўтарыць і рэкорд Леаніда Кучмы — застацца прэзыдэнтам на другі тэрмін. Праўда, для гэтага давядзецца прыкласьці шмат намаганьняў — за амаль пяць гадоў прэзыдэнцтва ягоны рэйтынг зьнізіўся з 54,7% у траўні 2014 году да 6,43% у лістападзе 2018-га.

За апошнія чатыры месяцы Пятро Парашэнка змог крыху аднавіць падтрымку выбарнікаў у сацапытаньнях, але ўсё ж пакуль ён больш як на 4% адстае ад свайго галоўнага канкурэнта-непалітыка — актора і бізнэсоўца Ўладзіміра Зяленскага і неістотна, усяго на 1,5%, апярэджвае Юлію Цімашэнку.

Што зрабіў на пасадзе прэзыдэнта

Паводле аналітыкаў, посьпех Пятра Парашэнкі ў 2014 годзе быў выкліканы некалькімі фактарамі. Найперш, гэта стала вынікам надзвычайнай кансалідацыі грамадзтва — пасьля ахвяр у часе Рэвалюцыі Годнасьці, анэксіі Расеяй Крыму і пачатку сэпаратысцкіх баёў на Данбасе. Ён абяцаў аднавіць эўраінтэграцыйны курс краіны і ўсталяваць мір на працягу некалькіх тыдняў. І калі першае абяцаньне было выканана пасьпяхова, то за невыкананьне другога давялося неаднойчы прасіць прабачэньня.

У сваёй выбарчай кампаніі Пятро Парашэнка робіць акцэнт на сваіх дасягненьнях —

  • стварэньні антырасейскай міжнароднай кааліцыі, якая дазволіла ўвесьці санкцыі супраць Расеі;
  • аднаўленьні баяздольнасьці войска, якое стрымала наступ расейскіх войскаў у жніўні 2014-га;
  • адкрыцьці новых прадпрыемстваў і рэформе праваахоўных органаў.

Мэта на наступныя пяць гадоў — заяўка Ўкраіны на ўступленьне ў Эўразьвяз і NATO.

З другога боку, шэраг пазытыўных зьменаў, такіх як, напрыклад, стварэньне антыкарупцыйных органаў і перасьлед за злачынствы на Майдане, наўрад ці былі магчымыя без таго ціску, які на ўладу ажыцьцяўляла менавіта грамадзкасьць.

Асобнай заслугай прэзыдэнта Парашэнкі стала стварэньне Адзінай памеснай праваслаўнай царквы ва Ўкраіне, што стала, па сутнасьці, эпахальнай падзеяй. Экспэрты, дарэчы, менавіта з гэтым зьвязваюць і паляпшэньне выбарчага рэйтынгу Пятра Парашэнкі на пачатку году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апошні крок да аўтакефаліі. 7 фактаў пра аб’яднаўчы сабор трох праваслаўных цэркваў Украіны

Дасягненьні і недахопы

Але менавіта да гэтых дасягненьняў у былых прыхільнікаў Парашэнкі і найбольш прэтэнзій. Яны лічаць правальнымі вайсковыя кампаніі ў Дэбальцаве і Ілавайску, якія прывялі да неэфэктыўных менскіх пагадненьняў. Як вынік, ва ўкраінскую палітыку вярнуўся Віктар Медзьвядчук, які быў непублічным нават у часы праўленьня Януковіча. Цяпер ён плянуе балятавацца са сваёй палітычнай сілай у Вярхоўную Раду і мае свайго кандыдата на прэзыдэнта — Юрыя Бойку (ён у рэйтынгу электаральных сымпатый на чацьвёртым месцы — з 6,3%).

Незадаволенасьць выклікае і адсутнасьць рэальнай барацьбы з карупцыяй — супраць чыноўнікаў ніжняга ўзроўню спраў шмат, але яны адкрытыя за факты ня вельмі значных сум хабараў. Справы ж, якія адкрываліся паводле фактаў раскраданьня бюджэтных сродкаў ці незаконнага ўзбагачэньня народных дэпутатаў, закрываюцца акурат перад выбарамі.

