Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна замацавала ў Канстытуцыі курс на далучэньне да NATO і Эўразьвязу


Пятро Парашэнка прадстаўляе законапроект у Вярхоўнай Радзе.
Пятро Парашэнка прадстаўляе законапроект у Вярхоўнай Радзе.

Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла ў другім чытаньні закон аб унясеньні зьменаў у Канстытуцыю адносна стратэгічнага курсу дзяржавы на ўступленьне ў Эўрапейскі Зьвяз і NATO.

Ухвалу законапраекту, унесенага прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам, падтрымалі канстытуцыйнай большасьцю: 334 дэпутаты з 385.

Гаворка ідзе пра зьмены ў артыкулы 85, 102 і 116 Канстытуцыі Ўкраіны, якімі прадугледжаная адказнасьць Вярхоўнай Рады, прэзыдэнта і ўраду за інтэграцыю Ўкраіны ў NATO і Эўразьвяз. Перад гэтым Канстытуцыйны суд Украіны ў сваім заключэнні прызнаў названы дакумэнт адпаведным Канстытуцыі.

Закон набывае моц з дня, наступнага за днём ягонага апублікаваньня.

У першым чытаньні ён быў прыняты ў лістападзе 2018 году. Тады, выступаючы ў парлямэнце, Парашэнка заявіў, што «тыя, хто выступаюць супраць гэтага законапраекту, працуюць у інтарэсах Расеі».

Аднак, да цяперашняга моманту кіраўніцтва Эўразьвязу і NATO не давалі дакладных адказаў на пытаньне, ці рэальна далучэньне Ўкраіны да альянсаў і калі яно можа адбыцца.

Як разьвіваліся адносіны Ўкраіны і NATO

Адносіны Ўкраіны і NATO былі афіцыйна наладжаныя ў 1992 годзе, калі Ўкраіна далучылася да Рады эўраатлянтычнага партнэрства.

У 1994 годзе Ўкраіна першай сярод краінаў СНД далучылася да праграмы «Партнэрства дзеля міру» і падтрымала апэрацыі NATO на Балканах. У самы разгар косаўскага крызісу 12 чэрвеня 1999 году Ўкраіна на некалькі гадзін закрыла сваю паветраную прастору для расейскіх самалётаў, якія ляцелі ў косаўскую Прышціну, што выклікала вельмі хваравітую рэакцыю Масквы.

У красавіку 2004 году Вярхоўная Рада прыняла закон аб свабодным доступе сілаў NATO на тэрыторыю Ўкраіны.

Падчас першага афіцыйнага візыту прэзыдэнта Віктара Юшчанкі ў ЗША прэзыдэнт Джордж Буш заявіў: «Я зьяўляюся прыхільнікам ідэі сяброўства Украіны ў NATO».

У красавіку 2005 году ў вайсковую дактрыну Ўкраіны быў дададзены наступны тэкст: «Зыходзячы з таго, што NATO і Эўразьвяз зьяўляюцца гарантамі бясьпекі і стабільнасьці ў Эўропе, Украіна рыхтуецца да паўнапраўнага сяброўства ў гэтых арганізацыях».

ЗША актыўна падтрымлівалі імкненьне Ўкраіны ў NATO, але рэзкае супрацьдзеяньне аказалі Нямеччына і Францыя, якіх падтрымалі яшчэ некалькі эўрапейскіх краін.

У 2010 годзе з прыходам да ўлады ва Ўкраіне Віктара Януковіча пытаньне аб уступленьні ў NATO быў замарожанае, але да 2013 году Ўкраіна заставалася адзінай дзяржавай-партнэрам альянсу, якая прымала ўдзел ва ўсіх яго апэрацыях.

Згодна з новай рэдакцыі вайсковай дактрыны Ўкраіны, прынятай пры Пятры Парашэнку і апублікаванай у верасьні 2015 году, Украіна лічыць прыярытэтнай задачай паглыбленьне супрацоўніцтва з NATO і дасягненьне да 2020 году поўнай сумяшчальнасьці арміі Ўкраіны з сіламі краін-сябраў NATO.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG