Дзяржаўная запазычанасьць Беларусі на 1 студзеня 2019 году склала 45,4 млрд рублёў — вырасла за год на 7,6%, паведаміла Міністэрства фінансаў. Зьнешняя дзяржаўная запазычанасьць — без уліку ўнутранай — вырасла на 1% за год і склала 16,9 млрд даляраў.
Цягам 2018 году Беларусь пазычыла грошай на 2,35 млрд даляраў (871 млн у Расеі, 600 млн праз эўрааблігацыі, 509 млн у Кітая, 200 млн у Эўразійскага фонду стабілізацыі, 148 млн у Міжнароднага банку разьвіцьця), сплаціла па пазыках бяз малага 2 млрд (800 млн па эўрааблігацыях, 400 млн Расеі, 375 млн Кітаю, 353 млн Эўразійскаму фонду стабілізацыі, 65 млн Міжнароднаму банку разьвіцьця).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З вас $1728 за Беларусь. Як зьмяніўся зьнешні дзяржаўны доўгЗьнешняя дзяржаўная запазычанасьць павялічвалася на такі нязначны адсотак (дакладней, на 1,1%) за 2014 і 2015 гады, але затым падскочыла на 9,6% і 22,6% адпаведна ў 2016 і 2017 гады. Асноўныя крыніцы новых пазыкаў — Расея і падкантрольны ёй Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця, а таксама эўрааблігацыі.
Рост сумарнай дзяржаўнай запазычанасьці таксама запаволіўся: калі за мінулы год дзяржаўная запазычанасьць вырасла на 7,6%, то за 2017 год — на 14,1%, за 2016 год — на 12,5%, за 2015 год — аж на 66,4%, за 2014 год — на 28,2%, за 2013 год — на 19,6%.
У плянах беларускага ўраду «скарачэньне пазыковай нагрузкі» і «прыцягненьне беспазыковых крыніцаў фінансаваньня». Паводле незалежных эканамістаў, дзярждоўг Беларусі ўжо перавысіў 50% валавага ўнутранага прадукту (дзяржава прызнае толькі 38,5%), сытуацыю называюць крытычнай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка забараніў даваць прадпрыемствам дзяржаўную грашовую падтрымку