Нацыянальнае аэракасьмічнае ўпраўленьне Злучаных Штатаў перастала спрабаваць зьвязацца з марсаходам Opportunity і паведаміла пра спыненьне місіі.
Праграма Mars Exploration Rover была распачатая ў 2003 годзе — на Марс запусьцілі дасьледчыя апараты Spirit і Opportunity. Першы сеў на Марс 4 студзеня 2004 году, прапрацаваў да 2011-га. Другі сеў 25 студзеня 2004-га і спраўна працаваў да чэрвеня 2018-га.
Паўгода таму Opportunity трапіў у моцную і працяглую пылавую буру, ад якой, імаверна, страціў магчымасьць падзараджацца ад сонечных батарэяў. Зь ім шмат разоў спрабавалі аднавіць сувязь, але пасьля 10 чэрвеня сыгналаў ад апарата не было.
Паломкі бывалі і раней: кантроль над адным колам быў страчаны яшчэ ў 2005 годзе; ад 2008-га апарат рухаўся задам наперад з прычыны паломкі маніпулятара; у 2015-м ён страціў пастаянную флэш-памяць; у 2017-м страціў кантроль над яшчэ адным колам…
Работа Opportunity была разьлічаная на 90 марсіянскіх дзён (тамтэйшы дзень амаль роўны зямному, даўжэйшы ўсяго на 39 хвілін) і 1 км дарогі.
У выніку апарат прайшоў 45 км за амаль 15 гадоў, перадаў 217 тысяч фота і правёў аналізы больш як сотні камянёў ды іншых аб’ектаў на Марсе. У ліку знаходак Opportunity і сьляды колішняга марсіянскага возера, некалі запоўненага вадой, падобнай да зямной.
Spirit і Opportunity былі першымі марсаходамі, якія прайшлі значны шлях — да іх Sojourner, які сеў на Марс у 1997 годзе, за 85 дзён прайшоў каля 100 мэтраў.
Цяпер на Марсе працуе марсаход NASA Curiosity. Ён сеў 6 жніўня 2012 году і функцыянуе дагэтуль — актыўны больш за 2000 дзён замест 668 заплянаваных. У дадатак да таго NASA і ESA плянуюць запусьціць новыя марсаходы ў ліпені 2020 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NASA адправіць на Марс невялікі верталёт. ВІДЭА