Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп: ЗША створаць на Месяцы базу для палётаў на Марс


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 11 сьнежня падпісаў «Дырэктыву аб касьмічнай палітыцы» — NASA цяпер даручана «правесьці інавацыйную праграму засваеньня космасу». Трамп кажа, будзе закладзены фундамэнт палёту на Марс.

Дональд Трамп, архіўнае фота
Дональд Трамп, архіўнае фота

«Дырэктыва, што я сёньня падпісваю, зьменіць акцэнт амэрыканскай касьмічнай праграмы ў бок удзелу чалавека ў дасьледаваньнях і адкрыцьцях, — перадае NASA словы Дональда Трампа. — Яна азначае першы крок да вяртаньня амэрыканскіх астранаўтаў на Месяц упершыню з 1972 году, разьлічаны на доўгі тэрмін. Цяпер мы ня проста паставім наш сьцяг і пакінем адбіткі ботаў — мы ўстановім падмурак для магчымай місіі на Марс, а некалі мо — і ў сьвет па-за ім».

Дата падпісаньня дырэктывы супала з датай пасадкі на месяц «Апалёна-17» 45 гадоў таму — апошняга на сёньня палёту на Месяц з удзелам чалавека.

Што менавіта прадугледжвае дырэктыва і ў якія даты, не паведамляецца, але ў Белым доме кажуць, што яна «дапаможа ЗША стаць рухавіком касьмічнай індустрыі». У кастрычніку ЗША аднавілі працу Нацыянальнай касьмічнай рады — тады Трамп у тым ліку даручыў закласьці аснову для падтрыманьня пастаяннай камэрцыйнай прысутнасьці людзей на калязямной арбіце. Палёт на Марс называўся наступным этапам касьмічных дасьледаваньняў ЗША яшчэ папярэднім прэзыдэнтам Баракам Абамам.

Кітайцы пашлюць на Месяц бульбу, Ілан Маск на Марс — «Тэслу» і песьню Дэвіда Боўі

Ня толькі ўрад ЗША нацэліўся на чырвоную плянэту: заснавальнік SpaceX і Tesla марыць запусьціць чалавека на Марс, плянуе запусьціць туды «касьмічны грузавік» Falcon Heavy ўжо ў 2018 годзе — пакуль безь людзей, толькі з тэставым грузам (аўто Tesla Roadster, у салёне якой будзе граць песьня Дэвіда Боўі «Space Oddity»).

Кітай тым часам сабраўся ў 2018 годзе вырасьціць на Месяцы бульбу. Для яе плянуецца стварыць «міні-экасыстэму» ў мэталічным кантэйнэры дыямэтрам 16 см і вышынёй 18 см, туды зьмесьцяць ня толькі насеньне бульбы, але і лічынкі казюрак, у тым ліку шаўкапрада. Калі атрымаецца, гэта можа стаць важным крокам да стварэньня чалавечай калёніі на Месяцы.

Раней пляны ў калянізацыі Месяца мела Расея, але ў 2015 годзе адмовілася ад іх.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG