Лукашэнка: паўгода таму Беларусь прапаноўвала Расеі больш цесную інтэграцыю — не згадзіліся

Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, 2017 год

Напярэдадні сустрэчы з Пуціным Лукашэнка абмеркаваў з урадам «Саюзную дзяржаву».

Аляксандар Лукашэнка 24 сьнежня правёў нараду ў пытаньнях супрацы з Расеяй, перадае ягоная прэс-служба. Мяркуючы па фота, на нарадзе прысутнічалі прэм’ер, шэраг міністраў, старшыня Савету рэспублікі і старшыня КДБ, кіраўніца Адміністрацыі прэзыдэнта.

Нарада 24 сьнежня

Паводле Лукашэнкі, «усебаковы характар нашых стасункаў мае сур'ёзнае значэньне ня толькі для Беларусі, але таксама і для Расеі», і гэтыя стасункі будуюцца на «сыстэмнай» і «плянавай» аснове Але ён адзначыў, што рашэньні пра стасункі ў так званай «Саюзнай дзяржаве», прынятыя бакамі, «ня ўсе выконваюцца».

«Ёсьць праграма дзеяньняў, — казаў Лукашэнка пра прынятую паўгода таму праграму «Саюзнай дзяржавы» на 5 гадоў. — Мы доўга да яе рыхтаваліся, вылучылі кожнае пытаньне, ўзгаднілі і прапісалі ўсё, на што здольныя мы і на што здольная была перш за ўсё Расейская Фэдэрацыя. У пляне падрыхтоўкі ў тыя часы многія нашыя прапановы аб больш цеснай інтэграцыі не былі падтрыманыя».

Ужо заўтра, 25 сьнежня Лукашэнка мае сустрэцца ў Маскве з Уладзімірам Пуціным. Сустрэчу пацьвердзіў пакуль толькі беларускі бок. Паводле паведамленьня прэс-службы Лукашэнкі, асаблівая ўвага на сустрэчы будзе нададзеная «рэалізацыі ранейшых дамоўленасьцей у інтэграцыйных фарматах».

На сустрэчы, як раней абяцаў Лукашэнка, галоўным будзе пытаньне расейскага падатковага манэўру і інтэграцыі, «каб не было, што кіраўнік здаў Беларусь за бочку нафты». Але пасьля Лукашэнка дадаў, што сустрэча з Пуціным «можа і не адбыцца».​

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка адказаў на ўльтыматум Мядзьведзева пра аб'яднаньне

Да таго на сустрэчы з расейскімі журналістамі Лукашэнка жорстка адрэагаваў на прапановы расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьведзева аб больш глыбокай інтэграцыі ў рамках так званай Саюзнай дзяржавы (агульных валюты, суду і мытні), а таксама казаў, што шантажаваць Беларусь марна.

Апошні раз Лукашэнка і Пуцін сустракаліся 6 сьнежня ў Санкт-Пецярбургу. Тады Лукашэнка публічна спрачаўся з Пуціным адносна цэнаў на газ.

Сёлета Лукашэнка і Пуцін сустракаліся таксама ў кастрычніку, у верасьні, у жніўні, у ліпені (неафіцыйна), у чэрвені і ў траўні. Пасьля ўсіх гэтых сустрэчаў пра нейкія значныя вынікі ў восьтрых пытаньнях расейска-беларускіх дачыненьняў, як то ў «харчовых войнах» або энэргарэсурсах, не паведамлялася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей адказаў Мядзьведзеву: «Пра незалежнасьць беларусы марылі цягам многіх стагодзьдзяў»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Некаторыя пункты дамовы аб стварэньні Саюзнай дзяржавы немагчыма рэалізаваць — Андрэйчанка
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да адзінай з Расеяй валюты «яшчэ ісьці і ісьці», — Нацбанк Беларусі