Суд Савецкага раёну Гомля адмовіў адзінокай маці Натальлі Белай у спагнаньні маральнай шкоды зь дзіцячага садка і раённага аддзелу адукацыі за прыніжэньні, зьвязаныя са спробай паставіць сям'ю на ўлік як небясьпечную ў сацыяльным пляне.
Судзьдзя Кошкіна патлумачыла, што пазоўніца не даказала прычынную сувязь паміж яе расстройствамі, страхам за дачку і дзеяньнямі пазваных.
Маладая маці прасіла суд спагнаць зь дзіцячага садка і раённага аддзелу адукацыі 1 тысячу рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды.
«Баялася за будучыню дачкі»
Маладая маці Натальля Белая з Гомля праз суд аспрэчыла дзеяньні кіраўніцы дзіцячага садка №160 Ірыны Барысевіч і аддзелу адукацыі адміністрацыі Савецкага раёну.
Загадчыца дзіцячага садка ў траўні даслала ліст Натальлі з папярэджаньнем: не ўладкуецеся на працу — паставім на ўлік сям’ю як такую, што трапіла ў сацыяльна небясьпечнае становішча.
Белая толькі сёлета пераехала з 6-гадоваю дачкою зь Лельчыц у Гомель пасьля разводу. Працавала, але за два тыдні да папярэджаньня звольнілася. Пэрыядычна хварэла дачушка, Натальля не вадзіла яе ў садок. І ў яе сям’і выявілі сацыяльна небясьпечнае становішча з «павышанай пэдагагічнай увагай».
«Пэдагогі мяне проста зьняважылі, абразілі, умяшаліся ў маё прыватнае жыцьцё. Я зьведала моцнае нэрвовае ўзрушэньне, баялася, перажывала за будучыню маёй дачкі», — казала ў судзе маладая маці.
Прафіляктычны ліст
У сваю чаргу загадчыца дзіцячага садка і прадстаўніца аддзелу адукацыі тлумачылі, што ня ўмешваліся ў прыватнае жыцьцё. Наадварот, Натальля сама расказала журналістам пра сваю сытуацыю. Ліст зь дзіцячага садка да маці меў «паведамляльны характар» і накіроўваўся з «прафіляктычнай мэтай». Былі падставы. Зь лютага па травень Натальля 29 дзён не прыводзіла дачку ў садок. Высьветліць месцазнаходжаньне яе часам не ўяўлялася магчымым, таму й тэлефанавалі былому мужу Натальлі, каб даведацца, дзе знаходзіцца дзяўчынка.
Натальля адмаўлялася ад заняткаў дачкі з дэфэктолягам. Да таго ж па віне маці дачка недаатрымлівала ў садку збалянсаванага харчаваньня. Малую нават спрабавалі забраць з садка чужыя людзі, якія «не зьяўляюцца законнымі прадстаўнікамі дзіцяці». Пра ўсё гэта казала ў судзе загадчыца садка Ірына Барысевіч, выхавальніцы пісалі ёй дакладныя. Рэагавалі, абапіраючыся на дэкрэт №18.
Аддзел адукацыі «ня ў курсе»
Дзіцячы садок наўпрост падпарадкаваны раённаму аддзелу адукацыі. Аднак той нібыта наагул ніякім бокам не датычны да ліста Натальлі пра мажлівую пастаноўку сям’і на ўлік як небясьпечную ў сацыяльным пляне.
«Дзіцячы сад зьяўляецца самастойнай юрыдычнай асобай. Мы ня ведалі, што пісаў маці дзетсад», – заяўляла ў судзе прадстаўніца аддзелу адукацыі Савецкага раёну.
Такое тлумачэньне моцна зьдзівіла Натальлю Белую. Праверка яе сям’і рабілася камісіяй на падставе распараджэньня раённай адміністрацыі з удзелам міліцыі ды шэрагу іншых службоўцаў.
Маладая маці тлумачыла, што яна прасіла выхавальніцу не прымушаць дачку есьці ўсю страву, калі яна не жадае. Дачку часта пасьля «кармленьня ў садку ванітавала».
Што датычыцца заняткаў з дэфэктолягам, то Натальля прыносіла ў садок выпіску з папярэдняй установы — такія заняткі дачцэ патрэбныя. Аднак яна была супраць абразаў на занятках.
Паводле маці, дэфэктоляг груба ставілася да дачкі, абражала яе. Натальля нават прасіла ў загадчыцы садка замяніць спэцыялістку, але тая адказала, што гэта добры дэфэктоляг.
Тым часам дзяўчынка пасьля заняткаў пастаянна знаходзілася ў стрэсе, у дэпрэсіі. З гэтай прычыны маці й забірала дачку дадому, калі мела такую магчымасьць.
Яна таксама падала суду даведкі з мэдычных установаў, каб пацьвердзіць, што шмат якія пропускі садка былі абумоўлены лячэньнем дзяўчынкі.