«Цэнтар кіраваньня расьсьледаваньнямі» — журналісцкі праект Міхаіла Хадаркоўскага пачаў уласнае расьсьледаваньне гібелі расейскіх журналістаў у Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы. Аб гэтым паведамляецца на старонцы праекту сацыяльнай сеткі «ВКонтакте».
Менавіта для «Цэнтру кіраваньня расьсьледаваньнямі» Архан Джэмаль, Аляксандр Растаргуеў і Кірыл Радчанка здымалі ў Афрыцы дакумэнтальны фільм пра расейскіх наймітаў з прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнера».
Напярэдадні стала вядома пра гібель журналістаў. Паводле адной з вэрсій, іх аўтамабіль расстралялі недалёка ад сталіцы ЦАР, Бангі. Паведамляецца таксама, што прычынай нападу магла стаць спроба рабаваньня. Як паведамілі ў «Цэнтры кіраваньня расьсьледаваньнямі», у журналістаў была відэа- і фотаапаратура, а таксама каля васьмі з паловай тысяч долараў гатоўкай на выпадак надзвычайнай сытуацыі.
Акрамя гэтага, паводле цэнтральнаафрыканскага сайту Palmarescentrafrique.com, да нападу могуць быць датычныя байцы мясцовай тэрарыстычнай групоўкі «Сэлека». Перад забойствам яны нібыта дапыталі журналістаў.