Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін сустракаліся ў 2018 годзе восем разоў, амаль кожны месяц пасьля перавыбараў Пуціна ў сакавіку. Свабода прыгадала, што адбывалася падчас гэтых сустрэч, а таксама што пра іх казаў кіраўнік Беларусі і пісала ягоная прэс-служба.
Восьмая за год сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуцінам завяршыліся ў Крамлі 25 сьнежня.
«Будзем шчыра казаць, ні ў кога няма такіх блізкіх і цесных адносін, як у беларусаў і расіян. Натуральна, мы рухаемся наперад, і на гэтым шляху ўзьнікаюць пэўныя праблемы», — сказаў Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пагаварылі не «па-братняму»Сустрэча для наступнай сустрэчы
Сёлета ў траўні Пуцін і Лукашэнка сустрэліся першы раз у Сочы, каб «абмеркаваць разьвіцьцё міждзяржаўных адносін». Тады ж дамовіліся пра наступную сустрэчу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пахваліў Пуціна за «ўражальныя» інаўгурацыю і Дзень Перамогі«Прэзыдэнт Беларусі выказаў гатоўнасьць падрабязна абмеркаваць пытаньні, якія назьбіраліся ў двухбаковых адносінах. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што, калі сёньня не атрымаецца прыняць нейкія рашэньні, да іх можна будзе вярнуцца ў час будучых мерапрыемстваў», — паведамляла тады прэс-служба Лукашэнкі.
Да рашэньняў давялося вяртацца ня раз.
Перамовы на фоне «малочных войнаў»
Уладзіміра Пуціна прымалі ў менскім Палацы незалежнасьці ў чэрвені, на Вышэйшай дзяржаўнай радзе «саюзнай дзяржавы». Сустрэча «ў вузкім складзе» праходзіла на фоне «малочных войнаў», калі Расея прыгразіла цалкам перакрыць пастаўкі беларускай малочнай прадукцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін прыедзе ў Менск да Лукашэнкі 19 чэрвеня — пасярод «малочных войнаў»«Прэзыдэнты абмеркавалі стан і пэрспэктывы разьвіцьця двухбаковых адносін, рэалізацыю сумесных праектаў, узаемадзеяньне ў інтэграцыйных фарматах і на міжнародных пляцоўках», — паведаміла па выніках сустрэчы прэс-служба Лукашэнкі.
Тады ж Лукашэнка заявіў пра «важнасьць ліквідацыі ўзаемных бар’ераў». Але праблемы з пастаўкамі беларускіх прадуктаў у Расею ня вырашыліся і пасьля гэтай сустрэчы: ужо ў верасьні Расея прыгразіла забараніць пастаўкі сьвініны зь Беларусі.
Футбол і ніякай палітыкі
У ліпені Аляксандар Лукашэнка прыехаў у Маскву глядзець фінал чэмпіянату сьвету па футболе. Тады ён абдымаў прэзыдэнтку Харватыі Калінду Грабар-Кітаравіч за плячо. Дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА апублікавала відэа нефармальнай сустрэчы, на якой прысутнічалі таксама Эманюэль Макрон, Уладзімір Пуцін і кіраўнік FIFA Джані Інфантына. Ці гаварылі пра адносіны Беларусі і Расеі пасьля футболу і падчас сьвяткаваньня, не паведамляецца.
«Адцягнуцца ад прэзыдэнцкіх праблем»
Ужо другую сустрэчу ў Сочы і чацьвёртую за год у цэлым Лукашэнка і Пуцін правялі 22 жніўня, каб «падрабязна абмеркаваць шырокі спэктар пытаньняў» і «ўсясьветны парадак дня», а таксама «адцягнуцца ад прэзыдэнцкіх праблем».
За два тыдні да сустрэчы Аляксандар Лукашэнка казаў, што «ў нас цяпер цяжкі пэрыяд, расейцы паводзяць сябе па-барбарску», «як быццам мы васалы ў іх».
«У нас праблемы ёсьць, якія вырашаюцца хутка або доўга не вырашаюцца. Але новыя праблемы, на шчасьце, не зьяўляюцца, як я прааналізаваў, за апошні час. Тым ня менш гэтыя праблемы бяз нас ніхто ня вырашыць», — казаў падчас сустрэчы Аляксандар Лукашэнка.
