Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны ведалі, чым гэта можа скончыцца». Усё пра гібель расейскіх журналістаў у ЦАР


Архан Джэмаль, Аляксандар Растаргуеў і Кірыл Радчанка
Архан Джэмаль, Аляксандар Растаргуеў і Кірыл Радчанка

У Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы забітыя журналіст Архан Джэмаль, апэратар Кірыл Радчанка і рэжысэр Аляксандар Растаргуеў. Яны прыляцелі ў гэтую краіну 27 ліпеня, каб зьняць дакумэнтальны фільм пра працу «ЧВК Вагнера» для «Цэнтру кіраваньня расьсьледаваньнямі» (ЦУР), аднаго з праектаў Міхаіла Хадаркоўскага, і меліся вярнуцца ў Расею 18 жніўня. «Вагнераўцы» ведалі, што здымачная група знаходзіцца ў краіне.

Як гэта здарылася

Гібель групы пацьверджана амбасадай Расеі, місіяй ААН у ЦАР, а таксама мясцовымі чыноўнікамі. Паводле асноўнай вэрсіі, аўтамабіль з Джэмалем, Растаргуевым і Радчанкам быў спынены ў ноч на панядзелак на блёкпосьце, калі яны ехалі са сталіцы ЦАР Бангі ў горад Сібю. У гэты момант з засады выйшлі ўзброеныя людзі і фактычна расстралялі расейцаў на месцы, пакінуўшы жывым кіроўцу (яго ўжо дапытала паліцыя). Паводле вэрсіі крыніцы «Інтэрфаксу», мэтай забойства было абрабаваньне. Агенцтва паведамляе, што целы загінулых былі дастаўленыя ў Бангі і ўжо апазнаныя. Архана Джэмаля, як паведамляе The Bell, апазнала паводле фатаграфіі яго жонка Ірына Гардзіенка.

Паводле дадзеных Анастасіі Гаршковай, намесьніцы галоўнага рэдактара «Цэнтру кіраваньня расьсьледаваньнямі», група прыехала ў ЦАР у суботу, 28 ліпеня. На другі дзень яна адправілася на базу «ЧВК Вагнера» ў прэзыдэнцкім палацы былога кіраўніка дзяржавы, дыктатара Жана Бэдэля Бакасы. Іх не пусьцілі на тэрыторыю, запатрабаваўшы акрэдытацыю мясцовага вайсковага ведамства.

У той самы дзень, як распавяла Гаршкова тэлеканалу «Дождж», каля гатэлю двое паліцыянтаў запатрабавалі і атрымалі ад журналістаў хабар (каля 100 даляраў) за «незаконнае выкарыстаньне здымачнай апаратуры».

Паехалі ўначы за 400 км

Вечарам нядзелі, 29 ліпеня, група мелася паехаць на сустрэчу са сваім «фіксэрам» у ЦАР Марцінам у іншы горад, які знаходзіцца за 400 кілямэтраў ад Бангі. Кіроўцу для гэтай паездкі ім рэкамэндаваў сам Марцін. З сабой у Джэмаля, Растаргуева і Радчанкі было каля 8000 даляраў, дзьве камэры і іншая дарагая тэхніка. Выезд быў заплянаваны на 7-ую вечара. Прадстаўнік уладаў Сібю Марсэлін Ёё расказаў AP, што папярэджваў расейцаў аб небясьпецы перамяшчэньня па краіне ноччу. Ён таксама высунуў крыху іншую вэрсію таго, як адбыўся сам напад: згодна зь ёй, здымачную групу перад забойствам захапілі ў палон каля 10 чалавек, якія гаварылі на арабскай мове.

Агенцтва ТАСС паведамляе са спасылкай на амбасаду Расеі ў ЦАР, што ў двух расейцаў пры сабе нібыта былі з сабой прэс-карты «Известий». Паводле дадзеных AFP, іх целы знайшлі за 23 кілямэтры ад Сібю. Пазьней у «Известиях» паведамілі, што ніводнага супрацоўніка выданьня на тэрыторыі ЦАР не было.

Як распавёў расейскай службе Бі-Бі-Сі Андрэй Каняхін, галоўны рэдактар «Цэнтру кіраваньня расьсьледаваньнямі», аднаго з праектаў Міхаіла Хадаркоўскага, апошні раз Джэмаль, Растаргуеў і Радчанка выходзілі зь ім на сувязь у нядзелю. Каняхін пацьвердзіў, што разам з загінулымі журналістамі яны рабілі «праект па ЦАР».