У пасіве Пятра Парашэнкі і кадравая палітыка, якая датычылася

  • кіраўніцтва Нацыянальнага банку (Валерыю Гонтараву, якая пайшла ў адстаўку ў сакавіку 2018 году, падазравалі ў вывядзеньні грошай за межы Ўкраіны праз сваю кампанію, абвінавачвалі ў наўмысным абясцэньваньні грыўні),
  • Міністэрства абароны (у найбольш «гарачы» на Данбасе пэрыяд у 2014 годзе яго ачольваў кіраўнік дзяржаўнай аховы Валеры Гелятэй) і
  • Генэральнай пракуратуры (замена Віктара Шокіна на Юрыя Луцэнку, калі пад прызначэньне апошняга ў Вярхоўнай Радзе зьмянілі заканадаўства аб неабавязковасьці профільнай юрыдычнай адукацыі для прэтэндэнта на пасаду генэральнага пракурора).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаго больш за ўсё баяцца суседзі Беларусі

У актывістаў Рэвалюцы годнасьці не выклікае захапленьня і супраца Пятра Парашэнкі з прадстаўнікамі мінулай улады — з мэрам Харкава Генадзем Кернэсам і мэрам Адэсы Генадзем Труханавым. Генадзь Кернэс абвінавачваўся ў выкраданьні і пагрозах забойствам двум удзельнікам харкаўскага Эўрамайдану, але суд закрыў справу, бо прадстаўнікі пракуратуры доўгі час не зьяўляліся на судовыя паседжаньні. Генадзь Труханаў абвінавачваўся ў незаконным выкарыстаньні бюджэтных грошай і службовага становішча, справа дагэтуль разглядаецца ў судзе. Яго не змаглі арыштаваць на час расьсьледаваньня: у судзе, калі вырашалася гэтае пытаньне, дэпутат фракцыі «Блёк Пятра Парашэнкі» Дзьмітро Голубаў за яго паручыўся.

Сярод сьвежых прэтэнзій — выкарыстаньне службовай пасады ў часе выбарчай кампаніі: Пятро Парашэнка штодня наведвае рэгіёны, дзе пераразае «чырвоныя» стужачкі на новых абʼектах, будаўніцтве дарог, адкрыцьці мэдыцынскіх устаноў і спартовых цэнтраў. На падставе аднаго з эпізодаў галоўны канкурэнт прэзыдэнта Юлія Цімашэнка нават зьвярталася ў суд, каб той прызнаў супрацьпраўным выкарыстаньне Пятром Парашэнкам бюджэтных грошай для правядзеньня агітацыйнай кампаніі. Праўда, суд адмовіўся задаволіць ейны пазоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве прайшоў «мітынг супраць праплочаных мітынгаў». Кажуць, удзельнікам абяцалі заплаціць і падманулі

Хто працуе на Парашэнку

Галоўны стратэг выбарчай кампаніі Пятра Парашэнкі — ягоны даўні паліттэхноляг Ігар Грыніў, а выбарчым штабам кіруе першы намесьнік кіраўніка Адміністрацыі Прэзыдэнта Віталь Кавальчук. Праўда, штаб адказвае толькі за арганізацыйныя пытаньні.

Найбліжэйшымі раднікамі ў стратэгіі кампаніі называюць

  • міністра інфармацыйнай палітыкі Юрыя Стэца,
  • прэсавага сакратара прэзыдэнта Сьвятаслава Цэголку,
  • сьпічрайтэра Алега Мядзьведзева (да 2014 году ён працаваў зь Юліяй Цімашэнкай. — РС) і
  • дырэктара Нацыянальнага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Расьціслава Паўленку.

Пасьля дзьвюх спробаў Юліі Цімашэнкі прыцягнуць увагу праваахоўных органаў да, як яна лічыць, парушэньняў Пятром Парашэнкам выбарчага заканадаўства, у ягоным выбарчым штабе паабяцалі ўдакладняць для сродкаў масавай інфармацыі мэты паездак прэзыдэнта: працоўная, адпаведна ягоным паўнамоцтвам, ці перадвыбарчая.

«Тыя мерапрыемствы, у якіх Парашэнка падчас паездкі ў рэгіёны будзе ўдзельнічаць у якасьці кандыдата ў прэзыдэнты, і зьвязаныя зь імі выдаткі будуць фіксавацца асобна і аплочвацца з выбарчага фонду кандыдата ў прэзыдэнты», — падкрэсьліў на брыфінгу ў чацьвер Алег Мядзьведзеў. Ён лічыцца афіцыйным сьпікерам выбарчага штабу Парашэнкі.

Алег Мядзьведзеў

Алег Мядзьведзеў таксама зьвярнуў увагу на тое, што, згодна з Канстытуцыяй Украіны, прэзыдэнт ня мае права на час выбарчай кампаніі ісьці ў адпачынак, бо мусіць бесьперапынна выконваць свае абавязкі.

Хто фінансуе кампанію

Паводле інфармацыі штабу, агітацыйная кампанія праводзіцца за ўласныя сродкі Пятра Парашэнкі — у свой выбарчы фонд ён унёс 90 мільёнаў грыўняў (амаль 3,5 мільёна даляраў у эквіваленце).

Кіраўнік штабу Віталь Кавальчук заявіў, што каманда дзейнага прэзыдэнта прадэманструе краіне, як праводзіць сумленную і чыстую выбарчую кампанію. І прапанаваў грамадзкасьці правесьці маніторынг крыніц напаўненьня выбарчых фондаў усіх кандыдатаў з пункту гледжаньня адпаведнасьці рэальным выдаткам кампаніі.

