Будучы прэзыдэнт Украіны павінен працягнуць курс на Эўропу, пры гэтым ён павінен браць прыклад зь беларускага калегі Аляксандра Лукашэнкі.
Такія чаканьні ўкраінцаў адлюстраваліся ў апытаньні, якое 14 лютага прадставілі экспэрты Цэнтру «Новая Эўропа» з Кіеву.
Галоўны пазытыў
Як адзначылі экспэрты Цэнтру, галоўным пазытывам апытаньня зьяўляецца тое, што больш за палову апытаных называюць эўраінтэграцыю Ўкраіны «безальтэрнатыўным курсам» зьнешняй палітыкі дзяржавы. Для 54 адсоткаў ўкраінцаў важна, каб новы прэзыдэнт працягнуў курс на эўраінтэграцыю.
Паводле дырэктара Цэнтру «Новая Эўропа» Сяргея Салодкага, найбольш увагі на праэўрапейскасьць курсу зьвяртаюць выбаршчыкі на захадзе Ўкраіны (больш за 70 адсоткаў апытаных), менш за ўсё — на ўсходзе (34 адсоткі). Акрамя таго, на поўдні і ўсходзе краіны многія выбаршчыкі гатовыя галасаваць за кандыдата, які спыніць эўраінтэграцыю (больш за 16% і 13%, адпаведна).
У апытаньні ўзялі ўдзел больш за дзьве з паловай тысячы чалавек у розных абласьцях Украіны, за выключэньнем анэксаванага Крыму і акупаванай часткі Данбасу.
Стыль Лукашэнкі ў фаворы
Да гэтага часу прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін застаецца ўзорам для больш за 7 адсоткаў жыхароў поўдня і 6% насельніцтва усходу Украіны, адзначаюць экспэрты. Але ў тройцы замежных лідэраў, зь якіх, на думку апытаных, мае браць прыклад будучы прэзыдэнт Украіны, Пуцін адсутнічае, адзначаюць экспэрты.
«Будучы прэзыдэнт Украіны павінен браць прыклад з прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, нямецкага канцлера Ангелы Мэркель і прэзыдэнта Літвы Далі Грыбаўскайце. У рэгіянальным разрэзе на захадзе Ўкраіны больш прыхільнікаў Мэркель, у астатніх рэгіёнах лідэруе Лукашэнка», — адзначыў Сяргей Салодкі.
Украінскія экспэрты тлумачаць «фэномэн Лукашэнкі» па-рознаму.
Яўген Глыбавіцкі лічыць, што для многіх ўкраінцаў прэзыдэнт Беларусі ўвасабляе дзяржаўнага лідэра, здольнага хутка і апэратыўна прымаць «простыя рашэньні», і кіраўніка суседняй дзяржавы, з боку якога няма небясьпекі для Украіна (у адрозьненьне ад лідэра суседняй Расеі).
На думку Сяргея Грабоўскага, сярод ўкраінцаў нямала тых, каму імпануе якраз цьвёрдасьць Лукашэнкі, яго жорсткі стыль кіраваньня. Для многіх ўкраінцаў Лукашэнка зьяўляецца антыподам ўкраінскіх алігархаў, для якіх палітыка — частка іх бізнэс-інтарэсаў, адзначае экспэрт.
«На фоне адсутнасьці сур’ёзных рэформаў і карупцыі, на фоне расейскай агрэсіі супраць Украіны ў многіх украінцаў узьнікае жаданьне бачыць ва ўладзе цьвёрдага палітыка, які здольны рашуча перамагаць ўнутраных і зьнешніх ворагаў нават за кошт часовага зьмяншэньня правоў і свабодаў грамадзян», — кажа Грабоўскі.