Сёстры-блізняты Іна Рамановіч (дырэктар цэнтру падрыхтоўкі да Паралімпійскіх гульняў) і яе сястра Сьвятлана Фёдарава, якая часова не працуе, разам апынуліся на лаве падсудных на працэсе, які пачаўся 18 студзеня ў Цэнтральным раённым судзе Менску.
Хабар за перазаключэньне кантракту
Справу аб хабары ў Рэспубліканскім цэнтры паралімпійцаў вёў Сьледчы камітэт, а матэрыялы для яе сабрала ў ходзе «распрацоўкі» ўправа па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ГУУС Менскага гарвыканкаму.
Іна Рамановіч — былы дырэктар Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі па паралімпійскіх відах спорту. Яе затрымалі ў красавіку мінулага году. Як сьцьвярджае сьледзтва — пасьля атрыманьня хабару ў 15 тысяч даляраў ад галоўнага трэнэра па інваспорце Аксаны Чарнышовай.
У абвінавачаньні сказана, што Рамановіч запатрабавала ад Чарнышовай гэтыя грошы пасьля таго, як тая атрымала 41 тысячу даляраў у якасьці ўзнагароды за пасьпяховае выступленьне беларускіх спартсмэнаў на Паралімпійскіх гульнях у Пхёнчхане, Рэспубліка Карэя.
Рамановіч сказала тады Чарнышовай: «Плаці 15 тысяч, або не працягну з табой кантракт». Але па грошы на сустрэчу з Чарнышовай прыходзіла не Рамановіч, а яе сястра-блізьніца Сьвятлана Фёдарава. Паводле сьледзтва, Фёдарава ведала пра злачынную схему, якую прыдумала яе сястра, дапамагала ёй парадамі ды іншымі дзеяньнямі, таму яна таксама вінаватая.
Дабаўка ў 5 тысяч даляраў
Мала таго, што Сьвятлана Фёдарава пагадзілася быць пасярэдніцай пры атрыманьні хабару ў асабліва вялікім памеры, дык, паводле сьледзтва, яна зрабіла і асабісты ўнёсак у злачынства: сказала Чарнышовай, што ад яе патрэбна яшчэ 5 тысяч даляраў, бо сястра нібыта ўсё роўна не зьбіраецца заключаць зь ёй кантракт. Гэтак да абвінавачаньня Фёдаравай у садзеяньні атрыманьню хабару дадаўся яшчэ адзін артыкул — пра махлярства. Бо насамрэч, як сказана ў абвінавачаньні, дырэктарка паралімпійскага цэнтру Іна Рамановіч не адмаўлялася ад свайго абяцаньня — за хабар у 15 тысяч даляраў працягнуць кантракт з Аксанай Чарнышовай.
Так гэта ці не, ведала дырэктарка пра дадатак у 5 тысяч ці гэта была «самадзейнасьць» яе сястры, — гэта, магчыма, стане вядома праз тыдзень, калі працэс адновіцца.
А сёньня сёстры трымаліся салідарна: абедзьве не прызналі сябе вінаватымі і адмовіліся даваць паказаньні, пакуль суд не апытае сьведак.
Чакаецца, што 24 студзеня, калі працэс адновіцца, суд дапытае галоўнага трэнэра па інваспорце Аксану Чарнышову, ад якой Рамановіч, паводле сьледзтва, патрабавала хабар, а таксама мужа Чарнышовай Лубоўскага, які непасрэдна перадаваў Фёдаравай 15 тысяч даляраў.
У першы дзень суду на працэс прыйшло шмат спартоўцаў і знаёмых сясьцёр Рамановіч. Сярод іх была вядомая ў 80-х беларуская фэхтавальшчыца Ірына Ўшакова, якая сказала журналістам, што прыйшла адмыслова, каб маральна падтрымаць Іну і Сьвятлану, бо ня верыць у іхную віну.
«Тут нешта ня тое! Каб больш за 40 тысяч даляраў заплацілі трэнэру за Паралімпіяду — гэта неверагодна! Чаму такія грошы?» — зьдзіўлялася ў кулюарах яшчэ да працэсу Ірына Ўшакова.
Старшынюе на працэсе судзьдзя Натальля Вайцэховіч.