Анастасія Вашукевіч, вядомая як Насьця Рыбка, выбачылася ў Instagram за адсутнасьць на сваёй прэс-канфэрэнцыі 23 студзеня. Яна заявіла, што захварэла, і папрасіла «пару дзён, каб прыйсьці ў сябе».
Яна падзякавала за вызваленьне з турмы СМІ і свайму адвакату, а таксама «прэзыдэнту маёй любімай краіны за дапамогу, якую ён аказваў». Пры гэтым ні на відэа, ні ў камэнтарах яна не сказала, прэзыдэнту якой краіны яна дзячыць.
Шэраг СМІ паведаміў, што Вашукевіч падзякавала Аляксандру Лукашэнку. Але ці так гэта, незразумела: адвакат Насьці Рыбкі за некалькі гадзінаў да таго заявіў, што ў яе вызваленьні няма заслугі беларускіх дыпляматаў, пасьля таго як прэс-сакратарка Лукашэнкі казала, што кіраўнік дзяржавы «тэрмінова загадаў» заняцца вызваленьнем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аляксандар Лукашэнка загадаў заняцца вызваленьнем Насьці Рыбкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакат Насьці Рыбкі заявіў, што ў яе вызваленьні няма заслугі беларускіх дыпляматаў22 студзеня затрыманых грамадзян Беларусі Анастасію Вашукевіч і Алекса Лэсьлі (Аляксандра Кірылава) вызвалілі з паліцыі Масквы без прад'яўленьня абвінавачваньня. Ад моманту затрыманьня ў Тайляндзе Вашукевіч і Кірылаў правялі за кратамі 330 дзён.
Хто такая Насьця Рыбка і чаму мы пра гэта пішам?
28-гадовая грамадзянка Беларусі Насьця Рыбка (Вашукевіч) стала вядомая пасьля расьсьледаваньня расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага пра магчымыя карупцыйныя сувязі мільярдэра Алега Дзерыпаскі і намесьніка кіраўніка ўраду Расеі Сяргея Прыходзькі.
Улетку 2016 году алігарх і чыноўнік, плаваючы разам на яхце, нібыта абмяркоўвалі ўмяшаньне ў амэрыканскія выбары. На гэтай яхце ў ліку іншых дзяўчат з эскорт-агенцтваў была і Вашукевіч. Пазьней пра тое, што адбывалася на яхце Дзерыпаскі, яна расказала ў сваёй кнізе і ў сацыяльных сетках.
«У Беларусь я больш ні нагой». 10 фрагмэнтаў з кнігі Насьці Рыбкі
У канцы лютага 2018 году Вашукевіч і яшчэ 7 чалавек затрымалі ў Патаі. Паводле ўладаў, яны арганізоўвалі «сэкс-трэнінгі», ня маючы дазволу працаваць у Тайляндзе. У студзені 2019-га затрыманым прысудзілі ўмоўны тэрмін і дэпартацыю.
17 студзеня чатырох дэпартаваных затрымалі ў маскоўскім аэрапорце Шарамецьева. Гэта грамадзяне Беларусі Анастасія Вашукевіч, Андрэй Жэшка, ураджэнец Беларусі Аляксандр Кірылаў (галоўны арганізатар сэкс-трэнінгаў) і грамадзянка Расеі Марыя Жарко. Паводле жонкі Кірылава Крысьціны, затрыманым інкрымінуюць уцягваньне ў заняткі прастытуцыяй (ч. 2 арт. 240 КК РФ).
Турму для Рыбкі замовіў расейскі мільярдэр: доказы Навальнага
22 студзеня Аляксандар Лукашэнка загадаў «тэрмінова заняцца» вызваленьнем Вашукевіч, пасьля яе і Кірылава вызвалілі пад падпіску аб яўцы.