Беларусь паставіла на экспарт у 2018 годзе харчоў на 5 мільярдаў 235 мільёнаў даляраў.
Такую лічбу назваў 7 лютага журналістам начальнік галоўнага ўпраўленьня замежнаэканамічнай дзейнасьці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Аляксей Багданаў.
5 мільярдаў выручкі разьмеркаваліся так: «малочка» — 2 мільярды, мяса — 1, усё астатняе — 2 мільярды. Агулам валютная выручка ў параўнаньні з 2017 годам вырасла на 263,7 мільёна даляраў.
Бясспрэчны лідэр закупаў беларускага харчаваньня — Расея
Расейскі рынак па-ранейшаму застаецца прыярытэтным. Агулам летась Беларусь экспартавала на яго аж 79% харчаваньня. На астатнія 94 краіны, зь якім вёўся падобны гандаль, прыпаў толькі 21%.
Аднак пэўныя зрухі ў пастаўках для Расеі ў 2018 годзе ўсё ж былі. Калі параўноўваць сытуацыю з 2017 годам, то летась экспарт у Расею скараціўся на 6,3%, паведаміў Багданаў.
Ён падкрэсьліў, што міністэрства мае стратэгію гандлю з усходняй суседкай. Згодна са стратэгіяй экспарт у Расею штогод будзе скарачацца, найперш празь зьмяншэньне паставак прадукцыі, якая можа захоўвацца доўга, як напрыклад сухое малако.
Багданаў заявіў, што ў ідэале беларускія харчы трэба экспартаваць у Расею, Эўропу і краіны «далёкай дугі» (Азіі, Акіяніі, Афрыкі, Блізкага Ўсходу, Лацінскай Амэрыкі — РС) ў аднолькавай прапорцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму беларускі гандаль з Армэніяй у 10 разоў меншы, чым з АзэрбайджанамПрарыў на кітайскі рынак
Паводле чыноўніка, летась экспарт беларускай сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчаваньня ў Кітай вырас у 4,4 раза і дасягнуў 82,4 мільёна даляраў.
Павелічэньне будзе і сёлета, упэўнены Аляксей Багданаў. Гэта зьвязана з тым, што кітайцы, на дадатак да вялікіх аб’ёмаў «малочкі», сёлета зрабілі вялікі запыт на ялавічыу і субпрадукты птушкагадоўлі.
У Эўразьвязе беларускія харчы найбольш купляюць літоўцы, палякі і немцы
У краіны Эўразьвязу летась харчоў прададзена на 323 мільёны даляраў. Найбольш ахвотна іх купляюць Літва, Польшча і Нямеччына. На долю гэтай тройкі прыпадае палова вырабаў.
Аляксей Багданаў сказаў, што насельніцтва краін Эўразьвязу валодае высокай пакупніцкай здольнасьцю. І таму Беларусь вельмі зацікаўленая ў пашырэньні паставак у гэты рэгіён.
«Складанасьць у пастаўках мяса-малочнай прадукцыі — у сур’ёзнай тарыфнай абароне эўрапейскага рынку. Сёньня вядзем перамовы на пляцоўцы ў Брусэлі ў рамках гандлёвага дыялёгу Беларусі і Эўразьвязу, для таго каб сэртыфікаваць нашыя птушкафабрыкі на права паставак прадукцыі на эўрапейскі рынак. Гэты тавар запатрабаваны, эўрапейскі рынак шмат імпартуе птушкагадоўчай прадукцыі, таму мы бачым тут пэрспэктыву», — адзначыў Аляксей Багданаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каму найчасьцей тэлефануе Лукашэнка. ІНФАГРАФІКА