У наступныя гады тэмпы эканамічнага росту ў Беларусі будуць запавольвацца. Такі прагноз прыводзіцца ў штоквартальным макрааглядзе Эўразійскага банку разьвіцьця (ЭАБР).
ЭАБР таксама пагоршыў прагноз росту ВУП Беларусі ў 2018 годзе, што зьвязана ў асноўным з большым, чым чакалася, спадам у сельскай гаспадарцы, адзначаецца ў аглядзе. Паводле ацэнак аналітыкаў банку, беларуская эканоміка вырасьце на 3,1% (раней банк прагназаваў рост на 3,8%).
Аналітыкі банку прагназуюць, што ў пэрыяд з 2019 да 2021 году прырост ВУП складзе 1,6–2%, што адпавядае яго патэнцыялу. «Запаволеньне эканомікі зьвязана з завяршэньнем фазы аднаўленьня, якая суправаджалася высокімі тэмпамі росту», — мяркуюць эканамісты ЭАБР.
Пры гэтым яны чакаюць, што інфляцыя ў наступныя гады ў Беларусі будзе знаходзіцца ў межах паказьніка (5%), які прагназуе Нацбанк Беларусі, і па выніках 2018-га складзе 5,4%.
«Пэўнаму паскарэньню інфляцыйных працэсаў да канца бягучага году будуць спрыяць павышэньне цэнаў на паліва і на асобныя харчовыя тавары», — гаворыцца ў макрааглядзе.
У пачатку 2019 году дадатковы інфляцыйны ціск можа аказаць паскарэньне інфляцыі ў Расеі з прычыны павышэньня стаўкі падатку на даданую вартасьць, аднак у цэлым у 2019 годзе Нацбанк Беларусі мае шанцы ўтрымаць інфляцыю ў межах 5%, мяркуюць аналітыкі.
«Аднак захаваньне інфляцыйных чаканьняў, высокі рост заработнай платы і магчымае далейшае падвышэньне ўнутраных цэнаў на паліва з прычыны рэалізацыі падатковага манэўру ў Расеі зрушваюць рызыкі ў бок праінфляцыйных», — лічаць эканамісты ЭАБР.
На іх думку, падвышэньне інфляцыйных рызык абумовіць захаваньне стаўкі рэфінансаваньня на ўзроўні 10%.
Сёлета ў красавіку МВФ палепшыў прагноз росту ВУП Беларусі ў 2018 годзе: 2,8% замест раней акрэсьленых 0,7%. Паводле прагнозу МВФ, у 2019 годзе ВУП Беларусі складзе 2,4%. Інфляцыю на 2018 год раней прагназавалі ня большай за 7,5%, цяпер — ня большай за 6%.
Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця ў лістападзе пацьвердзіў свой травеньскі прагноз па росьце ВУП Беларусі у 2018 годзе на ўзроўні 3% і пагоршыў ацэнку эканамічнага росту ў краіне у 2019 годзе з 3% да 2,5%.
Сусьветны банк у красавіцкім эканамічным аглядзе прагназаваў рост ВУП Беларусі у 2018 годзе на 2,9% з наступным запаволеньнем да 2,7% у 2019 годзе і 2,5% у 2020 годзе, а ў лістападзе эканаміст Сусьветнага банка Марына Сідарэнка заявіла, што прырост ВУП у Беларусі ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве замарудзіцца да 2-2,5%.
На 2018 год Аляксандар Лукашэнка паставіў задачу росту ВУП на 3,5%. У 2017 годзе валавы ўнутраны прадукт вырас на 2,4%. Прагноз росту на 2017 год быў меншы — 1,7%. ВУП Беларусі падаў два гады запар: мінус 3,8% за 2015 год, мінус яшчэ 2,5% за 2016-ы.