Ад 1 лютага прызнаваць дзяцей тымі, што апынуліся ў сацыяльна небясьпечным становішчы, будуць па новых крытэрыях, вызначаных пастановай ураду № 22. Дзякуючы зьменам цяперашняе знаходжаньне 24 тысяч дзяцей у такім статусе да 1 жніўня перагледзяць, і, як спадзяюцца спэцыялісты, многіх пазбавяць такога азначэньня і адпаведна – кантролю за сям'ёй, паведамляе газэта «Звязда.
Інструкцыя № 47 ад 2004 года Міністэрства адукацыі не ўлічвала нормаў многіх заканадаўчых актаў, што былі прынятыя пазьней, таму патрабавала перагляду, адзначыла ў інтэрвію газэце «Звязда» Алена Сімакова, галоўная спэцыялістка ўпраўленьня сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалягічнай работы галоўнага ўпраўленьня выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі:
— Малыя прызнаюцца тымі, якія апынуліся ў СНС толькі тады, калі бацькі не выконваюць свае абавязкі належным чынам, чым ствараюць неспрыяльны для дзяцей асяродак і небясьпеку іх жыцьцю і здароўю. У пастанове № 22 раскрываюцца парадак і тэрміны выяўленьня дзяцей у СНС і нязручных для іх абставін як першага кроку да вызначэньня наяўнасьці сацыяльна небясьпечнага становішча ў сям’і.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апаленыя дэкрэтам № 18. За што могуць адабраць дзіцяКалі нездаровыя прыкметы знойдуцца, адпаведны дакумэнт накіруюць у органы адукацыі, дзе яго вывучаць і прааналізуюць, аднак гэта не азначае аўтаматычнага прысваеньня сямʼі статусу СНС. Пэдагогі павінны адрэагаваць на сыгнал і правесьці «сацыяльнае расьсьледаваньне» — такое дзеяньне як тэрмін упершыню замацавалі заканадаўча ў пастанове № 22. Абстаноўку ў сямʼі павінны праверыць цягам 15 дзён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады вызначылі, якое становішча дзяцей сацыяльна небясьпечнаеРасьсьледаваньнем будуць займацца не адны толькі пэдагогі, а і іншыя органы, што павінны абараняць правы і інтарэсы дзяцей. Вынікі расьсьледаваньня разгледзяць на пасяджэньні савету ўстановы адукацыі па прафіляктыцы злачынстваў і правапарушэньняў непаўналетніх, каб вынесьці вэрдыкт пра наяўнасьць сацыяльна небясьпечных крытэрыяў, тлумачыць выданьне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сям’і з Лоева, на дапамогу якой рабілі складкі беларусы, аддалі 3-месячнага МаксімаПры гэтым на пасяджэньне абавязкова запросяць бацькоў, каб яны ня толькі ведалі, але і чулі, што адбываецца ў дачыненьні да іх сямʼі. І тут ужо ім вырашаць: ці прымаць меры па выпраўленьні, ці не мяняць сваё стаўленьне да жыцьця і дзяцей.
— У многім зыходзячы з жаданьня і адказу бацькоў савет прафіляктыкі вырашае: накіраваць матэрыялы аб прызнаньні дзіцяці тым, якое апынулася ў СНС, у каардынацыйны савет, створаны выканкамам у кожнай мясцовасьці, або накіраваць бацькоў па аказаньне сацыяльнай дапамогі ў адпаведны дзяржорган, — заўважыла Алена Сімакова. — Пры гэтым бацькі павінны самі напісаць заяву ў дзяржаўны орган, які аказвае сацыяльныя паслугі, каб атрымаць іх. Гэта таксама новая магчымасьць, замацаваная заканадаўча для бацькоў, якія жадаюць праявіць актыўную жыцьцёвую пазыцыю і гатоўнасьць стварыць для дзіцяці нармальныя ўмовы жыцьця. Такім чынам яны ўжо прымаюць меры, каб іх сямʼю не прызналі ў СНС... Больш дакладная, ясная, зразумелая, з пэўна вызначаным парадкам работа на этапе прызнаньня дзяцей тымі, якія апынуліся ў СНС, дазволіць зрабіць адабраньне малых зь сямʼі мінімальным, — дадала прадстаўніца міністэрства адукацыі. — Па даных на канец мінулага года, дарэчы, у параўнаньні з 2010-м удвая зьменшылася колькасьць дзяцей, бацькі якіх пазбаўлены правоў на малых.
Пры распрацоўцы пастановы № 22 улічваліся таксама факты неабгрунтаванага прызнаньня дзяцей тымі, якія апынуліся ў СНС, і тымі, каму патрабуецца абарона дзяржавы, у тым ліку і на падставе заключэньняў урачэбных камісій.
