Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падлетку, які напаў на бацьку з нажом, далі 6 гадоў калёніі


Дзьмітрый Цімашкоў з дачкой і сынам, архіўнае фота
Дзьмітрый Цімашкоў з дачкой і сынам, архіўнае фота

14-гадовага С. прызналі вінаватым у замаху на забойства і прысудзілі 6 гадоў выхаваўчай калёніі.​

Працэс у справе хлопца быў закрыты, але прысуд абвясьцілі публічна. Справу разглядаў суд Ленінскага раёну. Абвінавачаньні былі выстаўленыя паводле ч. 1 арт. 14 і ч.1 арт. 139 КК («Замах на забойства»).

«Прабачэньня сын не прасіў, — расказаў пасьля прысуду бацька асуджанага Дзьмітры Цімашкоў пра апошняе слова сына. — Гэта ж не царква, каб прабачэньня прасіць. Сказаў, што цалкам раскайваецца».

Бацькі зьбіраюцца падаваць апэляцыю на прысуд. С. атрымаў найменшае пакараньне, якое прадугледжвае санкцыя артыкулу Крымінальнага кодэксу. Таму пры апэляцыі трэба дамагацца перакваліфікацыі абвінавачаньня.

«Сваёй віны я ня бачу, гэта дзіўнае пытаньне», — пракамэнтаваў Дзьмітры пытаньне журналістаў. Ён лічыць, што падчас сьледзтва было шмат парушэньняў, якія паўплывалі на прысуд.

Што адбылося?

24 верасьня 14-гадовы падлетак нанёс некалькі ўдараў нажом у сьпіну свайму бацьку Дзьмітрыю Цімашкову. 52-гадовы бацька трапіў у шпіталь, перанёс апэрацыю, а супраць хлопца завялі крымінальную справу.

У інтэрвію Радыё Свабода Дзьмітры казаў, што дзяцей выхоўваў адзін. Сын і 12-гадовая дачка засталіся жыць зь ім пасьля разводу з жонкай. Сын вучыўся ў адной зь менскіх гімназій. Камэнтаваць здарэньне кіраўніцтва ўстановы адмовілася.

Дзьмітры вядомы ў Беларусі як «Лільчын тата» і аўтар блогу lilkindad. У ім апісваецца гісторыя сям’і, у якой расьце дзяўчынка з ДЦП. Дзьмітры ўжо некалькі гадоў арганізоўвае маратоны для бацькоў з асаблівымі дзецьмі. Заснаваў арганізацыю «Каманда „Крылы анёлаў“», часта даваў інтэрвію і быў героем рэпартажаў.

Якія стасункі былі паміж бацькам і сынам?

Падчас расьсьледаваньня Сьледчы камітэт паведаміў, што «паміж хлопчыкам і бацькамі на працягу некалькіх гадоў разьвіваўся канфлікт». Аднак Дзьмітры Цімашкоў з гэтым быў нязгодны.

«Ён падлетак, са сваімі тараканамі, нясьмешнымі жартамі, прыбабахамі, але ён нармальны хлапец. Ён па сваёй прыродзе ня мог гэта зрабіць так, як ён гэта заяўляе на допытах — наўмысна і сурова», — казаў Дзьмітры ў інтэрвію Свабодзе.

Дзьмітры Цімашкоў з дачкой Ліляй, архіўнае фота
Дзьмітры Цімашкоў з дачкой Ліляй, архіўнае фота

Старэйшая сястра С. Ліза (дачка Дзьмітрыя ад першага шлюбу) гаворыць пра брата як пра «ціхага, спакойнага хлопчыка», які шмат чытаў, хадзіў у бібліятэку.

«Радасьцямі ў сям’і ён не дзяліўся. Я ня ўпэўненая, што ў яго былі нейкія асаблівыя радасьці. Адзінае — паездкі ў іншыя гарады разам з татам і ягонай камандай. Я іх фатограф, так што таксама езьдзіла, — кажа яна. — Скардзіўся толькі, што з тых часоў, як мама больш зь імі не жыве, тата пераклаў усю працу па доме на яго (посуд памыць, падлогу падмесьці, сьмецьце вынесьці)», — распавядала дзяўчына.

​Дзьмітры казаў у інтэрвію, што прычынай разводу стала алькагольная залежнасьць маці хлопчыка — праз гэта сям’я стаяла на ўліку як сацыяльна небясьпечная. Казаў, што сям’я мела фінансавыя цяжкасьці, а клопат пра дачку накладаў на ўсіх адмысловыя абавязкі.

«У сына не было магчымасьці схадзіць у кіно, калі ён хацеў. Не было грошай на цукеркі — на элемэнтарныя вельмі рэчы, бо проста няма. Часам думаеш, дзе на сьняданак узяць, — кажа Дзьмітры. — Мы маем стандартны набор дапамог — пэнсія па інваліднасьці і дапамога па інваліднасьці. Недзе па 100 даляраў кожная. Ёсьць яшчэ дапамога для дзяцей з такіх сем’яў і дапамога на падгузкі. Калі ўсё сабраць, то даляраў 400».

Чаму пра гэта ўсе гавораць?

Блог Дзьмітрыя Цімашкова і да трагічнага здарэньня быў папулярны. Пра тое, што адбылося ў сям’і, Дзьмітры ўпершыню таксама паведаміў у сваім блогу.

Падрабязныя інтэрвію ў СМІ і запісы ў блогу выклікалі ў людзей супрацьлеглую рэакцыю. Некаторыя актыўна падтрымліваюць Дзьмітрыя, іншыя гэтак жа актыўна яго асуджаюць.

У хлопчыка зьявілася грамадзкая група падтрымкі, якая назьбірала грошы на дадатковага адваката і паведамляе, што падтрымлівае падлетка ў зьняволеньні. Сам Дзьмітры і маці хлопчыка Вольга сьцьвярджаюць, што зь імі гэтая дапамога не была ўзгодненая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG