Рэдактар Tut.by Ульяна Бабаед расказала ў судзе па «справе БелТА», чаму карысталася паролем агенцтва.
14 лютага на працэсе па справе Марыны Золатавай працягнуўся допыт сьведак. Ульяна Бабаед была адной з 14 фігурантак «справы БелТА», справа ў дачыненьні да яе была спыненая пасьля сплаты кампэнсацыі.
Даючы паказаньні суду, Ульяна Бабаед прызнала, што карысталася паролем і логінам доступу да стужкі навін агенцтва БелТА. Паводле рэдактара Tut.by, пароль застаўся ў яе з папярэдняга месца працы ў выданьні «„Комсомольская правда“ в Белоруссии».
«Пароль я працягвала выкарыстоўваць па звычцы, — расказала Ўльяна Бабаед у судзе. — Ён быў убіты ў маім браўзэры, і я працягвала ім карыстацца. Калі я звальнялася з „Камсамольскай праўды“, мяне ніхто не папярэдзіў, што карыстацца паролем больш нельга. Мяркую, каб доступ да інфармацыі лічыўся несанкцыянаваным, нешта павінна яго забараняць. Мне ніхто нічога не забараняў».
Ульяна Бабаед пералічыла некаторыя з публікацый, якія, паводле сьледзтва, былі зробленыя пасьля несанкцыянаванага доступу да інфармацыі агенцтва БелТА. Паводле рэдактара парталу Tut.by, усе яны былі зробленыя ўжо пасьля таго, як агенцтва БелТА апублікавала аналягічныя навіны ў агульным доступе на сваім сайце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад фігуранткі справы БелТА патрабуюць стаць на ўлік у міліцыі. Ці законна гэта?Паводле слоў Ульяны Бабаед, яна кампэнсавала прычыненую агенцтву БелТА шкоду памерам больш чым 8 тысяч рублёў. У выніку кожная з апублікаваных на партале Tut.by нататак, у якіх выкарыстоўвалася інфармацыя з платнай стужкі БелТА, каштавала рэдактару 451 рубель.
Бабаед таксама адзначыла, што Марына Золатава даведалася пра выкарыстаньне ёю пароляў да стужкі БелТА толькі 19 сакавіка 2018 году. Пасьля гэтай даты Ўльяна Бабаед яшчэ некалькі разоў карысталася паролем, але паступова перастала гэта рабіць.
Пасьля допыту Ўльяны Бабаед у судзе пракурор падала хадайніцтва аб агалошваньні матэрыялаў справы ў сувязі «са значнымі рознагалосьсямі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы супрацоўнік Tut.by: Сьледчыя дамагаліся паказаньняў, што Золатава патрабавала выкарыстоўваць чужыя пароліЗгодна з пратаколам допытаў Ульяны Бабаед, датаванымі 7 жніўня (у гэты дзень адбыліся ператрусы ў рэдакцыях і на прыватных кватэрах некаторых журналістаў і рэдактараў. — РС), яна дапускала, што Марына Золатава магла быць у курсе таго, што супрацоўнікі Tut.by карыстаюцца чужымі паролямі падпіскі на стужку БелТА. Таксама ў пратаколах допытаў падчас папярэдняга сьледзтва Бабаед кажа, што выкарыстоўвала доступ да БелТА выключна ў службовых мэтах.
«У дзень затрыманьня, 7 жніўня, у мяне былі падставы думаць, што гэтая справа мае палітычнае адценьне, — заявіла Ўльяна Бабаед, даючы тлумачэньні аб допытах у СК. — Сьледчы павышаў на мяне голас, крычаў. Патрабаваў даваць паказаньні супраць Золатавай. Задаваў пытаньні пра тое, чаму я не пішу пра дзейнасьць Лукашэнкі. На жаль, я давала паказаньні ў адсутнасьць адваката. Майго абаронцу не пусьцілі да мяне».
Таксама Ўльяна Бабаед заявіла, што на яе думку, да жніўня 2018 году паролі да платнай падпіскі агенцтва БелТА былі для журналісцкай супольнасьці сакрэтам Палішынэля. Даведацца іх не было вялікай праблемай, і пра гэта ведала вялікая колькасьць як дзяржаўных, так і недзяржаўных журналістаў.
Суд над Марынай Золатавай у «cправе БелТА». Што важна ведаць
- Крымінальны працэс супраць галоўнай рэдактаркі парталу Tut.by Марыны Золатавай пачаўся 12 лютага. Золатаву абвінавачвалі ў бязьдзеяньні службовай асобы. Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае ў гэтым артыкуле пакараньне ў выглядзе штрафу альбо пазбаўленьня волі тэрмінам да 5 гадоў.
- Пракурор Юлія Харчэйкіна патрабавала аштрафаваць галоўную рэдактарку Tut.by на 25 500 рублёў.
- 4 сакавіка судзьдзя Аляксандар Петраш вынес Золатавай прысуд у выглядзе штрафу ў памеры 7 650 рублёў. Таксама яна мусіць сплаціць судовыя выдаткі (на аплату адвакатаў БелТА) ў памеры 6 000 рублёў. Выракам не прадугледжана пазбаўленьне права займаць кіроўныя пасады.
- Марына Золатава заставалася адзінай абвінавачанай у «справе БелТА».
- «Справа БЕЛТА»: што адбылося. Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі зь ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
- 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў.
- Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Акрамя штрафаў, журналісты былі абавязаныя кампэнсаваць прычыненую дзяржаве шкоду. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
- Галоўную рэдактарку TUT.BY абвінавачваюць паводле часткі 2 артыкулу 425 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі («Бязьдзейнасьць службовай асобы»). Санкцыя артыкулу — ад штрафу да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
- Справу Золатавай вядзе судзьдзя Аляксандар Петраш, які, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», неаднаразова выносіў палітычна матываваныя прысуды вядомым палітыкам, грамадзкім дзеячам і актывістам.
- Першапачаткова Марына Золатава таксама падазравалася паводле часткі 2 артыкулу 349 («Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі») КК Беларусі. Менавіта па гэтым артыкуле былі абвінавачаныя астатнія фігуранты справы. Але такое абвінавачаньне з Золатавай зьнялі.
- Сьледчы камітэт Беларусі двойчы адмовіў на хадайніцтвы Золатавай аб спыненьні крымінальнага перасьледу.