— На месцах не заўжды правільна трактавалася Інструкцыя № 47, якой кіраваліся таксама і супрацоўнікі аховы здароўя пры выяўленьні прыкмет СНС, — заўважыла Ганна Котава, галоўная пазаштатная спэцыялістка Міністэрства аховы здароўя па амбуляторна-клінічнай дапамозе дзецям. — Нашы работнікі пры аказаньні дапамогі дома зьвярталі ўвагу на сямейна-бытавыя ўмовы, якія маглі сьведчыць пра існаваньне патэнцыйна дрэннага становішча для цяжарнасьці або жыцьця і здароўя непаўналетняга.
Пастанова № 22 дакладна вызначыла крытэрыі, па якіх цяпер павінны працаваць мэдыкі, — гэта калі бацькі сыстэматычна не выконваюць рэкамэндацыі мэдработнікаў па дыягностыцы, лячэньні або рэабілітацыі дзіцяці, што пагражае яго жыцьцю ці здароўю.
— Новая роля зьявіцца ва ўрача-пэдыятра і тэрапэўта — функцыя ўрача-экспэрта, які павінен будзе вызначыць наяўнасьць пагрозы жыцьцю і здароўю дзіцяці, — дадала яна. — Пры гэтым з 24 тысяч дзяцей у СНС 1913 малых было выяўлена мэдыкамі, а ўсяго з боку ўрачоў было даслана больш як 9000 рэагаваньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пайшла супраць сыстэмы — забралі дачкуТрэба адрозьніваць, што сыстэматычнае адмаўленьне ад антыбіётыкаў пры прастудах — не падстава для рэагаваньня, а вось адмова ад іх пры пнэўманіі — крок да СНС. Поўнае непрыманьне прышчэпак, якія адносяцца да прафіляктычных мер, таксама не прывядзе да прызнаньня дзіцяці тым, якое знаходзіцца ў небясьпецы.
Роля праваахоўных органаў пры выяўленьні дзяцей, якія трапілі ў сацыяльна небясьпечнае становішча, цяпер будзе жорстка вызначана і зьвядзецца да прафіляктычнай работы з бацькамі, калі яны стаяць на прафіляктычным уліку, і непаўналетнімі, калі на тое маюцца заканадаўчыя падставы. А таксама пры разглядзе скаргаў ад суседзяў.
У сваю чаргу, спэцыялісты Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва выяўляюць дзяцей, што апынуліся ў сацыяльна небясьпечным становішчы, падчас гутарак з людзьмі, якія зьвяртаюцца да іх: пры аказаньні сацыяльных паслуг дома, назначэньні сацыяльнай, адраснай дапамогі, пэнсій, абсьледаваньні ўмоў пражываньня, выдачы пасьведчаньня шматдзетнай сямʼі. Аналізуюць настрой, паводзіны і стасункі бацькоў і дзяцей і робяць адпаведныя вывады, піша «Звязда».
***
Савет Міністраў Беларусі 15 студзеня вызначыў парадак прызнаньня сацыяльна небясьпечнага становішча дзяцей, піша Pravo.by.
Якія крытэры сацыяльна небясьпечнага становішча?
- Незадавальненьне бацькамі асноўных жыцьцёвых патрэбаў дзіцяці (пакіданьне бяз ежы, перашкоды атрыманьня абавязковай агульнай базавай адукацыі, сыстэматычнае невыкананьне рэкамэндацый мэдыкаў па дыягностыцы, лячэньню ці мэдычнай рэабілітацыі, што пагражае яго жыцьцю і здароўю і іншыя);
- Незабесьпячэньне бацькамі нагляду за паводзінамі дзіцяці і яго ладам жыцьця, праз што дзіця зьдзяйсьняе правапарушэньні;
- Вядзеньне бацькамі амаральнага ладу жыцьця, злоўжываньне сваімі правамі ці жорсткае стаўленьне да дзіцяці, якія нясуць небясьпеку жыцьцю і здароўю дзіцяці.
Пастановай Савету Міністраў таксама рэгулююцца працэсы:
- Выяўленьня дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы;
- Арганізацыі і правядзеньня сацыяльнага расьсьледаваньня (вывучэньне становішча і абсьледаваньне ўмоваў жыцьця і выхаваньня дзіця);
- Прыняцьця рашэньня аб прызнаньні дзіця зьмешчаным у сацыяльна небясьпечнае становішча, кантроль за яго выкананьнем і абскарджаньне такога рашэньня;
- Рэалізацыі мерапрыемстваў, накіраваных на ліквідацыю сацыяльна небясьпечнага становішча і забесьпячэньне кантролю за ўмовамі ўтрыманьня, адукацыі дзяцей.
У 2018 годзе пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі Міністэрства ўнутраных спраў адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту». Кіраўнік Беларусі заяўляў, што гэта «дурасьць, узятая з Захаду», а там «мужык з мужыком жэніцца, дзяцей няма каму нараджаць».