Актор і бізнэсовец Уладзімір Зяленскі замацаваў першую пазыцыю сярод кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны — за ягоную кандыдатуру маюць намер прагаласаваць 17,5% выбарнікаў.
Згодна з вынікамі апытаньня, якое правяла сацыялягічная служба Цэнтру Разумкова з 7 па 14 лютага, на другім месцы — дзейны прэзыдэнт Пятро Парашэнка (13,1%), а на трэцім — лідэрка партыі «Бацькаўшчына» Юлія Цімашэнка (11.5%).
Раней Зяленскі быў на першым месцы зь невялікім адрывам ад Цімашэнкі, а Парашэнка ішоў на трэцім месцы. Цяпер у Зяленскага істотны адрыў, які перавышае магчымую памылку выбаркі.
У «шасьцёрцы» лідэраў выбарчай гонкі — Анатоль Грыцэнка (5,9%), Юры Бойка (6,3%) і Алег Ляшко (4,3%).
Пры гэтым толькі 10,2% апытаных заявілі, што не плянуюць удзельнічаць у выбарах, і яшчэ 16,3% ня вызначыліся са сваім кандыдатам. Паводле апытаньня, 22 кандыдаты ўвогуле ня маюць шансаў — у рэтыйнгу сымпатый яны набіраюць 0-0,1% галасоў.
Для перамогі ў першым туры кандыдат мае атрымаць больш за палову галасоў выбарнікаў, якія прыйдуць на выбарчыя ўчасткі. У іншым выпадку адбудзецца другі тур.
У выпадку другога туру, паводле апытаньня, Уладзімір Зяленскі перамагае абаіх сваіх апанэнтаў — і Пятра Парашэнку, і Юлію Цімашэнку. У пары з дзейным прэзыдэнтам актору аддаюць свае галасы 32,2% апытаных супраць 19,1% у Пятра Парашэнкі, і 28,7% супраць 18,6% у Юліі Цімашэнкі.
У выпадку выхаду ў другі тур Пятра Парашэнкі і Юліі Цімашэнкі, дзейнага прэзыдэнта падтрымаюць 20%, а лідэрку партыі «Бацькаўшчына» — 22,4%. Сацыёлягі зьвяртаюць увагу, што адрыў паміж кандыдатамі невялікі і знаходзіцца ў межах памылкі выбаркі — абое прэтэндэнты ў гэтай пары маюць шанцы на перамогу.
Што трэба ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне
- Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся ў два туры 31 сакавіка і 21 красавіка 2019 году.
- Па выніках першага туру найбольш галасоў набралі шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,24% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (15,95%). На трэцім месцы па выніках галасаваньня апынулася Юлія Цімашэнка — 13,40%, далей ідуць Юры Бойка (11,67%) і Анатоль Грыцэнка (6,91%).
- У другім туры перамог Зяленскі. Паводле папярэдніх вынікаў, ён набраў звыш 73% галасоў, Парашэнка атрымаў каля 24,5%.
- Прэзыдэнт Украіны выбіраецца на ўсенародных выбарах на пяць гадоў. На гэтую пасаду, як і ў Беларусі, можа прэтэндаваць любы грамадзянін, якому споўнілася 35 гадоў. Заканадаўства абмяжоўвае магчымасьць балятавацца больш чым на два тэрміны.
- Ва Ўкраіне парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня. Як вынік, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый. Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.
- Прэзыдэнт Украіны не адказвае за эканамічную палітыку, але практычна ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі маніпулююць выбарнікамі, абяцаючы зьніжэньне тарыфаў, цэнаў, а таксама павелічэньне заробкаў і пэнсій. У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладваць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.
- Прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў.
- Адначасова прэзыдэнт Украіны зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынёй Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, склад якой таксама вызначае кіраўнік дзяржавы.
- Сёлетнія выбары былі найбольш канкурэнтнымі за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны — для рэгістрацыі кандыдатам у Цэнтральную выбарчую камісію зьвярнуліся амаль 90 грамадзян, былі зарэгістраваныя 44 кандыдаты. Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.