Бізнэсмэн Міхаіл Хадаркоўскі і створаны ім цэнтар «Дасье» прадставілі папярэднія вынікі расьсьледаваньня забойства траіх расейскіх журналістаў у Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы.
Паводле высноваў журналістаў-дасьледчыкаў, да забойства Архана Джэмаля, Аляксандра Растаргуева і Кірыла Радчанкі былі датычныя расейцы, якія працуюць на адну са структур Яўгена Прыгожына, і супрацоўнік жандармэрыі ЦАР.
Хто сачыў за журналістамі ў ЦАР
Аўтары расьсьледаваньня сьцьвярджаюць, што ім удалося здабыць білінг тэлефонаў, якія выкарыстоўваў кіроўца Б’енвэніт Ндувакама, наняты журналістамі. Перад паездкай кіроўца актываваў сім-карту, аформленую на чужое імя. Пры праверцы ён уставіў яе ў свой тэлефон. Такім чынам атрымалася ўсталяваць яго другі нумар і сапраўднае імя, распавялі ў цэнтры «Дасье».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЦАР забітыя трое расейскіх журналістаўАле галоўнай знаходкай аказалася гісторыя званкоў кіроўцы: ён ня менш за 47 разоў зьвязваўся з высокапастаўленым прадстаўніком жандармэрыі ЦАР Эманюэлем Катофіа. У цэнтры «Дасье» мяркуюць, што кіроўца даваў справаздачу перад Катофіам аб перамяшчэньні групы журналістаў. Сам Б’енвэніт Ндувакама раней працаваў у жандармэрыі.
Згодна з білінгам, Катофіа перамяшчаўся ўсьлед за групай расейскіх журналістаў у дзень забойства. У цэнтры «Дасье» лічаць, што ён «як мінімум прысутнічаў побач зь месцам забойства».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ: расейскіх журналістаў у ЦАР перад забойствам выкралі і дапыталіВайскоўцы, якія дзяжурылі на блёкпосьце, празь які праехалі расейскія журналісты, паведаміў цэнтру «Дасье», што праз той жа КПП за гадзіну да забойства праехаў аўтамабіль, у якім быў Катофіа, яшчэ два афрыканцы з трыма эўрапейцамі. Гэтая ж машына з тымі ж пасажырамі вярнулася праз КПП праз паўгадзіны пасьля забойства траіх расейцаў.
Сьледчым не ўдалося ўстанавіць асобу «Марціна», якога журналісты лічылі стрынгерам і супрацоўнікам ААН у ЦАР.
Рэкамэндавалі «Марціна» супрацоўнік адной са структур Яўгена Прыгожына РІА «ФАН» Кірыл Раманоўскі.
Як усё гэта зьвязана з «ЧВК Вагнера» і Прыгожыным
У цэнтры «Дасье» лічыць, што Катофіа пастаянна кантактаваў з супрацоўнікам кампаніі «М-Фінанс» Аляксандрам Сотавым. Сотаў, у сваю чаргу, «цесна камунікаваў» зь іншым супрацоўнікам «М-Фінанс», дарадцам прэзыдэнта ЦАР Валерыем Захаравым.
Кампанія «М-Фінанс» — адна са структур, падкантрольных бізнэсмэну Яўгену Прыгожыну. Прадпрымальніка таксама зьвязваюць з «ЧВК» Вагнера.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны ведалі, чым гэта можа скончыцца». Усё пра гібель расейскіх журналістаў у ЦАРУ распараджэньні цэнтра «Дасье» ёсьць даверанасьць ад імя Сотава на атрыманьне зарплаты ў «М-Фінанс» са згадваньнем пасады «Інструктар» і асабістым нумарам, які прысвойваецца кожнаму найміту «ЧВК Вагнера». І Захараў, і Сотаў ёсьць у ведамасьці заработнай платы.
Валерый Захараў мае нумар жэтона M-5658 і пасаду «Кіраўнік групы інструктараў». Аляксандр Сотаў з нумарам М-5661 запісаны як «Інструктар па вонкавым назіраньні, контрназіраньні, вярбоўцы, агентурнай працы». Зарплата першага — 300 тысяч (як мяркуецца, рублёў), другога — 200 тысяч. Месяц атрыманьня зарплаты не пазначаны.
Больш падрабязна пра вынікі расьсьледаваньня леташніх падзеяў у Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы чытайце ТУТ.