У Горадні ад 2010 працуе «Ўнівэрсытэт залатога веку» — праграма, накіраваная на павышэньне якасьці жыцьця пажылых людзей праз іх інтэлектуальную, фізычную і сацыяльную актывізацыю. Што рабіць, калі адправілі на пэнсію, а хочаш і можаш працаваць? Свой адказ мае старшыня Рады гарадзенскага Ўнівэрсытэту залатога веку Ларыса Кіркевіч.
— Сама ідэя прыйшла з Польшчы. Там такія ўнівэрсытэты існуюць яшчэ з 70-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Пасьля аднаго з візытаў ва Вроцлаў Вітаўт і Лана Руднікі прывезьлі гэтую ідэю ў Горадню. Сабралі групу ініцыятыўных людзей, якія пачалі думаць, якім чынам можна і на нашай беларускай глебе стварыць такія ўнівэрсытэты. Пасьля трохмесячнага пілёту ўвесну 2010-га пачаўся першы акадэмічны год. У наш унівэрсытэт прыходзяць людзі 55+. Былі спробы вучыцца ва ўнівэрсытэце людзям, якія яшчэ працуюць, але гэта дастаткова складана, паколькі заняткі ў нас праходзяць зь 9-й раніцы і да 8-й вечара, таму трэба быць вольным ад працы.
Прынцып работы нашага ўнівэрсытэту — фізычная, інтэлектуальная і сацыяльная актывізацыя пажылых людзей. Дзеля гэтага ў нас сёлета працуе каля 50 курсаў і клюбаў рознага накірунку — фізкультура, моўныя курсы, гісторыя, краязнаўства ды іншыя. На любы густ можна знайсьці занятак.
— Навучаньне бясплатнае?
— Не. На жаль, ад дзяржавы мы ня маем ніякай падтрымкі. Улады кажуць, што ў нас усё гэта ёсьць на ўзроўні сацыяльных гурткоў, клюбаў у тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнай падтрымкі. Але гэта ня тое. У адрозьненьне ад існуючых клюбаў і курсаў наш унівэрсытэт — гэта супольнасьць. Гэта амаль 200 людзей, якія ўзаемадзейнічаюць адзін з адным. Акрамя таго, што мы самі вучымся і атрымліваем нешта, мы яшчэ і аддаём. Мы робім шмат акцый рознага накірунку — для гораду, для іншых людзей ці для самога ўнівэрсытэту. У нас ёсьць дастаткова актыўная валянтэрская праца.
— А як вы самі прыйшлі ва «Ўнівэрсытэт залатога веку»?
— У 2011-м годзе мне параілі яго сябры майго сына (сын Ларысы Кіркевіч — былы палітвязень і журналіст Алесь Кіркевіч — РС). Я ўжо была на пэнсіі. Я заўсёды займалася актыўнай грамадзкай дзейнасьцю, і мне гэтага не хапала. І зараз ва ўнівэрсытэце я працягваю ёй займацца, і наогул жыць сваім жыцьцём. Я працавала ў тэхнікуме, у каледжы і выкладала грамадзкія дысцыпліны.
«Гэта і ёсьць дыскрымінацыя, калі ў чалавека ёсьць сілы, жаданьне працаваць, а яму не дазваляюць»
— Ці сутыкаліся вы з дыскрымінацыяй паводле ўзросту?
— Так. Калі мне споўнілася 55 гадоў, дырэктар сказаў: «Усё, час на адпачынак». Калі я выказала жаданьне яшчэ папрацаваць, ён сказаў. «За вашай сьпінай ужо стаіць чарга на гэтае месца. Таму вызваліце, калі ласка, яго». Гэта і ёсьць дыскрымінацыя, калі ў чалавека ёсьць сілы, жаданьне працаваць, а яму не дазваляюць гэта рабіць. І я не адна такая.
Да нас прыходзяць людзі, для якіх выхад на пэнсію быў шокам, калі іх ставілі перад фактам, што яны абавязаныя сыходзіць на пэнсію і вызваляць сваё працоўнае месца. І многія людзі аказваліся ў дэпрэсіі. Наш унівэрсытэт — якраз лек ад гэтага. Мы тут патрэбныя і сабе, і іншым людзям.
— Чаму выбралі такую назву для ўнівэрсытэту?
— Мы лічым, што той узрост, у якім мы зараз знаходзімся, гэта сапраўды залаты ўзрост, залаты век, бо мы маем досьвед, прафэсійныя веды, жыцьцёвую мудрасьць і яшчэ можам гэта ўсё аддаць. У той жа час мы можам жыць і для сябе, і для сваёй сям’і. Гэта залаты час, якім трэба карыстацца.
Your browser doesn’t support HTML5
«Мы ня лічым сябе старымі і не называем бабулямі і дзядулямі»
— Ці лёгка людзям у залатым веку засвойваць сучасныя інтэрнэт-тэхналёгіі?
— Попыт на гэтыя курсы вельмі вялікі. У нас ёсьць курсы кампутарнай пісьменнасьці розных узроўняў, працы ў інтэрнэце, «Са смартфонам на ты», «Зь пляншэтам на ты». Мы — сучасныя людзі, вельмі актыўна вывучаем гаджэты і карыстаемся імі. У нас ёсьць курс Diva Latina, дзе нашы (мы ніколі не называем адзін аднаго бабулямі і дзядулямі) студэнты, якім ужо за 60, танцуюць лацінаамэрыканскія танцы.
Мы ня лічым сябе старымі. Самаму маладому студэнту дзесьці 57 год, таму што зараз у такім узросьце ўжо сыходзяць на пэнсію, а самая старэйшая наша студэнтка — 1932-га году нараджэньня, сёлета ёй будзе ўжо 87 год.
Слухаць размову з Ларысай Кіркевіч цалкам.
Your browser doesn’t support HTML5
Калі ня хочуць браць на працу пасьля 40 ці 50 гадоў альбо лічаць, што нельга быць прафэсіяналам у маладым узросьце. Розныя формы эйджызму ці дыскрымінацыі паводле ўзросту абмяркоўваюць экспэртка ў міжнародным праве, палітычная аглядальніца Аляксандра Багуслаўская і акадэмічная дырэктарка Цэнтру эканамічных дасьледаваньняў БЕРОК Кацярына Барнукова.
Your browser doesn’t support HTML5