40-гадовы ўкраінец Сяргей Працэнка дзесяць гадоў жыве ў Беларусі. Ён ажаніўся з жыхаркай Буда-Кашалёва. Сям’я выхоўвае траіх дзяцей, якім два, чатыры і дзевяць гадоў.
У кастрычніку 2018 году Буда-Кашалёўскі РАУС прыняў рашэньне аб высылцы Сяргея зь Беларусі на тры гады — за адміністрацыйнае правапарушэньне. Мужчыну нападпітку на вуліцы затрымала міліцыя. Гэта і стала падставай для ягонай высылкі.
Рашэньне аб «высылцы шляхам добраахвотнага выезду з Рэспублікі Беларусь у інтарэсах грамадзкай бясьпекі» прыняў Буда-Кашалёўскі РАУС. Скарга ў абласную міліцыю не прынесла плёну. Суд Буда-Кашалёўскага раёну пакінуў рашэньне міліцыі ў сіле.
Сяргей Працэнка зьвярнуўся па юрыдычную дапамогу ў гомельскае прадстаўніцтва праваабарончага цэнтру «Вясна». Супольна зь незалежным прафсаюзам РЭП праваабаронцы падрыхтавалі скаргу ў Гомельскі абласны суд. Украінец уступіў у прафсаюз РЭП.
Скаргу ў Гомельскім абласным судзе ў апэляцыйным парадку разглядала калегія пад прадстаўніцтвам судзьдзі Валянціны Лукашэнкі.
«Хацеў бы застацца ў Беларусі зь сям’ёй»
Сяргей Працэнка тлумачыў на пасяджэньні, што звычайна не злоўжывае алькаголем, раскайваецца ў сваім правапарушэньні. Ён зьвяртаў увагу суду, што мае ў Беларусі сталую працу (грузчыкам на мясакамбінаце), жытло, жонку, малых дзяцей, крэдыты. У выпадку высылкі жонка застанецца практычна бяз сродкаў для існаваньня, таму што знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску і атрымлівае толькі дапамогу на дзяцей.
«Мне падабаецца Беларусь, я тут маю шмат сяброў і хацеў бы застацца жыць са сваёй сям’ёй», — казаў на судзе Сяргей.
Дырэктар мясакамбінату, дзе працуе ўкраінец, сам езьдзіў у міліцыю, каб прасіць пакінуць добрага работніка, не высылаць яго.
Прадстаўнікі судовай калегіі зьвярнулі ўвагу, што за 10 гадоў знаходжаньня ў Беларусі Сяргей Працэнка меў 14 правапарушэньняў. Украінец патлумачыў, што большая частка правапарушэньняў — адсутнасьць флікера.
Праваабаронца: пакараньне празьмерна суровае
Інтарэсы ўкраінца на судзе прадстаўляў сябра рады незалежнага прафсаюзу РЭП Андрэй Стрыжак. У судовых спрэчках ён выказаўся, што лічыць такое пакараньне, як высылка на тры гады, празьмерна суровым. Ён дадаў, што працэдура высылкі была парушаная — Сяргей Працэнка, паводле Стрыжака, не атрымліваў паведамленьня аб высылцы, а толькі гатовую пастанову.
«Сяргей Працэнка — шараговы жыхар Беларусі, не асацыяльная асоба, не нясе пагрозы грамадзкай бясьпецы. Ён мала чым адрозьніваецца ад беларуса — мае сям’ю, жытло, крэдыт, працу. Справа тычыцца ня толькі яго аднаго, але пяці чалавек — усёй сямʼі. І калі Сяргея вышлюць, гэта можа мець сурʼёзныя наступствы і значна пагоршыць матэрыяльна стан сям’і, якая можа трапіць у сацыяльна небясьпечнае становішча.
Калі б закон так сурова ставіўся ня толькі да іншаземцаў, але і беларусаў, то за такое правапарушэньне, як зьяўленьне ў стане алькагольнага апʼяненьня, можна было выслаць палову Буда-Кашалёва, асабліва ў пятніцу вечарам», — заявіў Андрэй Стрыжак.
Ён прасіў суд адмяніць пастанову аб высылцы ўкраінца і кіравацца пры вынясеньні рашэньня прынцыпамі гуманізму і сувымернасьці.
Суд абвясьціў перапынак да 24 студзеня — каб разабрацца, ці сапраўды буда-кашалёўская міліцыя парушыла працэдуру высылкі замежных грамадзян.
«Буда-Кашалёўскі РАУС займае вельмі дэструктыўную пазыцыю. Нягледзячы на тое, што справа цяпер разглядалася ў апэляцыйнай інстанцыі, міліцыя ўжо прыслала Сяргею выканаўчы ліст, што ён павінен быў выехаць зь Беларусі яшчэ да 20 сьнежня, фактычна яны яго выштурхоўвалі з краіны, хоць рашэньне суду пакуль не набыло моц», — дадаў Андрэй Стрыжак.