Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФБР спрабавала завэрбаваць расейскага алігарха Дзерыпаску, — The New York Times


Алег Дзерыпаска, архіўнае фота
Алег Дзерыпаска, архіўнае фота

Як сьцьвярджаюць журналісты, у пэрыяд паміж 2014 і 2016 гадамі ФБР і Міністэрства юстыцыі спрабавалі выйсьці на сувязь з расейскім мільярдэрам.

Спэцслужбы ЗША некалькі гадоў спрабавалі завэрбаваць бізнэсоўца Алега Дзерыпаску, піша The New York Times са спасылкай на некалькі крыніц. Як сьцьвярджаюць журналісты, у пэрыяд паміж 2014 і 2016 гадамі ФБР і Міністэрства юстыцыі спрабавалі выйсьці на сувязь з расейскім мільярдэрам.

Паводле інфармацыі газэты, яны хацелі атрымаць інфармацыю пра расейскую арганізаваную злачыннасьць у ЗША і пра магчымае ўмяшаньне Расеі ў амэрыканскія прэзыдэнцкія выбары ў 2016 годзе.

The New York Times сьцьвярджае, што спэцслужбы хацелі высьветліць, ці сапраўды былы кіраўнік штабу Дональда Трампа Пол Манафорт меў прамыя сувязі з Крамлём. Узамен, піша газэта, Злучаныя Штаты прапаноўвалі Дзерыпаску дапамогу ў атрыманьні візаў і вырашэньні юрыдычных праблем, але ён адмовіўся ад супрацоўніцтва.

Паводле адной з крыніцаў выданьня, бізнэсовец расказаў пра кантакты амэрыканскіх спэцслужбаў расейскім уладам.

Прадстаўнікі Дзерыпаскі публікацыю пакуль не пракамэнтавалі.

У пачатку красавіка Дзерыпаска і зьвязаныя зь ім кампаніі трапілі пад амэрыканскія санкцыі з прычыны сувязяў бізнэсоўца з Крамлём. Знаходжаньне ў санкцыйным сьпісе азначае замарозку актываў у ЗША і забарону для амэрыканскіх грамадзян на любы бізнэс з кампаніяй.

У той жа час Мінфін ЗША паабяцаў разгледзець пытаньне аб зьняцьці санкцый, калі доля Дзерыпаскі ў кампаніях будзе складаць менш за 50 адсоткаў. У траўні Дзерыпаска абвясьціў аб выхадзе са складу рады дырэктараў «РусАла».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG