Дэмакраты вырашылі перашкодзіць намеру адміністрацыі Трампа зьняць санкцыі з кампаній Дзерыпаскі

Чак Шумер

Дэмакраты ў Кангрэсе ЗША ініцыявалі працэдуру, якая можа перашкодзіць адміністрацыі прэзыдэнта Дональда Трампа зьняць санкцыі з кампаніі Алега Дзерыпаскі En + і падкантрольных ёй Rusal і «Евросибэнерго».

У пятніцу лідэр дэмакратаў у Сэнаце Чак Шумер унёс рэзалюцыю, накіраваную супраць сьнежаньскага рашэньня Мінфіна ЗША зьняць санкцыі з кампаній Дзерыпаскі. Такім чынам, быў запушчаны мэханізм, прадугледжаны санкцыйным законам CAATSA. Як паведамляе расейскае выданьне The Bell, гэты мэханізм дазваляе Палаце прадстаўнікоў і Сэнату блякаваць рашэньні Белага дому па санкцыях. Для гэтага верхняй і ніжняй палаце Кангрэсу трэба на працягу 30 дзён пасьля абвешчанага рашэньня прыняць сумесную рэзалюцыю, у якой выказваецца нязгода зь ім.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калектар з ГРУ. Time расказаў пра сувязь памочніка Дзерыпаскі з кампаніяй Трампа

У тлумачальнай запісцы да рэзалюцыі Шумер тлумачыць, што засталіся без адказу «крытычна важныя пытаньні» з нагоды пагадненьня ўладаў ЗША з кампаніямі Дзерыпаскі. У прыватнасьці, сэнатара цікавіць, ці страціць у рэальнасьці Дзерыпаска кантроль над падсанкцыйнымі кампаніямі і ці перастане імі кіраваць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША вырашылі зьняць санкцыі з кампаній Дзерыпаскі, але не самога расейскага алігарха

Рэзалюцыя ўносіцца не таму, што прынятае рашэньне выступіць супраць зьняцьця санкцый, удакладняе Шумер. Адказ на гэтае пытаньне павінны даць камітэты, якія цяпер вывучаюць рашэньне Мінфіна ЗША (сярод іх банкаўскі камітэт і камітэт па міжнародных адносінах). Мэта ж Шумера — зрабіць так, каб да моманту, калі рашэньне будзе прынятае, у заканадаўцаў засталася магчымасьць заблякаваць зьняцьце санкцый.

Галасаваньне па рэзалюцыі павінна прайсьці не пазьней 18 студзеня, аднак паводле закону да галасаваньня ў Сэнаце дакумэнт павінен ня менш за 10 дзён правесьці ў профільным камітэце, адзначаецца ў публікацыі.