Дзе лепш за ўсё жыць на пэнсіі? Згодна зь міжнародным Глябальным пэнсійным індэксам (Global Retirement Index) за 2017 год (ён распрацаваны карпарацыяй Natixis і ўлічвае памер пэнсіі, эканамічныя і фінансавыя магчымасьці пэнсіянэраў, у тым ліку магчымасьці працаўладкавацца і павялічыць свае даходы, даступнасьць якасных мэдычных паслуг, выдаткі на ахову здароўя, бясьпеку і экалёгію), лепшыя пэнсійныя сыстэмы сёньня дзейнічаюць у Нарвэгіі, Ісьляндыі і Швэйцарыі. Беларусь у міжнародны пэнсійны індэкс нават не ўвайшла.
Усяго ў рэйтынгу 43 краіны. Расея ў ім займае 40-е месца, Латвія — 34, Літва — 31, а Эстонія — 26. Ці сапраўды розьніца паміж верхнімі радкамі рэйтынгу і ніжнімі настолькі вялікая, і жыцьцё пэнсіянэра ў Эўропе ці ЗША на парадак больш камфортнае, чым у краінах былога СССР?
Журналісты пагаварылі аб гэтым зь пэнсіянэрамі ў розных краінах і спыталіся, колькі яны атрымліваюць грошай і ці хапае ім гэтага на жыцьцё.
ЗША (17 месца ў сьвеце)
Па словах Доны Купэр з Талсы, штат Аклахома, у ЗША пэнсія складаецца з назапашвальнай часткі (укладаньняў у прыватныя пэнсійныя фонды, якія робіць сам работнік) і сацыяльных выплат ад дзяржавы.
Каб атрымліваць грошы ад дзяржавы, трэба плаціць падатак: у 2018 годзе ён склаў 7,65% ад заробку (у яго ўваходзяць і сацыяльны падатак і ўнёсак у праграму мэдычнай страхоўкі Medicare). Каб забясьпечыць сабе мінімальную пэнсію, трэба адпрацаваць дзесяць гадоў.
«Цяпер мне 74 гады. На пэнсію я выйшла ў 68, да гэтага я працавала тэхнічным пэрсаналам у школе. Акрамя таго, я дапамагала свайму мужу-пастару: мы разам будавалі царкву. У нас вялікая сям’я — чацьвёра сваіх, восем прыёмных», — распавядае Дона.
«Цяпер афіцыйны пэнсійны ўзрост у ЗША — 67 гадоў. Зрэшты, на пэнсію можна выйсьці яшчэ раней, не чакаючы гэтага ўзросту, хоць у 62. Але тады можна разьлічваць толькі на зрэзаную сацыяльную пэнсію — каля 70-80% ад пакладзенай сумы. Тыя, хто сыходзіць позна, як я, у 68 гадоў, атрымліваюць усю суму — сярэдні месячны даход за 30 гадоў працы. Гэта значыць, ты мог пачынаць працаваць у McDonalds за $ 5 на гадзіну і скончыць карʼеру як супэр-бос — табе ўсё палічаць, падзеляць, і вось табе сума пэнсіі. Калі дачакацца 70 гадоў, то выплаты вырастуць на 24%. Адлічэньні з зарплаты, якія ідуць на сацыяльную пэнсію, у ЗША пачынаюцца зь першай працай, гадоў у 16, і працягваюцца ўвесь працоўны стаж», — тлумачыць Дона.
«Пакуль я засталася на паўстаўкі ў мясцовай школе, у службе прыборкі. Мы прыбіраем клясы, калідоры, сталовыя і гэтак далей. Гэта нялёгкая фізычная праца, але яна мне падабаецца. Па-першае, мне ёсьць чым заняцца. Па-другое, гэта карысна для здароўя — як добрыя фізычныя практыкаваньні, — кажа пэнсіянэрка. — Акрамя таго, мая праца дае мне магчымасьць атрымаць дадатковы даход і аплачвае маю мэдычную страхоўку — у ЗША яна вельмі дарагая. Што тычыцца назапашвальнай пэнсіі, то я, напрыклад, пакуль працую — плачу ўзносы ў Пэнсійны фонд настаўнікаў штату. Для мяне і маіх калегаў сума, якую ты адкладаеш у такі прыватны фонд, ня можа быць больш за 6% ад твайго заробку. Плюс пэўную частку ад сябе дадае нам працадаўца. Атрымліваць грошы з Пэнсійнага фонду настаўнікаў я змагу, толькі калі зусім перастану працаваць».
«У цэлым, мой даход пасьля выхаду на пэнсію вырас удвая. Я атрымліваю сацыяльную пэнсію і поўную зарплату, — канстатуе Донна. — Калі я зараз звольнюся, то даход нашай сямʼі ўпадзе. Таму я пляную працягваць працаваць да таго часу, пакуль мне дазваляе маё здароўе».
Турэччына (39 месца)
Шуле Кашыкчыаглу з Ізьміру выйшла на пэнсію дзесяць гадоў таму ў 43 гады, адпрацаваўшы 20 гадоў.
«Мне ўдалося гэта зрабіць, таму што я пачала працаваць яшчэ падчас вучобы ва унівэрсытэце. І я была зарэгістраваная ў пэнсійнай сыстэме ў 1986 годзе — да таго, як зьмяніліся правілы, — тлумачыць яна. — Справа ў тым, што тыя людзі, якія пачалі адлічваць грошы ў пэнсійны фонд да верасьня 1999, каб выйсьці на пэнсію, маглі адпрацаваць толькі 20 гадоў (калі гэта жанчына) і 25 гадоў (калі гэта мужчына). Але тыя, хто пачаў афіцыйна працаваць пасьля верасьня 1999, зараз павінны дачакацца пэнсійнага ўзросту — 58 гадоў для жанчын і 60 гадоў для мужчын. Калі ж стаж пачаўся ў 2008 годзе і пазьней, то ўзрост выхаду на пэнсію для мужчын павялічваецца да 65 гадоў. Плюс цяпер увялі абавязковую колькасьць працоўных дзён: каля 7 тысяч. Не адпрацаваўшы гэтага мінімуму, на пэнсію выйсьці нельга».
Шуле распавядае, што яшчэ дзесяць гадоў таму для таго, каб атрымліваць дзяржаўную пэнсію ў Турэччыне, трэба было абавязкова працаваць афіцыйна. Такім чынам, самазанятыя грамадзяне (перадусім жанчыны, якія займаюцца прыборкай, вельмі папулярная прафэсія ў Турэччыне для жанчын без адукацыі — НВ) або даглядаюць састарэлых бацькоў, аказваліся па-за пэнсійнай сыстэмай.
«Цяпер такія грамадзяне могуць плаціць унёскі за сябе ў SGK — сыстэму дзяржаўнага страхаваньня, і такім чынам забясьпечыць сабе дзяржаўную. пэнсію. Але ім, праўда, таксама давядзецца адпрацаваць вызначаную колькасьць дзён і гадоў», — кажа Шуле.
«Наогул сацыяльнае забесьпячэньне жанчын у Турэччыне — вельмі важная тэма. Традыцыйна ў нас працавалі мужчыны, а жанчыны заставаліся зь дзецьмі дома. Таму сыстэма сацыяльнага страхаваньня пабудаваная так, каб яна абараняла менавіта жанчын, — тлумачыць яна мясцовыя асаблівасьці. — Напрыклад, у нас вельмі распаўсюджаныя такія выпадкі: жонка ніколі не працавала, была хатняй гаспадыняй, а цяпер атрымлівае пэнсію мужа пасьля яго сьмерці. Гэта прыводзіць да таго, што вельмі часта ўдава жыве з новым мужам грамадзянскім шлюбам, не рэгіструючы яго, каб працягваць атрымліваць пэнсію. Права на выплаты за бацьку ёсьць і ў дзяцей.
Аднак сын можа атрымліваць такую пэнсію толькі да 18 гадоў, а дачка — усё жыцьцё, калі яна ня выйдзе замуж. Жонкі, якія працуюць, таксама могуць разьлічваць на пэнсію мужа: я, напрыклад, магла б разьлічваць на 80% ад пэнсіі майго мужа пасьля яго сьмерці».
Нідэрлянды (9 месца ў рэйтынгу)
Ханс Фляман жыве ў вёсцы на поўначы краіны. Паводле яго, у Нідэрляндах ня ўсе задаволеныя сваімі пэнсіямі, бо індэксацыя выплат не заўсёды «пасьпявае» за ростам цэнаў. Асабліва, па ягоных словах, гэта тычыцца тых, хто атрымлівае мінімальную пэнсію — каля 750 эўра ад AOW (Сыстэма дзяржаўнага абавязковага пэнсійнага страхаваньня). «Такім людзям даводзіцца эканоміць», — прызнае Ханс.
«Але асабіста для мяне такой праблемы няма, паколькі мой даход з выхадам на пэнсію ня моцна зьмяніўся. Я атрымліваю добрую пэнсію, каля 2500 эўра, — распавядае ён. Каля 750 эўра — гэта сярэдняя выплата ад AOW, якую атрымліваюць усе, хто выходзіць на пэнсію. Усё, што звыш — гэта назапашвальная частка пэнсіі, унёскі на яе чалавек плаціць за час сваёй працы добраахвотна, і яна залежыць ад месца працы і дадатковага пэнсійнага страхаваньня».
«Самыя вялікія пэнсіі ў тых, хто працаваў на дзяржслужбе, — прызнае Ханс. — Я, напрыклад, працаваў геадэзістам у кадастравай службе. Цяпер мне 68, я выйшаў на пэнсію ў 65 гадоў, згодна зь дзеючым тады пэнсійным узростам. Цяпер людзям даводзіцца працаваць да 67 гадоў, інакш зь фінансаваньнем нашай пэнсійнай сыстэмы ўзьнікне праблема: насельніцтва Нідэрляндаў старэе. Але мне пашанцавала сысьці на пэнсію крыху раней, хоць асабіста я вельмі любіў сваю працу і быў ня супраць папрацаваць яшчэ некалькі гадоў».
«На пэнсіі я пачаў займацца тым, што мне падабалася і раней. Напрыклад, цяпер я кіраўнік некалькіх асацыяцыяў, уключаючы рэгіянальную палітычную партыю», — распавядае мужчына.
Новая Зэляндыя (5 месца)
Новую Зэляндыю часта называюць у СМІ «раем для пэнсіянэраў», а Дуглас МакГрэгар з Оклэнду пацьвярджае, што гэтая заява шмат у чым праўдзіва.
«Я выйшаў на пэнсію амаль 20 гадоў таму, у 65 — у нас аднолькавы ўзрост для мужчын і для жанчын. Да гэтага я шмат гадоў прапрацаваў у друкарні, а мая жонка Маргарэт была настаўніцай. Мы атрымліваем пэнсію ў рамках дзяржаўнай праграмы NZ Superannuation — пасьля выліку падаткаў у нас атрымліваецца каля 300 новазэляндзкіх даляраў на чалавека ў тыдзень (каля 197 даляраў ЗША). На гэтую пэнсію могуць разьлічваць як карэнныя жыхары, так і замежнікі, якія пражылі ў краіне мінімум дзесяць гадоў, пяць зь якіх — пасьля таго, як чалавеку споўнілася 50, — кажа МакГрэгар. — Парог устанавілі для таго, каб адсяваць замежнікаў, якія імкнуліся пераехаць у Новую Зэляндыю, купіць дом і атрымліваць адразу дзьве пэнсіі — тут і ў сябе ў роднай краіне. Але мы з Маргарэт нарадзіліся ў Новай Зэляндыі, таму нас гэтыя патрабаваньні ня тычыліся».
«Акрамя таго, пасьля таго, як мы дасягнулі пэнсійнага ўзросту, мы атрымалі выплату нашых зьберажэньняў з KiwiSaver (камэрцыйны пэнсійны фонд, які інвэстуе сродкі пэнсіянэраў). Гэта назапашвальная сыстэма, у якую мы з жонкай падчас працы плацілі адсотак з заробку — такую ж суму за нас дадаваў працадаўца. Зьняць свае грошы можна толькі пасьля 65 гадоў», — тлумачыць ён мясцовыя асаблівасьці. Цяпер, паводле яго слоў, у Новай Зэляндыі, таксама як і ў іншых краінах, ідзе размова пра тое, каб павысіць пэнсійны ўзрост да 67 гадоў.
«Акрамя гэтага мы не рабілі ніякіх дадатковых зьберажэньняў, затое забясьпечылі сабе наш галоўны здабытак — дом з садам у Оклэндзе, у добрым раёне, недалёка ад цэнтру, — кажа МакГрэгар. — Да моманту выхаду на пэнсію мы цалкам аплацілі гіпатэку. Гэта ўзяло ў нас амаль 30 гадоў і львіную долю нашага даходу. Зразумела, што выдаткі на ўтрыманьне нашага дому з садам вялікія, таму на астатняе грошай практычна не застаецца, усё ідзе на рахункі і побыт. На прадукты, напрыклад, у нас ідзе да 200 даляраў на тыдзень, плюс вада і электрычнасьць. Вада дзесьці 40 даляраў на месяц, а вось з электрычнасьцю больш складана: тыповы зімовы кошт складае каля 200 даляраў на месяц. Плюс падатак на нерухомасьць — каля 4 тысяч даляраў на год».
