Кіраўнік іміграцыйнай службы Тайлянду Сурачатэ Хакпарн (Surachate Hakparn) заявіў мясцовым СМІ, што 8 чалавек, якіх дэпартуюць у рамках справы «сэкс-трэнінгаў», пажадалі вярнуцца ў свае краіны. Паводле ягоных слоў, дэпартацыя каардынуецца зь Беларусьсю і Расеяй.
У Менску гэтую заяву абверглі. Начальнік упраўленьня па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Аляксей Бягун паведаміў Свабодзе, што кампэтэнтныя органы не праяўляюць ніякай цікавасьці да грамадзянкі Анастасіі Вашукевіч (Рыбкі).
«Навошта падаграваць інтарэс да гэтай асобы? Хто яна такая — палітычная дзяячка, інтэлектуалка, вядучая спэцыялістка? Прадстаўніца першай найстаражытнейшай прафэсіі... Нам яна нецікавая, гэтай сытуацыяй мы не займаемся».
Бягун заявіў, што ягонае ведамства не каардынуе свае дзеяньні ў гэтым пытаньні з тайскай паліцыяй:
«Кампэтэнтным органам Беларусі нецікавая гэтая асоба. Грамадзянін Беларусі можа свабодна выяжджаць са сваёй краіны і сюды прыяжджаць. Рыбка можа і не вяртацца ў Беларусь з Расеі. З Расейскай Фэдэрацыяй у нас свабода перасоўваньня. На тэрыторыі Беларусі яна не зьдзяйсьняла нічога супрацьпраўнага. Калі ёсьць праблемы — усе кантакты ў нас ідуць па лініі Інтэрполу», — сказаў Свабодзе палкоўнік міліцыі Аляксей Бягун.
Чакаецца, што Насьця Рыбка сёньня ўвечары прыбудзе разам зь іншымі ўдзельнікамі «сэкс-трэнінгу», асуджанымі ў Тайляндзе на ўмоўныя тэрміны, у аэрапорт Масквы, а пазьней беларускія грамадзяне могуць прыбыць у Менск. Ці вернуцца грамадзяне Беларусі Насьця Вашукевіч і яе партнэр Аляксандар Кірылаў у Менск, пакуль невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусь я больш ні нагой». 10 фрагмэнтаў з кнігі Насьці РыбкіЧаму мы пішам пра Насьцю Рыбку?
Насьця Рыбка стала вядомая пасьля расьсьледаваньня расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага пра магчымыя карупцыйныя сувязі мільярдэра Алега Дзерыпаскі і намесьніка кіраўніка ўраду Расеі Сяргея Прыходзькі.
Улетку 2016 году алігарх і чыноўнік, плаваючы разам на яхце, нібыта абмяркоўвалі ўмяшаньне ў амэрыканскія выбары. На гэтай яхце ў ліку іншых дзяўчат з эскорт-агенцтваў была і Насьця Рыбка. Пазьней пра тое, што адбывалася на яхце Дзерыпаскі, яна расказала ў сваёй кнізе і ў сацыяльных сетках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабруйская эскортніца «спаліла» сувязі расейскіх чыноўнікаў з алігархаміАнастасія Вашукевіч, Аляксандар Кірылаў і яшчэ 7 чалавек былі затрыманыя ў Патаі ў канцы лютага 2018 году. Паводле ўладаў, яны арганізоўвалі «сэкс-трэнінгі», ня маючы дазволу працаваць у Тайляндзе. Большасьць удзельнікаў сэмінараў былі мужчыны, турысты з Расеі.
Аляксандар Кірылаў заяўляе, што супраць яго і Анастасіі Вашукевіч была праведзеная сакрэтная апэрацыя. Паліцыя распавяла The New York Times, што «замежны шпіён» быў у канфэрэнц-залі падчас трэнінгу і што шпіён кантактаваў з афіцэрамі, якія чакалі пачатку апэрацыі па затрыманьні ўдзельнікаў «трэнінгу».
Ганароваму консулу Беларусі ў Тайляндзе Рыбка заявіла, што ня хоча вяртацца ў Беларусь, сказаў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Насьця Рыбка пасьля вызваленьня з тайляндзкай турмы. ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усе мае праблемы зьвязаныя з царквой». Беларус Карназыцкі пра дэпартацыю з Украіны