Сусьветны банк прагназуе запаволеньне тэмпаў росту валавога ўнутранага прадукту Беларусі да 2,7% у 2019 годзе і 2,5% у 2020–2021 гадах, паведамляецца ў студзеньскім аглядзе банку «Пэрспэктывы сусьветнай эканомікі. Азмрочаныя пэрспэктывы».
Паводле ацэнкі аналітыкаў Сусьветнага банку, па выніках 2018 году рост беларускай эканомікі складзе 3,4%, паведамляе БелаПАН.
«Рызыка разьвіцьця стрэсавых сытуацый у фінансавай сфэры патэнцыйна вышэйшая у краінах, дзе існуюць унутраныя фактары ўразьлівасьці, напрыклад у Румыніі і Беларусі, якія маюць дэфіцыт у рахунку бягучых апэрацый або значны аб’ём запазычанасьці ў замежнай валюце», — падкрэсьлівае Сусьветны банк.
Як канстатуюць эканамічныя аналітыкі, «запаволеньне або адмена структурных рэформаў у Азэрбайджане, Армэніі, Беларусі, Турэччыне і Ўкраіне выкліча рост палітычнай нявызначанасьці, а ўзмацненьне напружанасьці вакол Сырыі ці Ўкраіны здольнае прывесьці да ўвядзеньня новых санкцыяў і падрыву даверу да рэгіёну».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сусьветны банк назваў галоўныя праблемы Беларусі, якія замаруджваюць эканамічны ростУ цэлым Сусьветны банк у аглядзе пагоршыў прагноз росту сусьветнага ВУП на 2019 год. Згодна з прагнозамі, тэмпы росту сусьветнай эканомікі у 2019 годзе запаволяцца да 2,9%, (ніжэй за ранейшыя прагнозы), і да 2,8% — у 2020-2021 гадах.
Раней аналітыкі Сусьветнага банку адзначалі, што галоўная задача Беларусі — знайсьці спосабы пераходу ад цыклічнага ўздыму да ўстойлівага структурнага аднаўленьня эканомікі.
Паводле іх, паскарэньне эканамічнага росту ў Беларусі патрабуе большай эфэктыўнасьці ў разьмеркаваньні рэсурсаў, далейшага спрашчэньня ўмоваў вядзеньня бізнэсу, стымуляваньня інвэстыцый і ўмацаваньня даверу да дзяржаўных інстытутаў. Неабходны эканамічныя, сацыяльныя і інстытуцыйныя пераўтварэньні, у аснове якіх — узмацненьне ролі прыватнага сэктару, павышэньне эфэктыўнасьці дзяржаўных прадпрыемстваў і ўмацаваньне сыстэм сацыяльнай абароны, падкрэсьліваюць экспэрты Сусьветнага банку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сусьветны банк: У Беларусі трэба скасаваць дзяржаўнае рэгуляваньне цэнаўУлады Беларусі чакаюць, што ў першым квартале 2019 году тэмпы эканамічнага росту істотна замарудзяцца ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2018 году.
У першым квартале 2018 году рост ВУП насіў аднаўленчы характар і склаў 5,1%. Цяпер урад чакае, што ў першым квартале 2019 году эканамічны рост складзе ўсяго 0,6%.
Разам з тым ва ўрадзе разьлічваюць, што ў наступныя кварталы 2019 году эканоміка будзе паступова паскарацца. Па выніках першай паловы году чакаецца рост ВУП на 1,8%, студзеня–верасьня — на 3,1%, па выніках году — на 4%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня больш за 5% інфляцыі, ня менш за 4% ВУП. Лукашэнка паставіў задачы на 2019 год ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрты паставілі пад сумнеў пляны Лукашэнкі наконт росту ВУП у 2019 годзеПа выніках студзеня–лістапада 2018 году рост ВУП Беларусі склаў 3,2%. Афіцыйны прагноз уладаў прадугледжвае, што па выніках 2018 ВУП павялічыцца на 3,5%.
Міжнародныя фінансавыя арганізацыі не падзяляюць афіцыйны прагноз, лічачы, што у 2019 годзе эканоміка краіны будзе расьці павольней, чым у 2018-м. Так, напрыклад, згодна з прагнозам МВФ, рост беларускага ВУП па выніках 2018 году складзе каля 3,5%, а ў 2019-м замарудзіцца да 2,5%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МВФ прагназуе падзеньне тэмпаў эканамічнага росту ў Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразійскі банк разьвіцьця прагназуе запаволеньне росту ВУП Беларусі ў 2019–2021 гадах