Усе праваслаўныя герархі ў Савецкім Саюзе вымушаныя былі супрацоўнічаць з Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі. Пра гэта ў эфіры ўкраінскай службы Радыё Свабода расказаў патрыярх Філарэт.
Інакш, паводле ягоных слоў, сьвятары не маглі паўнавартасна выконваць свае абавязкі, бо іхныя рашэньні ня мелі юрыдычнай сілы.
«Не было ніводнага япіскапа, які ня меў бы кантактаў зь імі. Калі ён ня меў кантактаў, то ён ня быў япіскапам. Таму, калі хтосьці з архіярэяў так скажа, што ён ня меў кантактаў [з КДБ], то гэта значыць, што ён гаворыць няпраўду. Я гэта дакладна ведаю», — сказаў патрыярх.
Як апавёў Філарэт, бяз згоды савецкіх спэцслужбаў герархі не маглі прызначыць ніводнага сьвятара.
«Бяз згоды КДБ ня ставілі ні архіярэяў, ні сьвятароў. Трэба было зь імі ўзгадняць усе прызначэньні. Таму й існавала рэгістрацыя. Указ архіярэя быў нядзейсным, калі няма рэгістрацыі. Таму для таго, каб мець рэгістрацыю, трэба было дамовіцца зь імі, каб яны пагадзіліся на пасьвячэньне таго ці іншага япіскапа і прызначэньне таго ці іншага сьвятара», — расказаў Філарэт.
Аднак нават у такіх умовах, падкрэсьліў Філарэт, яму ўдавалася не парушаць таямніцу споведзі, хоць аднойчы праз такую непаслухмянасьць яму пагражалі расстрэлам. Такая пагроза была ад працаўнікоў спэцслужбаў за адмову даносіць на людзей.
«Ад мяне спачатку патрабавалі, каб я ім адкрываў тое, што мне будуць людзі гаварыць на споведзі. Я сказаў: не, сьвятар павінен захоўваць таямніцу споведзі. Тады ён дастае пісталет, кладзе на стол і кажа: мы можам вас расстраляць. Я яму на гэта сказаў: можаце расстраляць мяне, але для мяне ня мае значэньня, памру я зараз, вы мяне расстраляеце, ці я дажыву да глыбокай старасьці, а выконваць гэтыя вашыя ўмовы ня буду», — апавёў Філарэт.
Філарэт дадаў, што пасьля гэтага выпадку перасьлед яго прыпыніўся, але кантактаваць з КДБ усё адно даводзілася.
«Але царква прайшла гэты пэрыяд і перамагла», — падсумаваў ён.
20 сьнежня ў засакрэчаных дакумэнтах КГБ Латвійскай ССР, якія цяпер сталі даступнымі, знайшлі імя кіраўніка Латвійскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату мітрапаліта Аляксандра (Кудрашова). Цяпер ён узначальвае Латвійскую праваслаўную царкву Маскоўскага патрыярхату.
З архіўнай карткі вынікае, што сьвятар быў завэрбаваны ў 1982 годзе Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі Латвійскай ССР. Ён атрымаў мянушку «Чытач».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парашэнка падпісаў закон аб перайменаваньні Ўкраінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пісьменьніка з Рыгі знайшлі ў картатэцы КДБ. Ён прызнаўся і пакаяўся. Хто там яшчэ?