Існы рэжым бачыць для сябе большую небясьпеку ад дзейнасьці беларускіх незалежных мэдыяў, чым ад расейскіх СМІ.
Сьцісла
- Беларускія ўлады прызнаюць пагрозу інфармацыйнай бясьпецы Беларусі з боку Расеі.
- Гэта асабліва небясьпечна ў момант, калі Беларусь уступіла ў жорсткі клінч з Расеяй.
- Расейскія мэдыі даволі эфэктыўна бэсьцяць эўрапейскія каштоўнасьці, саму ідэю дэмакратыі.
- Беларускія недзяржаўныя мэдыі прапаведуюць якраз дэмакратычныя каштоўнасьці, за што і цярпяць.
Суд над галоўнай рэдактаркай парталу Tut.by Марынай Золатавай на першы погляд выглядае нелягічным і здаецца пэўнай недарэчнасьцю.
Спэцапэрацыя праваахоўных органаў супраць незалежных мэдыяў летам 2018 году, якая ўвайшла ў гісторыю як «справа БелТА», адбывалася трохі ў іншых палітычных умовах. Кіроўны рэжым страціў манаполію над беларускай інфармацыйнай прасторай, быў раздражнёны посьпехамі недзяржаўных СМІ і імкнуўся такім чынам запужаць, дэмаралізаваць апанэнтаў. Улады бачылі ў незалежных журналістах галоўную пагрозу і нанесьлі па іх удар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта падрыў аўтарытэту агенцтва». У судзе над Золатавай выступіла гендырэктар БелТААле за час, які прайшоў з тае пары, палітычная сытуацыя заўважна памянялася. Беларусь уступіла ў жорсткі клінч з Расеяй, якая патрабуе будаваць «саюзную дзяржаву». Прычым ціску Масквы спадарожнічае інфармацыйная атака з боку расейскіх мэдыяў.
31 студзеня Лукашэнка правёў адмысловую нараду, прысьвечаную інфармацыйнай бясьпецы Беларусі. З выступу на ёй кіраўніка дзяржавы вынікае, што галоўная небясьпека пагражае звонку. Лукашэнка асабліва не хаваў, што яна паходзіць ад Расеі. Таксама ён прызнаў, што беларускія дзяржаўныя мэдыі ня ў стане нэўтралізаваць гэтую пагрозу. Хоць і робяцца пэўныя захады — напрыклад, высоўваецца патрабаваньне, каб 30% перадач на «гібрыдных» тэлеканалах былі беларускімі.
Апазыцыя, незалежнае грамадзтва, мэдыяэкспэрты патрабуюць абмежаваць уплыў расейскіх тэлеканалаў на беларускае насельніцтва.
На гэтым тле суд над галоўным рэдактарам асноўнага, самага папулярнага інтэрнэт-рэсурсу краіны выглядае нонсэнсам. Але толькі на першы погляд.
Насамрэч у дзеяньнях уладаў ёсьць свая лёгіка. Калі інтарэсы дзяржавы і інтарэсы кіроўнага рэжыму не супадаюць, то пры прыняцьці рашэньняў заўсёды пераважаюць апошнія. Для Лукашэнкі ўлада важнейшая за дзяржаўныя патрэбы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мы ім — пра трагедыю ў Стоўпцах, яны нам — пра шчасьлівых школьнікаў на лыжніЗь дзьвюх пагроз (ад нацыянальных незалежных мэдыяў і ад расейскіх СМІ) рэжым выбірае большую. То бок недзяржаўныя рэсурсы для ўладаў страшнейшыя. Чаму так?
Улады не абмяжоўваюць расейскія тэлеканалы зь некалькіх прычын. Яны баяцца псаваць адносіны з Масквой. Да таго ж лукашэнкаўскі электарат моцна «падсеў» на той кантэнт, на тую мову варожасьці, што дэманструюць РТР, НТВ і іншыя. І ўлады асьцерагаюцца рэакцыі наркамана, калі яго паспрабуюць зьняць з расейскай інфармацыйнай іголкі. Але прычыны ня толькі ў гэтым.