Але ўсе гэтыя заявы прагучалі толькі пасьля таго, як каманда апанэнтаў з партыі «Бацькаўшчына» абвінаваціла выбарчы штаб Пятра Парашэнкі ў стварэньні «сеткі агітатараў» для подкупу выбарнікаў.

Юлія Цімашэнка падчас сустрэчы з прыхільнікамі

Дарэчы, паводле такой жа схемы працавала і каманда Юліі Цімашэнкі — напярэдадні супрацоўнікі Службы бясьпекі Ўкраіны правялі ператрусы ў актывістаў яе выбарчай кампаніі і знайшлі грошы і дакумэнты, якія нібыта сьведчаць пра арганізацыю злачыннай групоўкі для масавага подкупу выбарнікаў і фальсыфікацыі вынікаў выбараў. Заведзена крымінальная справа.

Хто найбольш зручны апанэнт Парашэнку

Паводле сацыялягічнага апытаньня Цэнтра Разумкова, у выпадку другога туру толькі Ўладзімір Зяленскі перамагае абаіх сваіх апанэнтаў — і Пятра Парашэнку, і Юлію Цімашэнку. У выпадку ж выхаду ў другі тур Пятра Парашэнкі і Юліі Цімашэнкі дзейнага прэзыдэнта падтрымаюць 20%, а лідэрку партыі «Бацькаўшчына» — 22,4%. Гэта значыць, адрыў паміж кандыдатамі ў гэтай пары невялікі — абое маюць шанцы на перамогу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінцы хочуць прэзыдэнта, які будзе як Лукашэнка і павядзе іх у Эўропу

Экспэрты таксама мяркуюць, што для Пятра Парашэнкі выхад у другі тур разам зь Юліяй Цімашэнкай найбольш зручны — тады ён мае больш шанцаў на перамогу.

Заўвагі ад назіральнікаў

Згодна зь першай справаздачай грамадзянскай сеткі ОПОРА па выніках доўгатэрміновага назіраньня за выбарчай кампаніяй, Пятро Парашэнка лідэр у агітацыйнай актыўнасьці — пра ягоную дзейнасьць паведамляла больш тэлеканалаў і радыёстанцый, а таксама часьцей пісалі ў друкаваных СМІ. У дзейнага прэзыдэнта больш вонкавай рэклямы і рэгіянальных паездак.

Назіральнікі адзначаюць, што менавіта агітатары Пятра Парашэнкі часьцей абʼядноўвалі агітацыйную кампанію са зборам пэрсанальных зьвестак выбарнікаў, і зьвяртаюць увагу на выпадкі ўцягваньня супрацоўнікаў бюджэтнай сфэры і мясцовых органаў улады ў правядзеньне ці арганізацыю асобных акцый з удзелам Пятра Парашэнкі і Алега Ляшко.

Што трэба ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне

  • Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся ў два туры 31 сакавіка і 21 красавіка 2019 году.
  • Па выніках першага туру найбольш галасоў набралі шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,24% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (15,95%). На трэцім месцы па выніках галасаваньня апынулася Юлія Цімашэнка — 13,40%, далей ідуць Юры Бойка (11,67%) і Анатоль Грыцэнка (6,91%).
  • У другім туры перамог Зяленскі. Паводле папярэдніх вынікаў, ён набраў звыш 73% галасоў, Парашэнка атрымаў каля 24,5%.
  • Прэзыдэнт Украіны выбіраецца на ўсенародных выбарах на пяць гадоў. На гэтую пасаду, як і ў Беларусі, можа прэтэндаваць любы грамадзянін, якому споўнілася 35 гадоў. Заканадаўства абмяжоўвае магчымасьць балятавацца больш чым на два тэрміны.
  • Ва Ўкраіне парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня. Як вынік, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый. Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.

Ілюстрацыйнае фота. Выбары ва Ўкраіне

  • Прэзыдэнт Украіны не адказвае за эканамічную палітыку, але практычна ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі маніпулююць выбарнікамі, абяцаючы зьніжэньне тарыфаў, цэнаў, а таксама павелічэньне заробкаў і пэнсій. У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладваць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.
  • Прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў.
  • Адначасова прэзыдэнт Украіны зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынёй Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, склад якой таксама вызначае кіраўнік дзяржавы.
  • Сёлетнія выбары былі найбольш канкурэнтнымі за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны — для рэгістрацыі кандыдатам у Цэнтральную выбарчую камісію зьвярнуліся амаль 90 грамадзян, былі зарэгістраваныя 44 кандыдаты. Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.

Ілюстрацыйнае фота

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тры гады запар эканоміка Ўкраіны расьце»,— вялікае інтэрвію зь міністаркай фінансаў Украіны