Слуцкі суд пачаў разглядаць справу аб забойстве 2-гадовай Марыны Жаўрыд. Паводле газэты «Інфа-Кур’ер», 26 верасьня суду прадставілі паказаньні і відэаапытаньне братоў і сясьцёр загінулай дзяўчынкі.
У злачынстве абвінавачваюць:
- маці дзяўчынкі Кацярыну Жаўрыд за пакіданьне ў небясьпецы. Жанчына выхоўвала 5 дзяцей;
- сужыцеля жанчыны Максіма Чыжыка за забойства і замах на забойства.
Што кажуць дзеці?
6-гадовы Аляксей Жаўрыд расказаў, што «вялікі Максім» біў яго па жываце, руцэ і галаве. Праз гэта хлопчык апынуўся ў шпіталі. Маці крычала на Аляксея, калі ён чапаў загінулую Марыну, а таксама біла дзяўчынку.
«А Маруся здохла. Марусю крыўдзіў Максім папругай па назе. У Марусі былі сінякі, дзядзя Максім біў па попе, па твары», — сказаў Аляксей.
«Я зьбягаў з дому, я не хачу такі дом. Я не хачу застацца ў такім доме. Там было кепска. Мама добра карміла, смачна. Дома ўсё кепска было. Калі дзядзі Максіма не было дома, было добра. Мы мульцікі глядзелі. Калі ён прыйшоў, стаў біць Марусю і мяне», — распавёў хлопчык на відэаапытаньні.
5-гадовая Ірына Жаўрыд кажа, што ў сястрычкі Марыны балела сэрца, яе біў «дзядзя Максім» і маці.
«Ён (Максім. — РС) усіх дзяцей б’е. Тата Дзіма мяне біў. Мама ня біла, яна глядзела, як дзядзя Максім мяне біў. Дзядзя Максім быў вельмі злы. Я яго баюся. Маці казала, што да яго зязюля прыляцела. Максім біў маму папругай».
7-гадовая Эльвіра Жаўрыд на відэапытаньні распавяла, што пасьля бабулі і дзядулі іх забралі ў прытулак. Маці сварылася з бацькам Дзьмітрыем, яны біліся кулакамі, калі сварыліся. Маці біла папругай Эльвіру, Аляксея і Ірыну.
«Бабулі і дзядулі казала, што мяне б’юць. І бабуля зь дзядулем мяне бʼюць, бо кепска сябе паводжу, таксама папругай. Адзін раз білі. У прытулку ня бʼюць, паводжу сябе добра. На сьпіне ў Іркі, Лёшы і Марынкі бачыла чырвоныя сьляды, круглыя. Марыну папругай па сьпіне білі, я бачыла. Марыну Лёша біў, ня бачыла, каб дарослыя яе білі. Марынка памерла. Бабуля распавяла. Марынка памерла, бо дзядзя Максім яе шмат біў. Бабуля распавяла», — сказала дзяўчынка.
У студзені–красавіку сёлета ў Беларусі праз бытавыя канфлікты МУС зафіксавала 23 забойствы і 40 выпадкаў зьбіцьця, а таксама 12,5 тысячы выпадкаў хатняга гвалту.
На момант публікацыі няма мэханізму абароны ад хатняга гвалту. Сёлета Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі распрацавала законапраект «Аб папярэджаньні гвалту ў сям’і». На момант публікацыі дакумэнт не прыняты.