Шэсьць гадзін, каб «зьверыць гадзіньнікі»
Празь месяц, 21 верасьня, Лукашэнка і Пуцін зноў сустракаюцца, і зноў у Сочы. Перад пачаткам перамоваў Пуцін казаў, што яму з Лукашэнкам «трэба зьверыць гадзіньнікі па некаторых пытаньнях, асобныя зь іх даўрэгуляваць», згадваў сельскую гаспадарку і энэргетыку.
«Яны (пытаньні) не такія складаныя, хоць зь фінансавага пункту гледжаньня некаторыя цяжкія, бо ўвязаныя вялікія фінансавыя патокі. Тым ня менш іх трэба вырашаць. І многае зроблена для таго, каб вырашыць і ў сельскай гаспадарцы праблемы, і ў нафтагазавай сфэры. Праблем асаблівых з рашэньнем пытаньняў я ня бачу», — выказваўся Лукашэнка падчас сустрэчы.
Перамовы цягнуліся каля шасьці гадзін, але пытаньні падатковага манэўру ў Расеі, цэнаў на газ для Беларусі ня вырашыліся, і «гандлёвыя войны» пасьля гэтага не спыніліся.
Перамовы на «шматку расейскай зямлі»
Уладзімір Пуцін прыехаў у Магілёў 12 кастрычніка падчас Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі. Што канкрэтна абмяркоўвалася на сустрэчы, цалкам засталося за кадрам. Падчас гэтага візыту Лукашэнка звазіў Пуціна на сваю радзіму ў Александрыю, дзе частаваў дранікамі і паіў зь мясцовай Трафімавай крыніцы. Тады ж ён назваў Магілёў «больш расейскім горадам, чым беларускім».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка — Пуціну: «Магілёў больш расейскі, чым беларускі»Спрэчка пра газ — пачатак канфлікту
Самай рэзананснай сустрэчай стала пасяджэньне Вышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады ў Санкт-Пецярбургу 6 сьнежня. Аляксандар Лукашэнка тады ўступіў з Пуціным у публічную дыскусію наконт цэнаў на газ для Беларусі. Сустрэча праходзіла на фоне перамоваў наконт кампэнсацыі стратаў Беларусі ад падатковага манэўра ў Расеі. Праз тую рэформу, паводле афіцыйнага Менску, Беларусь можа страціць да 12 мільярдаў даляраў за некалькі гадоў.
«У вас няправільныя разьлікі, мы маем горшыя ўмовы, чым Нямеччына. Я ўжо гэта не адзін раз казаў, здаецца, ваявалі супраць Нямеччыны разам, а нашыя людзі, якія яшчэ не памерлі, маюць такую сытуацыю. Яны маюць 200 даляраў, а мы 130, таму што туды яшчэ 3000 кілямэтраў пампаваць трэба, таму ў іх і цана такая», — сказаў Лукашэнка Пуціну.
Пасьля гэтай спрэчкі і перамоваў з Пуціным у закрытым рэжыме выказваньні Лукашэнкі наконт ЭАЭС і саюзных адносінаў з Расеяй сталі больш рэзкімі.
«Самае галоўнае, пра што мы дамаўляліся, ствараючы нашу адзіную эканоміку, — што ўсе суб’екты гаспадараньня і нашы людзі будуць мець роўныя ўмовы. Калі такіх роўных умоў няма, то няма і саюзу», — казаў ён па выніках перамоў.
Трэба яшчэ сустрэча
Пасьля каляднай сустрэчы з Пуціным вядома пра адзіны вынік — стварэньне працоўнай групы, якая мае зьняць усе пытаньні, як гандлёвыя, так і наконт нафты і газу. Пра гэта сказаў журналістам у Маскве першы віцэ-прэм’ер і міністар фінансаў Расеі Антон Сілуанаў. У выніку, як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, «дамовіліся правесьці яшчэ адну сустрэчу для прыняцьця рашэньняў, якія ня церпяць адкладу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Коммерсантъ» пра памочніцу Лукашэнкі: «Спадніца, вядома, была караткаватая»