Архан Джэмаль
Архан Джэмаль

Аляксандар Растаргуеў
Аляксандар Растаргуеў

Што расейскія вайскоўцы робяць у ЦАР

Расейскія вайсковыя інструктары, дарадцы і найміты з прыватных вайсковых кампаній актыўна дзейнічаюць у Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы ўжо некалькі месяцаў. Паводле дадзеных шматлікіх крыніц, на чале «афрыканскага праекту» Масквы стаіць пецярбурскі мільярдэр Яўген Прыгожын, якога зьвязваюць зь фінансаваньнем «фабрыкі троляў» у Ольгіне і з так званай «ЧВК Вагнера».

Масква, афіцыйна і неафіцыйна, усталёўвае сваю вайсковую прысутнасьць у Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, зь якой у сьнежні 2017 году ў Сочы, падчас візыту ў Расею прэзыдэнта ЦАР Фостэн-Аршанжа Туадэра, было заключана ваеннае пагадненьне. Яно прадугледжвае пастаўкі афіцыйнаму ўраду ў Бангі рэактыўнай зброі, кулямётаў, аўтаматаў і пісталетаў, а таксама навучаньне 1300 байцоў Цэнтральнаафрыканскай арміі.

Журналіст Радзівон Чэпель у інтэрвію «Новой газете» расказаў:

«Гэта быў супольны праект Аляксандра Растаргуева і ЦУР. Журналісты паехалі ў Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку пасьля паведамленьняў пра тое, што там пэрыядычна бачаць расейскіх людзей у вайсковай форме. Журналістам гэта было цікава. Гэта былі найлепшыя прадстаўнікі прафэсіі, вельмі сьмелыя хлопцы. Яны прыехалі некалькі дзён таму туды, правялі ў ЦАР 3-4 дні. Высоўваліся са сталіцы Бангі на захад у бок гораду Бамбары. Яны былі заблякаваныя на адным з блёкпастоў».

Баевікі адной з узброеных груповак, якія дзейнічаюць у ЦАР
Баевікі адной з узброеных груповак, якія дзейнічаюць у ЦАР

Адна з найбяднейшых краінаў сьвету

ЦАР, адна з самых бедных краін Афрыкі і ўсяго сьвету, былая француская калёнія, нават пасьля атрыманьня незалежнасьці ў 1960 годзе ўсё роўна заўсёды заставалася традыцыйнай зонай інтарэсаў Парыжу, дзяржавай, якая ідзе ў фарватэры францускай палітыкі, нават нягледзячы на спробы імпэратара-канібала Бакасы ў нейкі пэрыяд абвясьціць сябе «прыхільнікам сацыялістычных ідэй». Менавіта ў ЦАР на працягу дзесяцігодзьдзяў Францыя трымала адзін з самых буйных сваіх вайсковых кантынгентаў за мяжой (намаганьнямі якога Бакаса і быў скінуты). Аднак з пачатку ХХІ стагодзьдзя сытуацыя пачала радыкальна мяняцца.

У рэспубліцы прыкладна з 2003-2004 гадоў пачаўся заблытаны этнічна-рэлігійны канфлікт паміж хрысьціянамі і мусульманамі, які прывёў да некалькіх пераваротаў, масавага праліцьця крыві, зьверстваў і страты цэнтральным урадам у Бангі кантролю над большай часткай тэрыторыі дзяржавы. Фактычна краіна падзеленая паміж рознымі ўзброенымі бандамі, галоўнымі зь якіх зьяўляюцца хрысьціянская групоўка «Антыбалака» і ісламісцкі альянс «Сэлека».

Архан Джэмаль нарадзіўся ў 1966 годзе, зь сярэдзіны 90-х працаваў у газэтах «Вечерняя Москва», «Независимая газета», «Новая газета» і іншых выданьнях. Працаваў у якасьці ваеннага карэспандэнта падчас расейска-грузінскай вайны 2008 году, а таксама ў Афганістане, Іраку, Лібане, Лібіі, Сырыі і Саудаўскай Арабіі.

Аляксандар Растаргуеў — расейскі рэжысэр-дакумэнталіст. У сьнежні 2012 году разам зь вядучым НТВ Аляксеем Піваваравым і дакумэнталістам Паўлам Кастамаравым запусьціў дакумэнтальны праект «Рэальнасьць».

Кірыл Радчанка быў пазаштатным апэратарам і фатографам пракрамлёўскага тэлеканалу ANNA NEWS, здымаў у Сырыі, працаваў у якасьці апэратара для шэрагу іншых СМІ.

Аляксандар Госьцеў, Марк Крутаў, "Радио Свобода"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG