Невядомыя, прыкрыўшыся імем дэпутата Эўрапейскага парлямэнта, спрабавалі ў размове справакаваць прадстаяцеля Праваслаўнай царквы Ўкраіны, мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Ўкраіны Эпіфанія. Аб гэтым паведамляецца на старонцы Праваслаўнай царквы Ўкраіны ў Фэйсбуку.
Адказнасьць за правакацыю ў новай Праваслаўнай царкве Ўкраіны ўсклалі на «крамлёўскія спэцслужбы»:
«На працягу мінулых дзён мітрапаліт Эпіфаній атрымаў шмат віншаваньняў, у тым ліку па тэлефоне. Скарыстаўшыся гэтым расейскія спэцслужбы праз так званых „пранкераў“ (асоб, якія ў тэлефоннай размове выдаюць сябе за іншага) паспрабавалі зрабіць інфармацыйную правакацыю», — гаворыцца ў паведамленьні.
21 сьнежня быў ажыцьцёўлены званок нібыта ад імя Дэвіда Макалістэра, старшыні Камітэту замежных спраў Эўрапейскага парлямэнту. Паступова падчас размовы сталі задавацца правакацыйныя пытаньні, у прыватнасьці, аб «захопе Ляўры», пра падтрымку тых ці іншых кандыдатаў на выбарах, аб адносінах да «правоў гомасэксуалістаў» і т. п., адзначылі ў ПЦУ.
«Мітрапаліт Эпіфаній выказваў тыя самыя думкі, як і ва ўсіх публічных выступах: Украінская царква выступае супраць гвалту і распальваньня варожасьці, яна адкрытая да дыялёгу; ніякага „захопу Ляўры“ ня можа быць, а размовы пра „захоп“ маюць на мэце распаўсюджваньне напружаньня ў грамадзтве. Царква прытрымліваецца біблейскай пазыцыі, вызначаючы аднаполыя адносіны як грэх, і гэта меркаваньне падзяляе большасьць украінскага грамадзтва. Таксама Царква ня ўмешваецца ў палітычны працэс і ня ўказвае сваім вернікам, якіх кандыдатаў ці партыю варта падтрымліваць», — заявілі ў ПЦУ.
На працягу размовы ў мітрапаліта Эпіфанія зьявілася адчуваньне, што гэта правакацыя, таму ён завяршыў яе, гаворыцца далей ў паведамленьні.
«Раней падобныя правакацыі, арганізаваныя расейскімі спэцслужбамі, адбываліся неаднаразова. Па вопыце вядома, не атрымаўшы нейкіх выгадных для сябе адказаў падчас размовы, правакатары ажыцьцяўляюць мантаж запісу, кампануючы асобныя словы і фразы. Таму ў выпадку, калі ў мэдыях зьявяцца нейкія фрагмэнты размовы, аўдыторыя павінна ўлічваць гэтыя чыньнікі і не давяраць ім», — дадалі ў прадстаўніцтве кіраўніка Праваслаўнай царквы Ўкраіны.