Справа ў тым, што расейскія тэлеканалы выконваюць важную для кіроўнага рэжыму функцыю, якую беларускія дзяржаўныя мэдыі рэалізуюць менш эфэктыўна. Акрамя таго, з шэрагу прычын займацца гэтай справай афіцыйнаму Менску цяпер ня вельмі зручна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто вінаваты ў стаўпецкай трагедыі: сям’я, школа, расейскія сэрыялы?Расейскія мэдыі вельмі агрэсіўна і таму даволі эфэктыўна бэсьцяць эўрапейскія каштоўнасьці, саму ідэю дэмакратыі, цывілізаванае ўладкаваньне грамадзкага жыцьця, славяць аўтарытарызм. Яны даводзяць, што Захад загнівае, ягоныя прынцыпы церпяць крах, палітыкі ЗША і ЭЗ — спрэс дурні і маральныя вырадкі. Таму арыентавацца на эўрапейскі лад ня варта.
Паглядзіце, як расейскія тэлеканалы асьвятляюць украінскія выбары. Галоўная ідэя, якую яны спрабуюць данесьці тэлегледачам, наступная: калі ў краіне адбываецца рэальная палітычная канкурэнцыя, сапраўднае змаганьне за ўладу, там шмат розных кандыдатаў, то гэта выклікае хаос, бязладзьдзе, беспарадак. Адначасова працягваюць пужаць абывацеля Майданам і ягонымі наступствамі.
То бок, паводле расейскіх СМІ, дэмакратыя есьць зло, яна нічога добрага народу не дае. Гэта падступная ідэя, якую Захад адмыслова падкідае ў краіны постсавецкай прасторы, каб іх разбурыць. Правільныя выбары — тыя, якія адбываюцца ў Расеі (Беларусі, Узбэкістане, Казахстане). Гэта якраз тое, што патрэбна Лукашэнку, асабліва напярэдадні дзьвюх выбарчых кампаній. Беларускі і расейскі палітычныя рэжымы — ідэалягічныя браты.
А беларускія недзяржаўныя мэдыі прапаведуюць якраз дэмакратычныя каштоўнасьці, крытыкуюць аўтарытарызм, бароняць правы чалавека. Свабода слова для Лукашэнкі — большая небясьпека, чым імпэрская пагроза. Таму і судзяць Марыну Золатаву, але не чапаюць расейскія тэлеканалы.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Суд над Марынай Золатавай у «cправе БелТА». Што важна ведаць
- Крымінальны працэс супраць галоўнай рэдактаркі парталу Tut.by Марыны Золатавай пачаўся 12 лютага. Золатаву абвінавачвалі ў бязьдзеяньні службовай асобы. Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае ў гэтым артыкуле пакараньне ў выглядзе штрафу альбо пазбаўленьня волі тэрмінам да 5 гадоў.
- Пракурор Юлія Харчэйкіна патрабавала аштрафаваць галоўную рэдактарку Tut.by на 25 500 рублёў.
- 4 сакавіка судзьдзя Аляксандар Петраш вынес Золатавай прысуд у выглядзе штрафу ў памеры 7 650 рублёў. Таксама яна мусіць сплаціць судовыя выдаткі (на аплату адвакатаў БелТА) ў памеры 6 000 рублёў. Выракам не прадугледжана пазбаўленьне права займаць кіроўныя пасады.
- Марына Золатава заставалася адзінай абвінавачанай у «справе БелТА».
- «Справа БЕЛТА»: што адбылося. Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі зь ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
- 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў.
- Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Акрамя штрафаў, журналісты былі абавязаныя кампэнсаваць прычыненую дзяржаве шкоду. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
- Галоўную рэдактарку TUT.BY абвінавачваюць паводле часткі 2 артыкулу 425 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі («Бязьдзейнасьць службовай асобы»). Санкцыя артыкулу — ад штрафу да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
- Справу Золатавай вядзе судзьдзя Аляксандар Петраш, які, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», неаднаразова выносіў палітычна матываваныя прысуды вядомым палітыкам, грамадзкім дзеячам і актывістам.
- Першапачаткова Марына Золатава таксама падазравалася паводле часткі 2 артыкулу 349 («Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі») КК Беларусі. Менавіта па гэтым артыкуле былі абвінавачаныя астатнія фігуранты справы. Але такое абвінавачаньне з Золатавай зьнялі.
- Сьледчы камітэт Беларусі двойчы адмовіў на хадайніцтвы Золатавай аб спыненьні крымінальнага перасьледу.