Дональд Трамп адрэагаваў на выказваньні, зробленыя некаторымі кангрэсмэнамі ў аўторак, у першы дзень працы адноўленага складу Палаты прадстаўнікоў. Прэзыдэнт напісаў у твітэры:
«Як можна аб’яўляць імпічмэнт прэзыдэнту, які выйграў, верагодна, самыя значныя выбары ўсіх часоў, якія не зрабіў нічога дрэннага (не ўступаў у змову з Расеяй — гэта дэмакраты ўступілі ў змову з Расеяй), які адпрацаваў два гады свайго тэрміну больш пасьпяхова за любога іншага прэзыдэнта і зьяўляецца найбольш папулярным рэспубліканцам за ўсю гісторыю гэтай партыі — 93%?»
Прынамсі два члена Палаты прадстаўнікоў выказалі гатоўнасьць дамагацца імпічмэнту Трампа. Рэспубліканец ад Каліфорніі Брэд Шэрман і рэспубліканец ад Тэхасу Эл Грын у аўторак, у першы дзень працы новага складу Кангрэсу, выступілі за адхіленьне Трампа ад улады. Спікер Палаты прадстаўнікоў дэмакратка Нэнсі Пэлосі стрымана паставілася да меркаваньня, што дэмакратычная большасьць даможацца імпічмэнту прэзыдэнта Дональда Трампа. Яна не выключыла самой пэрспэктывы імпічмэнту, але адзначыла, што такая мера садзейнічала б варожасьці сярод заканадаўцаў. Пэлосі лічыць, што для вырашэньня пытаньня аб імпічмэнце патрабавалася б падтрымка з боку абедзьвюх партый.
Шэрман і Грын раней двойчы, у 2017 і 2018 годзе, выказваліся пра неабходнасьць правядзеньня імпічмэнту Трампа, але рэспубліканская большасьць у Палаце прадстаўнікоў абодва разы блякавала праекты рэзалюцый. Пазыцыю большасьці тады падтрымалі і дэмакраты, якія заявілі пра дачаснасьць пастаноўкі такога пытаньня.
Нэнсі Пэлосі і старшыня юрыдычнага камітэту Палаты прадстаўнікоў, дэмакрат ад штату Нью-Ёрк Джэралд Надлер, заявілі пра неабходнасьць дачакацца вынікаў расьсьледаваньня спэцпракурора Робэрта Мюлера па справе аб расейскім умяшаньні. Прэзыдэнт ЗША неаднаразова рэзка крытыкаваў Мюлера за расьсьледаваньне меркаванай змовы людзей з атачэньня Трампа з расейскімі афіцыйнымі асобамі.