Індыя (займае апошняе, 43, месца ў Global Retirement Index-2017)
Рыта Сао з Мумбаі кажа, што сацыяльную пэнсію ад дзяржавы ў Індыі атрымліваюць толькі дзяржаўныя службоўцы, а астатнія яе знаёмыя інвэстуюць у дэпазыты і акцыі: толькі так ім удаецца падтрымліваць на пэнсіі годны ўзровень жыцьця.
«Мне 74 гады, я выйшла на пэнсію ў 2004, калі мне было 60 гадоў. Да гэтага я працавала шмат гадоў служачай банку, які належаў дзяржаве. Цяпер мая пэнсія складае 75% ад маёй апошняй зарплаты. Гэтых грошай мне хапае, каб аплаціць ежу, рахункі за жыльлё і штодзённыя выдаткі», — распавядае яна.
«У Індыі кампаніі, якія належаць дзяржаве, плацяць пэнсію за адпрацоўку пэўнай колькасьці гадоў — у залежнасьці ад пазыцыі гэта 30-35 гадоў для дзяржслужбоўцаў. У прыватным сэктары ёсьць розныя сыстэмы, але сутнасьць іх адна: працадаўца пералічвае частку заробку плюс узнос кампаніі ў спэцыяльны фонд. Цяпер гэта Employees ʼProvident Fund Organisation. Назапашаныя сродкі можна будзе атрымліваць пасьля выхаду на пэнсію, — кажа Рыта Сао.
Таксама, паводле яе, у Індыі «вельмі моцная культура зьберажэньняў»:
«Напрыклад, я ад 1970-х гадоў укладаю грошы ў акцыі на біржы, а таксама адкладаю ў дэпазыты ў банку, які даваў добрую працэнтную стаўку менавіта пажылым укладчыкам (каля 7-8%), — дзеліцца жанчына. — Сярэдняя кляса ў Індыі ў гэтым пляне вельмі прадбачлівая: людзі інвэстуюць грошы ў розныя інструмэнты. Тым больш, што дзяржаўную пэнсію атрымлівае вельмі маленькі працэнт людзей — толькі дзяржслужбоўцы, таму астатнія вымушаныя адкладаць, каб забясьпечыць сабе старасьць».
Рыта кажа, што памер сацыяльных пэнсій залежыць ад заробку: выплаты складаюць ад 5400 рупій (каля $ 80) да 108 тыс. рупій ($ 1570).
«Тыя, хто ня могуць патрапіць на дзяржаўную службу, імкнуцца атрымаць прывілеі іншым спосабам: напрыклад, зараз неверагодна папулярна шукаць жаніха ці нявесту сваім дзецям сярод работнікаў дзяржсэктару».
Зь іншага боку, прызнаецца Рыта, людзей сталага ўзросту ў Індыі часта стымулююць добраахвотна выходзіць на пэнсію крыху раней — каб вызваліць працоўныя месцы для моладзі.
Гішпанія (33 месца ў Global Retirement Index-2017)
Агеда Гамэз Гарсія з Малагі атрымлівае на пэнсіі суму свайго заробку, але бяз выліку падатку.
Калі мне было 16 гадоў, я пачаў працаваць на будоўлі. Тады мой даход быў ніжэйшы за сярэдні, але працы было шмат. Я часта пераяжджаў разам зь сямʼёй: мы жылі ў Малазе, у Мадрыдзе, у Марбелье і многіх іншых гарадах на ўзьбярэжжы, — успамінае ён. — У 40 гадоў я паступіў на дзяржслужбу ў Андалусіі. я працаваў у розных шпіталях, дзе я рабіў практычна ўсё: пачынаючы ад адміністрацыйнай працы, напрыклад, запісваў пацыентаў на прыём, і заканчваючы дзяжурствамі ў хуткай дапамозе і падрыхтоўкай апэрацыйных. Аднойчы я нават дапамагаў прымаць роды».
«Калі мне было 59 гадоў, я цяжка захварэў і выйшаў на пэнсію паводле стану здароўя. Мой даход да гэтага складаў € 1100-1200 да выліку падатку IRDF. Гэты падатак плацяць усе працоўныя людзі: чым большы прыбытак, тым вышэйшая стаўка падатку (яна складае ад 19 да 45%). Праз тое, што я на пэнсіі па хваробе, я атрымліваю больш, чым звычайны пэнсіянэр, паколькі зь мяне не спаганяюць падатак, то бок мае выплаты складаюць дзесьці 1400 эўра», — падлічвае ён. — Мая пэнсія лічыцца сярэдняй, аднак ёсьць людзі, якія атрымліваюць мінімум — каля 400 эўра, або тыя, хто атрымлівае ня 100% ад сваёй пэнсіі. Напрыклад, у гэтую катэгорыю трапляюць пэнсіянэры, у якіх няма поўнага афіцыйнага стажу ў 35 гадоў».
Агеда кажа, што выплаты пэнсіянэрам індэксуюцца штогод, але ўсяго на 0,25%. І хоць гэта вышэй за афіцыйны ўзровень інфляцыі, шмат хто ў Гішпаніі гэтым незадаволены і патрабуе пэнсіі павялічыць. Нядаўна ў Мадрыдзе і іншых гарадах гішпанскія пэнсіянэры праводзілі масавыя акцыі пратэсту з гэтай нагоды:
Зь іншага боку, прызнаецца Агеда, ён асабіста атрымлівае 14 пэнсіяў на год: «У чэрвені і лістападзе нам выдаюць па дзьве пэнсіі».
"Зразумела, што такія ўмовы не ва ўсіх пэнсіянэраў, а толькі ў тых, хто працаваў у дзяржсэктары або на афіцыйным кантракце ў прыватнай кампаніі, — тлумачыць ён. — А, мяркуючы па тым, што распавядаюць мае знаёмыя і сыны, цяпер прарвацца на дзяржслужбу вельмі складана: месцаў вельмі мала, на іх стараюцца ўладкаваць сваіх. Што да прыватных кампаніяў, то знайсьці працу з кантрактам практычна нерэальна, таму большасьць моладзі вымушана працаваць «у чорнуюЦ.
Краіны былога СССР
У краінах Балтыі многія пэнсіянэры атрымліваюць адносна невялікія пэнсіі (ад 75 да 250 эўра), але пры гэтым гэтыя краіны знаходзяцца ў рэйтынгу значна вышэй за Расею. Складальнікі рэйтынгу лічаць, што нават невялікая пэнсія ў сярэднім дазваляе пэнсіянэрам у гэтых краінах жыць лепш, чым у РФ, і частка апытаных з гэтым згодная:
Але ня ўсе. «Людзі, якія ўсё жыцьцё працавалі, незалежна ад прафэсіі — гэта могуць быць рабочыя, прадаўцы, мэдыкі, дактары, — атрымліваюць ад 75 да 250 эўра. І жыві як хочаш», — скардзіцца жыхарка Латвіі Марта Аўзіня.
Яе пэнсія пасьля 30 гадоў работы ў гандлі складае 75 эўра. «Пры гэтым квартплата — 160 эўра, вада, сьвятло, газ, тэлефон — 280 эўра. А жыць як і на што? Таму людзі ўцякаюць у Заходнюю Эўропу ў пошуках заробку», — кажа Марта.
Беларусь (наогул не ўваходзіць у Global Retirement Index)
У Беларусі асновы пэнсійнага забесьпячэньня захоўваюцца нязьменнымі ад часоў Савецкага Саюзу. У краіне дзейнічае салідарная (дзяржаўная разьмеркавальная) пэнсійная сыстэма. Усе працуючыя і наймальнікі адлічваюць у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) ўнёскі (памер унёску для саміх работнікаў складае 1% ад зарплаты), з даходаў ФСАН выплачваюцца дзяржаўныя пэнсіі і дапамогі.
Права на атрыманьне пэнсіі паводле ўзросту маюць асобы, якія ажыцьцяўлялі ўнёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва ня менш за 15 гадоў. У выпадку адсутнасьці мінімальнага працоўнага стажу з выплатай неабходных страхавых узносаў дзяржавай прызначаюцца сацыяльныя пэнсіі. На сёньня яны складаюць палову пражытковага мінімуму (каля 50 даляраў), для інвалідаў прадугледжаная надбаўка.
«Ты нічога не даб’есься». Пастух у IT-краіне працуе 360 гадзін у месяц за 445 рублёў
Што да дзяржаўных выдаткаў на выплату пэнсіяў, то ў Беларусі яны знаходзяцца на ўзроўні ніжэй за 10% ад ВУП. Гэта адпавядае ўзроўню многіх эўрапейскіх дзяржаў, у тым ліку такіх як Польшча, Эстонія, Нямеччына ці Партугалія. У той жа час у шэрагу краінаў СНД дзяржаўныя выдаткі на выплаты пэнсіяў складаюць менш за 5% ад ВУП.
Памер пэнсіі ў Беларусі вызначаецца ў залежнасьці ад працягласьці працоўнага стажу, пэрыяду аплаты ўнёскаў у ФСАН (страхавы стаж) і памеру заробку, зь якога выплачваліся ўзносы.
Назапашвальных пэнсіяў у Беларусі няма, хоць цяпер добраахвотна чалавек можа назапашваць грошы, зь якіх пасьля яго выхаду на пэнсію будзе ажыцьцяўляцца даплата да дзяржаўнай пэнсіі – шэраг страхавых кампаніяў ужо прапануюць такія паслугі.
Паводле Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, цяпер сярэдні памер пэнсіі па ўзросьце ў Беларусі складае 374,33 рубля.
Тацяна Лісоўская распавяла, што яе мама атрымлівае $ 180 на месяц.
«Гэтых грошай, вядома ж, не хапае. Бо трэба плаціць за ЖКГ, лекі, харчы купіць, апрануцца. Мы з мужам дапамагаем фінансава, інакш не пражыць», — кажа яна. Мама Лісоўскай адпрацавала 40 гадоў, зь іх 24 гады — майстрам на прадзільна-нітачным камбінаце, 16 гадоў — у банку.
У чым праблема пэнсійных сыстэмаў і што чакае ў бліжэйшай будучыні
Экспэрты лічаць, што ў большасьці краінаў сьвету дзейсныя пэнсійныя сыстэмы неўзабаве перастануць выконваць свае задачы, а пэнсіянэраў, якія змогуць сказаць, што ім хапае грошай на пэнсіі, будзе з кожным годам усё менш. Як тлумачыць Антон Табах, галоўны эканаміст «Экспэрт РА», на гэта ёсьць некалькі прычынаў:
«Па-першае, людзі жывуць даўжэй — гэта значыць, што на выплату ім пэнсіяў трэба больш грошай. Па-другое, колькасьць людзей, якія працуюць і за кошт якіх атрымліваюць выплаты цяперашнія пэнсіянэры ў разьмеркавальнай сыстэме, памяншаецца з-за дэмаграфічнага спаду і зьмяненьняў рынку працы», — кажа ён. Нарэшце, нагадвае Табах, была парушаная яшчэ адна неабходная ўмова для таго, каб забясьпечыць будучыя выплаты. Інвэставаньне сродкаў пэнсійных фондаў прынесла грошай менш, чым плянавалася, а даходнасьць ад пачатку 2000-х гадоў на разьвітых рынках была значна ніжэйшай, чым чакалася.
«У выніку ў большасьці краін сьвету пэнсійныя сыстэмы ў тым выглядзе, у якім яны існуюць апошнія дзесяцігодзьдзі, пойдуць уразнос. Калі ў XX стагодзьдзі страхавыя пэнсіі, дапоўненыя мэтавымі зьберажэньнямі, былі добрым вырашэньнем для ліквідацыі беднасьці сярод пажылых і непрацаздольных людзей, то ў XXI стагодзьдзі прыйдзецца прыдумаць нешта іншае», — кажа Табах.
Канкрэтныя захады, паводле яго, будуць залежаць ад кожнай краіны і дзеючай сыстэмы: хтосьці будзе падвышаць пэнсійны ўзрост, хтосьці — павялічваць унёскі, хтосьці будзе пераводзіць насельніцтва на назапашвальную сыстэму, а хтосьці зробіць выбар на карысьць базавага даходу. Як тлумачыць Табах, многім пэнсіянэрам у будучыні будуць плаціць, па сутнасьці, пражыткавы мінімум, а ўсё, што звыш, пэнсіянэру давядзецца зарабіць самому або назапасіць за час працы.
Беларусь пакуль пайшла шляхам падвышэньня пэнсійнага ўзросту. Паэтапнае падвышэньне прадугледжвае, што да 1 студзеня 2022 мужчыны будуць выходзіць на пэнсію ў 63 гады замест цяперашніх 60, а жанчыны – у 58 замест 55.